Дзіўна, але іменна гэтага і хацеў Вінаградаў — караблекрушэння! Цяпер ён не проста жыхар Малога Сяла, не проста часовы гаспадар на чужым котлішчы [8] Котлішча — месца жыхарства, сядзіба.
— ён мужны і адважны мараход, які цудам, як і вядомы вам Рабінзон Круза, выратаваўся ў час буры, выплыўшы пад зялёны кучаравы вяз з разбітага ўшчэнт парусніка. Сяму-таму будзе, канечне, смешна, такога бедства з Вінаградавым увогуле не магло здарыцца, але нейкую падобную прыгоду з ім усё ж можна ўявіць, з чаго лагічна вынікае, што і трапіў ён зусім не на дзедаву сялібу, а на бязлюдны, ненаселены востраў. Стаць ахвярай караблекрушэння Вінаградаў пажадаў сам, ды вось цікава: якою пільнай справай найперш заняўся б той, сапраўдны, Рабінзон, калі б ён пасля трывожнай ночы апынуўея ў Малым Сяле? Думаеце, ён кінуўся б парадкаваць сваю гаспадарку ды падлічваць мізэрныя запасы харчу? Не, ён як чалавек практычны хутчэй пабег бы ў хату пячы на зыркім агні пульхныя пшанічныя аладкі!
Не такая ўжо і складаная навука — арудаваць абсмаленай чапялой і драўляным апалонікам перад вогненным зевам печы, тым больш, што ёсць і гатовае цеста ў дзежачцы, і дровы сухія, бы порах. Глядзець збоку, як яны гараць, і то любата. Дрыготкія языкі полымя салыпаюць [9] Салыпаць — мільгаць, трымцець.
, аблізваюць нізкае скляпенне [10] Скляпенне — дугападобнае перакрыцце.
чалеснікаў [11] Чалеснікі — адтуліна ў печы.
, а там, у глыбі зева, бліжэй да кладкі дроў, на цагліне, пастаўленай рубам, ужо разаграецца чыгунная патэльня. Адзін узмах чапялой, і яна бразь на прыпек. Цяпер у ход пайшла подмазка — звычайны шматок свінога здору, загорнуты ў суконны акравачак, каб знячэўку не папячы пальцы. Подмазка шыпіць, сквірчыць, пішчыць, але сваю справу робіць досыць умела: дно патэльні шчодра паквэцана растопленым тлушчам. Цяпер клопат апалоніку, які, будучы лёгкім на пад'ём, нецярпліва вытыркваецца дзяржальнам з асінавай дзежачкі. Цеста — раз! Цеста — два! Цяпер яго трэба распусціць тонкім і роўным слоем па ўсёй патэльні, а грувасткую патэльню сунуць пад полымя, у самы зыр. Увачавідкі цеста пачынае пухкаць, падымацца, брацца пухірамі і, зноў жа, трэба ўлавіць момант, калі печыва заружовіцца, каб выхапіць з агню і перавярнуць на другі бок. Вось нарэшце! Ружовы, нічуць не падгарэлы пухнацік, апякаючы Вінаградаву пальцы, злятае з распаленай да чырвані патэльні і смачна пляскаецца на шкапчык. Ах, блін!
Бывае, іншы чалавек пражыве на свеце і надта багата, а ні разу так і не задумаецца, што блін і аладка — гэта па сутнасці адно і тое ж. Бліны пякуць на вялікай патэльні, аладкі пякуць на малой скавародцы — вось і ўся паміж імі розніца. Мяркуючы па велічыні белага пшанічнага круга, што сыходзіць дымком на шкапчыку, Вінаградаў спёк іменна блін, а не аладку. Ім можна любавацца, на яго можна глядзець бясконца, але ж яго можна і з'есці, праглынуць за тры коўці, разарваўшы на кавалкі. I які толькі разумнік выдумаў, што першы блін — камяком! Руская печ тым часам ажно гудзе, зеляпае чырвонымі языкамі агню, капрызна патрабуючы новай порцыі пшанічнага цеста. Выдатная ўсё ж рэч — умелыя, спрытныя рукі, а спрыту, увішнасці якраз і вымагае зыркая печ. Вінаградаў ледзь паспявае хапаць па чарзе то чапялу, то подмазку, то апалонік.
Блін! Яшчэ блін! Тут ужо бездакорна дзейнічае закон прыроды: калі нечага там убавіцца ў дзежачцы, то абавязкова чагосьці прыбавіцца на шкапчыку. Перад гарачым зевам печы Вінаградаў расчырванеўся, упарыўся, але, паглядзеўшы на высокі касцёр пульхных бліноў, не скажаш, што ён самахоць апынуўся на бязлюдным, ненаселеным востраве. Пачуўшы свіргат подмазкі на патэльні, трэцца каля ног ненажэрны кор Муртон, пачуўшы духмяны водар пшанічнага печыва, у сенцах з таго боку дзвярэй нехта ўжо бразгае клямкай, маючы відавочны намер трапіць у хату. Калі працягваць аналогію з пустэльным марскім востравам, то ў сенцах шоргаецца няйнакш як папуас альбо дзікун, альбо і зусім нейкі галодны людаед.
— Ой, Васька, напаліў ты печ, ажно сапаціць! — На парозе стаіць зяўластая [12] Тут: разгаворлівая.
Міхаліна і старанна прынюхваецца, не могучы адразу зразумець, адкуль шыбае такі прыемны, смачны пах.— Не трэба было столькі дроў пхаць.
— Гэта не я, гэта баба Марка напхала,— незадаволена буркнуў Вінаградаў, выскрэбваючы ў дзежачцы апошняе цеста.— Там жа, у печы, свінням зелле варыцца.
— Дык і мяне баба Марка папрасіла наглядаць за яе хаджайствам.— Ад парога Міхаліна прайшла на хату, стала бокам да шкапчыка.— Але, бачу, ты і сам добра спраўляешся.— Дзікунка з суседняга двара глыбей нюхнула паветра, крутнулася на гэты дзіўны, ашаламляльны пах.— Ого, Васька! Ты і блінцоў напёк? Малайчына! Ды і якія блінцы? Белыя.
Читать дальше