— Сядайце, сябры, — О Гэта Той ветліва папрасіў тых, што выносілі нягодніка й зараз спалохана стаялі ля парога. — Ворагі нашага калектыву, як бачыце, цалкам ізаляваныя, — прамаўляў ёй далей. — Такі лёс чакае i іх пасьлядоўнікаў, якіх, несумненна, вышукаем, як тых гнідаў на здаровым, жыцьцярадасным целе, эгэ...
О Гэта Той задумаўся.
Ён, як карова хвастом ад мухаў, аднекваўся ад прыбою воплескаў досыць нецярпліва вымаўляючы якіясьці словы, нячутныя. Да яго падбягалі з нарады й сардэчна ціснулі яму рукі, ляпалі па плячы. Урэшце, падхапілі яго, бездапаможнага на хвалі энтузыязму, на рукі ды гушкнулі пад самюткую столь; ён, растапыраны ўгары, праляцеў над галовамі ды гакнуўся, як нежывы, на даўжэрны канфэрэнцыйны стол, разьбіваючы сабою шклянкі, бутэлькі зь ліманадам, пасудзіны зь яблыкамі; асколкамі разьляцеліся з-пад яго ў бакі пісьмовыя прыборы. Зваліў ён сабе на жывот пудовы жырандоль, за які, падаючы, на міг зачапіўся.
Ляжаў, вырачыўшыся О Гэта Той па-казьлінаму.
Прывялі і па яго прыбіральніцу. Кабеціна ўшчаперылася аберуч у ягоны каўнер ды вывалакла тушу — разьбіваючы ёю няшчаснае крэсла, перакуленае, — у каморку зь мётламі, вёдрамі, вугалем. Там ужо прытамнеў яго прадмоўца.
Старшыня пакінуў прэзыдыюм і, мікалаеўскім крокам, прайшоўся паміж прысутнымі. Заклаўшы рукі за сьпіну, ён спыніўся насупроць чародкі гарэлчыных братоў:
— Гэта вы, э, крычалі: "Няхай жыве курэўства"?
— Мы, — адказаў адзін зь іх.
— Няпраўда! — бязладна запярэчыла рэшта братоў. — Толькі ён крычаў...
— Выслаць іх, э, на інвэнтуру тараканаў у складах, — загадаў старшыня. Меншага — у меншы склад, большага — у большы...
— I мяне зь імі выганеце, пане старшыня, — выступіў наперад Сьцяпан.
— Яго, — старшыня павярнуўся да Сумленевіча, — пастаўце, э, над імі шэфам.
— Тараканіным! — зарагаталі наўкола на нарадзе.
— Тараканы — таксама ўласнасьць каапэратыву, — заключыў старшыня. — Хто сьмяецца з тараканаў, э, той сьмяецца зь сябе, э...
...Сумленевіча штурхнулі ў плячо.
— У вас пытаюць, пане загадчык, — сказалі яму збоку.
Сьцяпан прытомна заморгаў вачыма, зразумеў, што ёсць да яго пытаньне ад старшыні.
— Прабачце мне, — сказаў Сьцяпан. — Я не дачуў вас...
Яму паўтарылі пытаньне.
I ён адказаў на яго.
У выніку нарады вырашылі ўтварыць праблемную камісію, якая падрыхтуе прапановы ўдасканаленьня дзейнасьці аддзелаў каапэратыву. На чале камісіі паставілі Сьцяпана Сумленевіча, які выдатна паказаў сябе, узорна арганізоўваючы працу ў даверанай яму адміністрацыйнай сэкцыі каапэратыву.
У прадметнай справе яму падпарадкавалі дырэктараў аддзелаў. Тэрмін вызначылі трохмесячны, да трыццатага чэрвеня. ("Не пасьпееш — ня пойдзеш, э, у водпуск".)
— Гэта, э, ня прыма апрыліс, — сказаў Сьцяпану старшыня, кіруючыся да выхаду.
18.
Сьцяпан вярнуўся ў габінэт — упарадкаваць паперы, што пакінуў на пісьмовым стале. Ён мог гэтага не рабіць, пайсьці дамоў, але любіў пачынаць наступны працоўны дзень, як казаў, на чыстым: засьмечана на стале, засьмечана і ў галаве! ("Ужо старажытныя заўважылі сугучча цела й душы, ладу й дакладнасьці думкі", — неяк павучаў Сумленевіч і чыесьці вочы сонна павузелі ад таго.)
Як добры дурань, ён зь незвычайнай сумленнасьцю ўзяўся ажыцьцяўляць даручанае яму заданьне — са складваньня рапарту аб арганізацыйным становішчы ў каапэратыве, дакумэнтаванага выяўленьня яго слабых i моцных бакоў. Зь верай у пераканаўчасьць аргумантаў.
Сумленевіч насіў у сабе крыўду на тых, якія сумняваліся ва ўдачы ягоных захадаў або, досыць адкрыта, сьмяяліся зь іх, прытым не фармулюючы абгрунтаваньня сваім высновам. Але й яны паціху жадалі Сьцяпану ўсяго найлепшага й, таксама, спадзяваліся на зьмены ў каапэратыве. !м i ня сьнілася тое, што, настойваючы на паляпшэньні чагосьці, можна мець на ўвазе адваротнае.
...Сьцяпан падпаліў аўтамашыну старшыні дваццаць трэцяга чэрвеня, у ноч з чацьвяргу на пятніцу. (Камісія Сумленевіча, як называлі яе на прэтэнцыёзны манер, практычна ўжо не йснавала, пахвальна выканаўшы прынятае на сябе; справаздача — машыністкі перапісвалі яе ў пяці экзэмплярах — была падзеленая на тры часткі: "Арганізацыйнае становішча ў каапэратыве з разглядам аддзелаў", "Прапанова паляпшэньня дзейнасьці аддзелаў i пэрспэктывы іх далейшага разьвіцьця", "Заключныя заўвагі".)
Упярэдадзень здарэньня Сумленевіч прадставіў шэфу чарнавы варыянт справаздачы, над якім яны абодва доўга прасядзелі. (Людзі потым усяляк перадавалі размову паміж імі, рагочучы са Сьцяпана.) Ён сьцьвярджаў у сьледзтве, што старшыня абразіў яго, кпіў з камісіі: — Пакажэце, што вы навыдумоўвалі за тры месяцы.
Читать дальше