ВІКТАР ГАРДЗЕЙ
ШАЛАПУТ НА ГАСПАДАРЦЫ
Урывак з трылогіі «Аселіца ў басейне Чорнага мора»
На базар у мястэчка маласельцы [1] Маласельцы — насельнікі вёскі Малое Сяло, у якой адбываюцца падзеі трылогіі.
выпраўляюцца зазвычай на цямочку, калі толькі пачне сачыцца чырванню ўсходні край неба, бо са сваім няхітрым пажыткам: рабою курыцай пад пахай, галкай масла і якімісьці трыма дзесяткамі яец у кошыку, трэба паспець на базарны пляц загадзя, пакуль там не віруюць натоўпы цікаўных і безграшовых местачкоўцаў. Дарога ж няблізкая — вёрст пятнаццаць, ды ўсё сухадоламі, балотцамі, і толькі перад самымі Ганцавічамі сцяжына выведзе на грунтавы наезджаны тракт. Дзед Сцяпан павёз на продаж падгладжанага асенчука [2] Асенчук — тут: парася, якое нарадзілася ўвосень.
, укінуўшы яго на салому ў задок воза, то і выбраўся з дому яшчэ раней — пеўні не спявалі. Збоку ў палукашыку прымасцілася баба Марка: будзе ў мястэчку крычма расхвальваць лычаваты твар ды лічыць кіпы грошай, чаго, на яе думку, вусаты недарэка не ўмее рабіць. Дзеля такога ўрачыстага выпадку, як выезд у вялікі свет, яна апранула свае лепшыя строі: квяцістую кофту, рыжую саржавую спадніцу, стракатую турэцкую хустку. Не баба, а царэўна, тым болей, што і на кіпцюрастыя ногі ў яе знайшліся ў куфры зусім прыстойныя сандалеты. Прыбраная, як на вяселле, баба Марка, аднак, і тут паказала круты нораў — перад ад'ездам успарола Вінаградава [3] Вінаградаў — мянушка галоўнага героя Васіля.
з ложка і хоць набурчэлася ўдосталь.
— Гультай! Бяртош! [4] Бяртош — тут: нягоднік.
Мы вунь паршука вязем прадаваць, каб якога корту [5] Корт — баваўняная тканіна для рабочага і спартыўнага адзення.
набраць ды гультаю лыткі прыкрыць, а ён, бачыш ты, разлёгся і дрыхне сабе, як пан. Падымайся, лежань! Карову я падаіла, табе адно застанецца ў стаду загнаць. Потым у печы прапрышчыш — трэба свіное даварыць. Хочаш, дык і аладак спячы — цеста ў дзежачцы стаіць. Потым курэй пакорміш, бо не будуць несціся, потым прыгаршчы жыта змелеш — у падсітку на шкапчыку знойдзеш. Ды не забывай, раскол, гэтую погань з агуркоў зырыць, ды паршукам зелле рві акуратна. Удзень жа Міхаліну гукні — хай карову падоіць.
— На воўка мне Міхаліна! — абурыўся разаспаны Вінаградаў, хаваючыся глыбей пад коўдру.— Хіба я ўломак які? Карову я не падаю? Вы мне казу дайце, то я і казу падаю!
— Вырабіцца ў трэску — таквеле [6] Таквёле — тут: столькі.
хлопцу клопату,— шкадобліва сказаў дзед Сцяпан, мацаючыся прыцемкам у дзвярах.
— Не зблажае за дзень! Болей турботы — менш пакасці вытварыць,— сярдзіта сказала баба Марка, бразгаючы клямкай.
Пад цёмнымі вязамі зарыпелі гужы, дзвынкнулі атосы, заляскацелі колы — двухжыльны дзедаў Жук лёгка выхапіў фурманку на сярэдзіну вуліцы, і неўзабаве стук конскіх капытоў заціх наводдаль. У вокнах яшчэ сініцца начны змрок, у верхняй шыбцы паблісквае над садком ступлены рог маладзіка, але спаць ужо не хочацца — ноч патрывожана, сон перабіты. Ды раніца бярэ сваё. На седале нема залямантаваў сонны певень, загрымеў бодняй аб сценку зруба калодзежны журавель: якаясьці гультайка не азапасілася нанач вадою. Малое Сяло прачынаецца. Дзесьці паблізу, у Крыжах, зарыкала карова, замэкалі авечкі, са свістам ляснула пастухова пуга. Вінаградаў борзда падхапіўся з ложка, загнаў Чарнушку ў статак і, па сцюдзёнай расе вяртаючыся назад, у брамцы пад вязам міжволі спыніўся зачараваны казачнымі малюнкамі пагодлівай, сядравай раніцы.
Удалечыні, за Горскай, узыходзіла сонца. Вузкая палоска неба там ярка барвавела, і вось імклівыя, як стрэлы, промні спачатку пазалацілі макаўкі векавых дубоў і старых дзічак на схілах узвышша, потым сляпуча пырснулі ў лагчыну, акрапілі вільготнай чырванню руды алешнік наўсцяж канавы. Не верачы ці то вокамгненным пераўвасабленням прыроды, ці то нявінным забавам сваёй уласнай фантазіі, Вінаградаў ажно затаіў дыханне. З варухлівых клубоў касмыкаватага волглага туману раптам узнік, быццам лятучы прывід, знаёмы ўжо нам беласнежны паруснік. За высокаю сцяной канопляў самога судна не было відаць, пасярод аселіцы плылі толькі велічна раскрыленыя ветразі, туга напятыя ранішняй свежасцю. Дзівосны карабель на хаду абмакнуўся станьгамі [7] Станьга — мачта.
ў густую чырвань неба, беласнежная парусіна ўвачавідкі пачала сачыцца, ацякаць пунсовым колерам, ад чаго незвычайнае відовішча нараджэння новага дня стала яшчэ больш прыгожым і чароўным. Між тым лятучы паруснік па роўнядзі плёса наблізіўся да грэблі, ткнуўся носам у бярвенні моста, і пунсовыя ветразі затрапяталі, хіснуліся, заваліліся набок і зусім прапалі з вачэй. Караблекрушэнне! Бог мой, а чаго лепшага можна было чакаць, калі за штурвалам таямнічага карабля, як і ў мінулы раз, напэўна, стаяла няўдаліца Міхаліна, якая і сваёй уласнай сківіцы сама не можа даць рады.
Читать дальше