- Дурніца! Не прызнаешся, дык скуль яна будзе ведаць?
- Дазнаецца! Заб'е! Абязвечыць!
- Не раві! Лепей пра калгаснае думай. Як, скажам, яравыя пасеяць, - лежачы на льняных мяшках, зусім сур'ёзна параіў Аляксей Хамутовіч.
- Я ж і думаю. Трактарысткаю хачу стаць. Як Ніна і Яня.
- Ніна і Яня! Ад іх жа за вярсту саляркай патыхае.
- Ляксей, ты мяне не кінеш? Не ўцячэш да сваёй Агаты? - павесялела трошкі Ядзюня, вызваляючы босыя ногі з пахучага сыпкага жыта.
- Што яшчэ за Агата?
- Тая самая, ад якой ты скакаў на выязным, калі на Абуховічавай сажалцы затоўк бабра.
- Патрэбна мне старая тоўстая качулка! - буркнуў незадаволена Аляксей Хамутовіч, мацаючы вакол сябе, каб падняцца.
- Не кінеш? Ты мне праўду скажы.
- Не кіну, не кіну! Уставай, аднак. Час ужо і гонар мець.
Усё ж маркотна і сумна, калі дзівосная казка мае такі невясёлы канец. Трэба падымацца і шукаць упоцемках туфлі, якія ў час Ядзюнінага палёту цераз дашчаную перагародку зваліліся з ног і ўпалі невядома дзе. Вопытны спакуснік і на гэты раз далікатна падставіў хамаватыя рукі, а недарагія сельпоўскія туфлі, прысыпаныя збожжам, ляжалі ў куце застаронка. Зноў рыпнула створка варот, замок уладна перахліснуў дужкай жалезны прабой, нервова скрыгатнуў ключ.
Дажджавая хмара ўжо не вісіць над гумном, неба прачысцілася, агаліўшы буйныя малінавыя зоркі, і толькі за цёмным лесам гарызонт час ад часу яшчэ ўспорваюць апошнія палахлівыя зарніцы. Вераб'іная ноч бязлітасна адступае, за Горскай палоска зары густа і сакавіта акроплена чырвонай расой. Амур і Пярун, зрабіўшы сваю звыклую справу, дзесьці ў крыштальных палатах спяць сном праведнікаў, а тут на грэшнай і сырой зямлі ўпобачкі кладуцца дзве пары слядоў: ад Гаўрылавага гумна да мастка, ад мастка ў Капцы, і там, у мокрым ляшчынніку, разбягаюцца - і аднаму, і другому перад тым, як заняцца будзённымі чалавечымі клопатамі, трэба хоць на момант змружыць стомленыя, здзічэлыя вочы.
- Бывай, Ляксей!
- Бывай, рыжая!
У навальнічную ноч нічога трагічнага і страшнага, вядома, не адбылося: проста хлопец пакахаў дзяўчыну, проста на раскіслай зямлі засталіся адбіткі іхніх слядоў. Але менавіта пасля гэтай ночы ці адзін дапытлівы чалавек у Малым Сяле сур'ёзна задумаўся над яшчэ адной, здавалася б, невырашальнай таямніцай. Ледзь толькі сонца выкацілася з-за лесу, на прыгуменне, робячы ранішні шпацыр па сваіх уладаннях, прытупаў Гаўрыла Трафімчык. Каля падваротні ён убачыў свежыя сляды і адразу скеміў: побач ішлі сталы бугай у вялізных ботах і маладая козачка ў лёгкіх туфліках. Стары віж пастаяў яшчэ, пачухаў пераноссе і зрабіў нечакана практычную выснову: «Ат, знайшлі дзе хавацца. Гумно спаляць, халернікі!» Потым, трошкі счакаўшы, па зернефураж для свінафермы на фурманцы пад'ехаў разважлівы і паважны кладаўшчык Мікалай Гіляр. Гэты таксама ззорыў непарадак: тыя ж самыя сляды, павернуты бокам замок, разбэрсаныя ў застаронку мяшкі, і хоць ён ведаў, што запасны ключ ад гумна ёсць у старшыні калгаса, відавочнае чужое ўмяшанне ў яго гаспадарскія справы асэнсаваць так і не змог. Нахмурыўшыся, Мікалай Гіляр моўчкі адмераў колькі трэба фуражнага збожжа, ускінуў мяшкі на воз і паехаў, глыбока задуманы і растрывожаны.
Але, бадай што, самая вялікая загадка вераб'інай ночы выпала на долю Фядоры Чыркун. Раніцай, збіраючыся на працу, дачка выставіла на ганак свае адсырэлыя туфлі, каб да вечара іх добра прасушылі сонца і вецер. Бясконца маўклівая і зажураная, Ядзюня нават не заўважыла, што з дапамогай Аляксея Хамутовіча бессаромна абакрала маласельскі калгас: да мокрых вусцілак прыліпла немалая жменька арцельнага жыта, і, калі маладая гаспадыня сышла з двара, далікатэсную спажыву нейкім чынам абнюхала вечна галодная курыная плойма. Ускочыўшы на ганак, чубаткі пачалі біцца за кожнае з'едзенае зярнятка, і іхняя залішняя прагнасць не спадабалася байцоўскаму пеўню: магутнымі выспяткамі цыбатых ног дваравы валацуга разагнаў свой пражэрлівы гарэм і сам да апошняга каліўца здзёўб дармавое збожжа. Гледзячы збоку на курыны вэрхал, Фядора Чыркун міжволі задумалася: яшчэ не сеялі, не жалі, адкуль жа ў туфлі насыпалася столькі жыта? Вечарам пра гэтую таямніцу яна збіралася папытаць у Ядзюні, але дзень пасля начной непагадзі выдаўся цёплы і сонечны - самы час заняцца агародніцтвам. Перад вокнамі хаты, на прыгрэве, Фядора ўскапала дзве грады, пасадзіла цыбулю, пасеяла раннюю салату і радыску, а калі надвячоркам з цагельні вярнулася Ядзюня, то, стомленая ад рыдлёўкі, ужо і забыла, што хацела даведацца ў дачкі. Ядзюня, як заўсёды, прычапурылася перад люстэркам, нешта ўхапіла на зуб і, гнаная маладым інтарэсам, дала драла з хаты.
Читать дальше