Вядома, гэта бяда, калі ў чыімсьці гумне развядзецца процьма ненавісных мышэй, але для Ядзюні надоўга застанецца таямніцай, чаму ў імгненні яе найвышэйшай палахлівасці Аляксей Хамутовіч не выдыхнуў ёй проста ў твар: «Ах, мая красуня, каб ты толькі знала, які я блудлівы і памаўзлівы кот!» Спачатку Ядзюня нават не зразумела, па чыёй віне яе ногі раптам адарваліся ад тупкага глінянага тока і бездапаможна завіслі ў паветры, а калі зразумела і скурай адчула чужую вар'яцкую сілу, то, пераляцеўшы матыльком цераз высокую дашчаную перагародку, апынулася ўжо ў галевым застаронку, на кучы пахучага леташняга жыта. Ёй было брыдка і сорамна, але, няхай бачаць людзі, яна так напалохалася паскудных мышэй, што, бадай нічога не помнячы, цалкам, без аглядкі аддалася на разарванне дужым рукам свайго выратоўцы і свайго мучыцеля.
Жыта ў застаронку, не адзін раз прапушчанае цераз арфу, ачышчанае ад спарынні і галаўні, млосна, аж да кружэння ў вачах пахла маладой рошчынай, кіслым цестам, свежаспечаным хлебам. Кладаўшчык Мікалай Гіляр, відаць, рыхтаваўся да нейкіх чарговых збожжапаставак, таму што прадбачліва кінуў у засек з дзесятак пустых мяшкоў, і, ледзь дакрануўшыся да іх, Ядзюня спінай адчула, што гэта надта добрыя - чыстыя і мяккія - ільняныя мяшкі. Яна ўжо не слухала ляскання грому над гумном, не бачыла бляску маланак праз шчыліны ў сценах, у яе проста не было нават лішняй секунды на разважанні - ці супраціўляцца навале, ці скарыцца ёй, аддацца на волю лёсу. І ўжо зусім дзіўна: у гэты самы шчымлівы момант нечакана прашапталіся абрыўкі даўняй, калісьці пачутай ад маці дзявочай прысушкі: «Лягу я, раб божы, памаліўшыся, устану я, благаславіўшыся, пайду я, перахрысціўшыся, пайду з варот у вароты, выйду я ў чыстае поле, у зялёнае жыта. Як сонца краснае зазіяла, прыпякае чорныя гразі, імхі і балоты, так і ты, раб божы - Ляксей, прыбягай, прысыхай ка мне, рабе божай Ядзюні, вочы ў вочы, а сэрца ў сэрца. Вы ж, ангелы-архангелы, прыляціце, мой страх, мой боль і журбу забярыце».
Як ведаць, ці дасць хоць на кроплю якой карысці няхітрая, блытаная прысушка, але і на самай справе раба божая Ядзюня спачатку малілася, потым прасілася, потым падраненай птушкай затрапяталася ад пакуты і шчасця ды нарэшце змаглася, супакоілася, пакорліва зрадніўшыся з тым, што яшчэ хвіліну назад здавалася недасягальнай дзявочай марай і што цяпер было блізенька-блізка, чулася ў ёй самой, жыло нахабна і свавольна ў яе маладым і здаровым целе.
Ангелы-архангелы ўсё ж, мабыць, прыляталі - забралі ў Ядзюні яе страх, яе боль і журбу, панеслі кудысьці далёка, на глухія лясы, на гнілыя брады, на жураўліныя балоты. І адразу, нібы па боскім хаценні, не стала ні агіды, ні сораму, а яшчэ трошкі пазней, калі грэшнае, раздзеленае на дваіх каханне ўпівалася асалодай і было ўжо на сёмым небе ад шчасця, здарылася і зусім штосьці неверагоднае: раптам шырока расступіліся сцены гумна, сарвалася з сохаў і паплыла ўдалеч саламяная страха, і там, дзе толькі што шумеў праліўны дождж, позірку адкрылася бяскрайняе зялёнае поле. Аксамітавая рунь на ім буйнее, падрастае проста ўвачавідкі - то як схавацца вароне, то чалавеку да пояса, то і вершнік ужо з галавой патанае ў густой і высокай збажыне. Жыта тут жа закрасавала, цёплы, пяшчотны ветрык абтрос жоўты пылок, асцюкаватыя каласы імгненна схіліліся долу пад цяжарам даспелых зярнят. Сонца, лагода і - векавечны атрыбут жытнёвага поля: валошкі на мяжы, плач перапёлкі, сярэбраны званочак жаўрука. У чароўным маласельскім пейзажы ёсць, аднак, і характэрны штрых сучасных дзён - чарнагрывы Вараны і на ім малады калгасны старшыня Аляксей Хамутовіч.
Ранняю зарой не сурочыць бы гаспадара зямлі, добраю парой уберагчы б малойцу ад нагавору і злога прыстрэку - ён працуе, ён шчыруе, ён да бяспамяцтва, да самазабыцця клапоціцца, каб з тугіх каласоў дачасна не абсыпалася ядранае зерне, каб пасля першага снапа былі і вясёлыя, шчаслівыя дажынкі. Бяскрайняя ніва, сіняя смуга на даляглядзе, укормлены жарабец пасярод жыта - усё гэта было падобна на казку, але нават самая цудоўная казка калі-небудзь канчаецца. Дзіўнае, салодкае мроіва пачало знікаць у дрыготкай цемры, жыццё набыло рэальныя абрысы, на сваё месца вярнуліся дзіравыя сцены гумна, следам, плаўна лёгшы на дубовыя сохі, апусцілася з неба саламяная страха. Ціха, ні шолаху, ні гуку. Уверсе не шастаюць крыламі дзікія галубы і пачварныя начніцы, унізе не пішчаць па закутках агідныя палявыя мышы.
- Ой, Ляксей! Што мне мама скажа? Скалечыць, валасы павыдзірае, - супакойваючыся пасля перажытага, захліпала носам Ядзюня.
Читать дальше