— Паеду, сам пабачу я тую клуню, — лагодна сказаў ён ім. — Далёка будзе ў Вольку?
— У Вольку?
— Але.
— Якую Вольку?
— Ну, адкуль той гаспадар, — дадаў Сьцяпан, укладваючы паперы. Аўтобусам, рэйсавым, даеду я туды?
— Ня ведаю, — заікнуўся гэты цыбаты памочнік дырэктара. — Хто яго ведае...
— Скажэце мне: самі вы бачылі клуню таго гаспадара ў Вольцы? — цьвёрда запытаў ён іх: "Сьцяпан, ня падай духам!" — Ну, як?
— Ну, — Сьцяпана раптам падтрымаў дырэктар і непрыхільна заплюскаў вочкамі на свайго супрацоўніка, быццам карцёжнік, якому не падыйшла карта.
Адказны за разьвіццё паслугаў аддзелу ў Бельску апусьціў галаву.
— Гэта ваш подпіс пад пратаколам? — не адступаўся ад яго Сьцяпан.
— Ага.
— I што вы падпісалі?
— Ну, што ты падпісаў? — падступіўся да яго й дырэктар.
Сьцяпана браў сьмех; ён сьціскаў сківіцы, бы праглынуўшы лімон або кавалец квашанага агурка пасьля выпітай чаркі.
"Начальніка даволі вывесьці з уласнага габінэту і ён пачынае паводзіць сябе бяспрыкладна жаласьліва".
Які нізкі ўзровень канфліктаў у каапэратыве! Усё зводзіцца ў іх да грошай, як у прасьцяцкім тлумачэньні гісторыі цывілізацыі.
Прыпазьніліся разам на гульлівую нараду. Сьцяпана клікалі да сябе падхмеленыя прыяцелі, ажно аглядваліся на іх адусюль...
— Дарагія сябры й прыяцелі! — устаў з прамовай дырэктар аднаго з аддзелаў, невядомы Сьцяпану. — Дазвольце мне выказаць сваю пераконанасьць у тым, што ня будзь нашага каханага старшыні на пасадзе старшыні, дык каапэратыўная праца ў нашым рэгіёне зусім заняпала-б. I, вобразна кажучы, усе мы тут, як ёсьць, пайшлі-б у сьвет з жэбрамі! Правільна гавару?
— Правільна! — крыкнулі яму хорам прысутныя ды запляскалі ў далоні. Давай, рэж праўдай!
— Старшыня — няхай ён жыве нам сто гадоў i не памірае! — так пакіраваў каапэратывам, што сёньня кожны з нас зможа пабудаваць сабе вілу ды, упрыдатак, купіць аўта замежнай маркі, напрыклад, "Утурмусеў". У гэтым месцы дарэчы будзе прыгадаць нам i банальнае: умовай багацьця працаўнікоў зьяўляецца багацьце іх кіраўнікоў. Рыба гніе ад галавы, кажуць. Я прапаную паправіць прымаўку: рыба расьце ад галавы!
— Слушна! — узьнялася авацыя навокал. — Прэч зь перажыткамі ў прымаўках! крычалі ўсе. — Далоў крытыкаваньне! Вітаем сілу!
— Стар-шы-ня! Стар-шы-ня! — узмацняўся энтузыязм на нарадзе. Ура-а— ааа!!!..
— Няхай жыве курэўства! — рагатліва крычалі Сьцяпану ў вуха п'яныя яго прыяцелі. — Ка-юк нам! Ка-юк усім! Ха-ха-ха...
— Ціха! — маргнуў ім Сьцяпан. Але яны, бы апантаныя, раўлі! Ён, доўга не чакаючы, перасеўся ад іх у канец залі, дзе пад сьцяною стаяла незанятае крэсельца. Аказалася яно без адной нагі; неяк прымасьціўся на ім.
— Ціха, сябры! — падняўся ў прэзыдыюме нарады старшыня. — Дайце сказаць, э, чалавеку.
I публіка мёртва заціхла.
— Дасягненьні каапэратыву, дарагія прыяцелі, цяжка перабольшыць, нягледзячы на намаганьні яго ворагаў, — працягваў сваё прамоўца. — Куды ні кінь вокам, бачны адны рэзультаты. Возьмем, прыкладна, паказьнікі пакражаў. У нашым аддзеле паменшалі яны ў трынаццаць разоў у параўнаньні зь першымі гадамі. Ва ўсім каапэратыве, несумненна, яшчэ больш... — далікатнюсенька папіў ён вады з па— сучаснаму высокай шклянкі. — Або, хаця-б, пакрываньне клуняў гаспадаром. У гэтай дзялянцы паслугаў мы дабіліся, проста, дасканалых вынікаў, якіх нідзе не пачуеш, і, адначасова, рэдкай каштоўнасьці наватарскага падыходу да справы. Прысутныя добра ведаюць, пра што я гавару. Удалося нам, здавалася-б, немагчымае! Гаспадары, менавіта, самі крыюць свае клуні, каб толькі бляха была ім!..
— Брава! Брава каапэратыўнаму вынаходніцтву! Малайчына, дырэктар! — чуліся воклічы.
— Ня мне дзякуйце, дарагія, але каханаму старшыні нашаму! Ён — наша галава й сярэдзіна. Тое, што я дасягнуў, адбылося з дабратворнага натхненьня ўсімі шанаванага Шэфа. Такая, вось, шчырая праўда, — ён элегантным жэстам выцер хустачкай лоб. — Я буду блізкі пачуцьцяў у нас усіх, калі скажу, што зьяўляюся, звычайна, сьмяцінкай на сьвятой паперы зь інструкцыямі, якія атрымоўваем ад нашага мудрага кіраўніцтва, узначаленага старшынёй!
— Ура-а-ааа!!!
Выступленьне зацягнулася.
Шматлікія асобы пратэстацыйна зашумелі.
Старшыня прыемна пачырванеўся.
— Нічога, э, ня зробіш, — азваўся ён у раптоўнай цішыні.
— Прашу й мне даць голас, — дамагаўся таксама бельскі дырэктар. — Я не дазволю на тое, каб іншыя ўсё выгаварылі й нічога мне не засталося!
Читать дальше