Ванькавы штукарствы, мабыць, і пачаліся з таго, што пад час вячэрніх кінасеансаў ён цішком адчыняў акно ў меншай палавіне хаты і цераз запечак перапраўляў у святліцу сваіх небагатых хаўруснікаў. Кіншчык, не здагадваючыся пра падман, толькі дзівіўся, чаму гледачоў кожны раз намнога больш, чым прададзеных білетаў, але пра патайны лаз, вядома, не падумаў. Ванька Заяц апантана любіў родную хату, калі на белым экране, пачэпленым у прамежку паміж вокнамі, гарцавалі нейкія разадзетыя і ўкормленыя чэрці, да ачмурэння любіў ён сваё жытло і тады, калі на покуці бясконца рыпаў гармонік і звонка бразгалі медныя талеркі бубна, а размораныя духатой хлопцы і дзяўчаты тупацелі так, што трэсліся кроквы і сцены хадзілі хадуном. Калі гулякаў у хаце набівалася вялікая процьма, смаркаты гаспадар ціскаўся сярод узмакрэлых стварэнняў у спадніцах і ўпотай то адной, то другой сыпаў за каўняры сукняў, жакетаў, сачыкаў варсістыя зярняткі шыпшыны. Потым, седзячы на лаўцы каля печы, яму надта цікава было назіраць за паводзінамі сваіх ахвяр.
Вясёлыя паскакухі, адчуўшы на спіне нечуваны сверб і козыт, вопрамеццю вырываліся з круга танцораў, шыліся ў цішэйшыя куткі, але і там, у паўзмроку, не тое што пачухацца - баяліся нават варухнуцца: яшчэ, крый Божа, падумаюць, што іх, так хораша прыбраных і чысценька памытых, шатруюць вошы. Да раніцы, калі скончацца скокі, было яшчэ далёка, сверб тым часам рабіўся невыносным, і бедныя маласельскія панны цішком ды трушком вымяталіся з хаты, каб дзесьці ў завуголлі вытрусіць з вопраткі пякучае насенне і потым, як бы нічога і не здарылася, вярнуцца пад усёмагутную ўладу ахрыплага гармоніка і раскаціста-грымотнага бубна.
Кідаць свой цікавы і дужа захапляючы занятак баламут Ванька не збіраўся, тым болей што ў ваколіцах Малога Сяла шыпшына расце суцэльнымі параснікамі, і, на бяду дзяўчатам, плады з гэтага калючага і куслівага хмызу не асыпаюцца нават лютай зімою, ярка, сакавіта рдзеючы на фоне снежнай белізны. Аднак гульня з дзявочымі каўнярамі любому падалася б пустой дзіцячай забавай у параўнанні з тым, што адбылося пазней. Чарнявы прыгажун Барыс, ён жа гарманіст, ён жа сын Марціна Палазка, са свайго кутка, дзе выцінаў жаласлівыя «Саратаўскія прыпеўкі», аднойчы згледзеў, як Ванька «паказытаў» яго залётніцу Анюту Сэлькаву, і, калі тая борздзенька шмыгнула на двор, слушна падумаў: яму, ці не першаму вясковаму дэбашыру, выгадавалася вартая замена. Барыс, трохі счакаўшы, вывеў ахламона ў сенцы, і гарэць бы хлапечым вушам ружовым шыпшынавым цветам, калі б у кішэні гарманіста не зашамацеў папяровы кулёк з тоўчаным чырвоным перцам. Стары дэбашыр дараваў малалетняму шэльме за Анюту, але загадаў зараз жа, неадкладна вярнуцца ў хату і тайком, каб ніхто не бачыў, рассыпаць перац па падлозе. Зусім не цямячы, навошта псаваць надта смакотную прыправу да варанай капусты, буракоў, а іншы раз і да мяса, Ванька ўсё зрабіў так, як яму было і загадана, сам жа з асцярогай, хаця б чаго не выйшла, збоку пачаў назіраць, што будзе далей: спадабаецца танцорам вострая «прыправа» да музыкі ці не спадабаецца?
У хаце амаль без пярэдыху захліпаўся гармонік, лупіў бубен, звінелі медныя талеркі, а шыракароты бэйбус з жахам і здзіўленнем талопіўся на хлопцаў і дзяўчат, якія вар'яцелі проста ўвачавідкі. Танец за танцам: полька, кадрыля, кракавяк, падыспань, тэмп скокаў усё жвавейшы, усё рухавейшы. Вось ужо і пыл з-пад дзесяткаў ног падняўся да столі - пыл каромыслам, пыл слупом, мацней затрэсліся сцены, званчэй забрынчалі шыбы. Ад пылу ўжо зусім не прадыхнуць: ён залазіў у кожную складку цела, казытаў у ноздрах, нават Ванька чхнуў і раз, і два, і тры. Ён, зусім не наіўны падлетак, канечне, здагадаўся, што гэтае вар'яцтва ад чырвонага перцу, і таму разгублена лыпаў вачыма на Барыса Палазка, які ў сваім куце, быццам і не лысы, шалёна перабіраў лады і басы старэнькага гармоніка.
О Божа, як жа спадабалася маладзіцам скакаць у суцэльным бедламе, пыле і дыме ад хлапцоўскіх цыгарак! З тлумнага круга хоць бы на які міг не выбеглі славутыя трактарысткі Яня і Ніна. Адна расчырванелая, як памідорына, віхляючы таўсматым азадкам і трасучы рукамі, пачала на пятках вырабляць такія цікавыя выкрутасы, што хлопцы ажно ахнулі ад захаплення. Другая, трошкі танчэйшая станам, умольна круцячы млявымі, бессаромнымі вачыма, ашчаперыла кавалера за шыю, проста павісла на ім - ці то ад шчасця, ці то сапраўды абамлела. Нават ціхая, спакойная, заўсёды ўраўнаважаная Анюта Сэлькава скоса зыркнула на свайго чорнавалосага гарманіста, нервова ўзмахнула касынкай і пайшла, і пайшла па крузе то з падскокам, то з прытопам, ды з частушачкай, ды з прыпевачкай:
Читать дальше