Добрае надвор'е, калі з неба не льецца за каўнер, у такі цудоўны казачны вечар цэніцца моладдзю вышэй за ўсё на свеце. Можна да раніцы вадзіць карагоды, варажыць, скакаць цераз агонь, хоць для Ванькі Зайца ў гэтым старадаўнім абрадзе сёння ёсць вялікая рызыка: вельмі ж лёгка ўпасці ў вогнішча і сасмажыцца, як той баран на пожагу. Прынесці ў ахвяру нейкаму святому Яну сваё маладое цела хлопцу не дужа падабаецца, і ён, незаўважна пахістваючыся, стаіць наводдаль ад трапяткога полымя, тым болей што ў такім разбэшчаным выглядзе зусім непрыстойна паказацца на вочы Ядзюні. Збышаку, дык таму і мора па калена: піжон пакруціўся каля Манькі Тадорчынай, шчыпануў за бачок Лёдзю Гаўрылаву, а то падлабуньваецца ўжо і да Ядзюні. Скончылася гэтае яго піжонства тым, што разлютаваная Ядзюня на стрыжаны пад нулёўку дурнаваты макацёр з размаху насадзіла прыгожы вянок з лугавых і палявых красак.
Смех, жарты, рогат. Моладзі хочацца скакаць, весяліцца, моладзі хочацца шалець, драць песнямі горла, але вокамгненная да засмучэння, кароткая, як заечы хвосцік, купальская ночка: вось неўзабаве малінавым сокам акропіцца ўсход, паблякнуць зоркі, над сажалкай паплыве туман, закрумкаюць у аеры жабы. Апала зіхоткае полымя вогнішча, толькі пасярэдзіне датляваюць рэшткі хлуду, вуголле ўвачавідкі зацягваецца шэрай попельнай плёнкай. Хлопцы і дзяўчаты нехаця разбрыдаюцца па дамах, нехта тэпае ў гордай адзіноце, некага вядуць пад ручку, а часцей - гуртам, купкамі, з рогатам і песнямі. Схамянуўшыся, яшчэ не працверазелы як след, Ванька Заяц дагнаў Ядзюню ўжо на мосціку цераз гнілую канаву - рыжоцце пачула ззаду тупат хромавых ботаў, павярнула на шум галаву.
- Не хадзі, Ванька, за мной! Ты п'яны як гразь.
- Ахалонься, Ядзюня! Усяго ж лыжак дзесяць і сербануў.
- Што, што? Дзесяць лыжак?
- Але, дзесяць.
- Ну і дурань! Хто ж гарэлку лыжкай сёрбае?
Стоп, Ванька, - дагаварыўся! Ледзь не выбалбатаў Фядорынаму рыжаму шчасцю вялікі сакрэт, ледзь не ляпнуў ёй пра міску з хмельнай цурой - вось дурань, дык дурань. Яны ўжо моўчкі падымаліся на Горскую, а наўсцяж палявога прасёлка востра, да ачмурэння, пахла маладым лубінам. У перадсвітальным мроіве расліны яшчэ добра не відаць, але Ванька ведаў, што гэта пахне менавіта жоўты лубін - сам жа сеяў увесну. Прасёлак, як толькі скончыўся калгасны засевак, раздзяліўся на некалькі атожылкаў, і адзін з іх, агінаючы Капцы, павярнуў да Ядзюнінай хаты. Паўз мокры ад расы ляшчыннік ганарліўка ідзе высока задзёршы галаву, на нехлямяжага кавалера нават не гляне, слоўца не мовіць.
І тут п'янаватага Ваньку, як іголка, працяла, сцехануўшы, крамольная думка: «Куй, хлопец, жалеза, пакуль гарачае». Пэўна ж, кожная ляшчына ў Капцах прыме іх, маладых і неаблётаных, прытуліць, павартуе іх млосць і бяспамяцтва, а для гэтага нейкім чынам у кусты трэба завабіць Фядорына ганарлівае стварэнне. Да нечуванага нахабства, здаецца, схіляе і сама прырода: цішыня, лагода, у ляшчынніку пачынаюць цёхкаць салаўі. Ядзюня, мусіць, нутром адчула нешта нядобрае - прыбавіла кроку, потым пабегла, потым паджгала так, што патэнцыяльны гвалтаўнік застаўся далёка позаду.
Ён усё ж паспеў уляцець на Фядорын панадворак, але перад самым носам бразнула клямка, стукнула зашчапка, і ўжо адтуль, з сянец, пачулася сярдзітая дзявочая водпаведзь:
- П'яніца, латруга! Чаго прыпёрся? Хвігу табе з макам, а не Ядзюню!
- Я так і думаў. Хахаль Ляксей Хамутовіч, відаць, даражэйшы.
- Даражэйшы ці не, але не табе раўня.
- Глядзі, каб не плакала як бабрыха.
- Не пужай, бо пужаная!
Чырвоны пасля перапою, а яшчэ больш ад знявагі і сораму, Ванька паплёўся з Ядзюнінага двара. Потым ён аніяк не мог успомніць, як апынуўся каля Імшэчка, у высокім, да пояса, папаратніку. Блытаючыся ў жоўтым арляку і зеленаватым вужоўніку, якімі густа зарос узлесак, бедачына раптам спатыкнуўся, упаў у расу, а калі падняўся, то ўбачыў каля ног скрутак тонкага драцянога троса. Гэты трос мог згубіць ён сам, калі дзесьці паблізу вясною рабіў тэхдогляд свайму «націку», а мог згубіць і любы іншы, не дужа акуратны трактарыст. Іржавы скрутак дроту цяпер Ванька трымаў у руцэ, і не быў бы ён аблудным сынам аблуднага бацькі, калі б у галаве вокамгненна не з'явіўся д'ябальскі, чыста ідыёцкі план. Ён ужо ведаў, як распарадзіцца, як найлепшым чынам спатрэбіць нечаканую знаходку.
- Паплачаш, рыжоцце, па сваім хахалі!
Для Ванькі, зрэшты, як і для многіх маласельцаў, даўно ўжо не было сакрэтам, што на прастольныя святы ахвотнік папіць і смачна паесці Аляксей Хамутовіч бавіць ночы ў пухнатай Агаты Валасюк, і вось зараз, пакуль яшчэ трымаецца прыцемак, Вараны з чыноўным залётнікам у сядле вакольным шляхам, каб не ўбачылі чужыя вочы, зрабіўшы ад Кудахі добрага кругаля, павінен прамчацца паўз Імшэчак. Па ранейшых конскіх слядах з другога боку ляснога балотца мсцівец лёгка вызначыў, кудой будзе скакаць Вараны, і невысока - каню да калена - перагарадзіў вузкую дарожку сталёвым тросам, туга завязаўшы канцы на камлях маладых хваінак. Ванька Заяц зрабіў сваю чорную справу і, пацепваючыся ад стылага паветра, рушыў прэч. Услед яму ці то гнеўна, ці то спачувальна штосьці прашапталі старыя хвоі: на Купалле, калі верыць легендам, і звер, і птушка, і кожнае дрэва набываюць дар мовы.
Читать дальше