Здарылася, праўда, малюткая прыкрасьць: Сьцяпан зьмяніў свой подпіс, перайначыў яго на болей выкрутасты, i галоўная канцылярыя вярнула — не прыняла! — зацьверджаныя ім фінансавыя дакуманты: бухгальтар запатрабаваў вэрыфікацыі знаку. Сакратарка, без фаміліярніцтва, паведаміла аб гэтым Сьцяпану.
— Прынясеце, калі ласка, блянк для подпіснага ўзору, — папрасіў Сьцяпан. Я актуалізую свой подпіс, — яму было цікава паглядзець, звысака, на панадворак за акном.
На плоце, якім абгароджаны сьметнік зь ёмістымі банкамі, сядзела ўпартая варона. Да яе скрадваўся кот стоража, па-гультайску блішчасты ды надта чорны, за што ня раз даставалася яму ад забабонных шафёраў. Хітрая птушка сачыла за драпежнікам, адлятаючы час ад часу то на адзін, то на другі канец агароджы. Чорны, з самаўпэўненай настойлівасьцю, паляваў за ёю. Варона, першапачаткова насьцярожаная, знудзілася й колькі разоў пракаркала на пласкалобца, пакуль той урэшце сьцяміў, што стаўся дуронікам. Пакруціў ён высокапастаўленым хвастом і, відаць, дзеля прыстойнага выгляду панюхаўшы сьмецьце пад шырознай штыхецінай, пабег у кватэру; у палове дарогі прыпыніўся, стуліўшы вушы, замяўкаў на кплівіцу, быццам успомніўшы, што на яе пасьмешку трэба яму нечым адказаць. Варона, абыякава выслухаўшы неўдалоту, зьляцела ў разкарэжаную банку, у якой на ўсякі выпадак чуйна выглядваючы зь яе — нешта матлашыла.
17.
Спакой парушыў Сьцяпану халерны аддзел у Бельску: аферай пры выкананьні паслугаў насельніцтву. Нашумеў там адзін гаспадар, пішучы ліст у варшаўскае тэлебачаньне.
Сьцяпан зьбіраўся ў каманьдзіроўку туды злосны, як аса.
— Усыпце вы тым лапухом, пане Сумленевіч, э, колькі ўлезе! – дазваляў яму старшыня. — Скажэце ім, што я даю, э, дваццаць чатыры гадзіны на выпраўленьне крыўды, учыненай імі таму чалавеку... А зараз сядайце ды пішэце адказ у рэдакцыю, тэлебачанцам.
— Я-ж яшчэ нікуды ня езьдзіў, пане старшыня, каб ужо адпісваць.
— Паедзеце. А адпісаць у рэдакцыю, э, нам трэба зараз-жа. Неадкладнасьць у рэагаваньні ўражвае, э, разумееце. Скаргу прызнаць правільнай, але падкрэсьліць яе, э, інцыдэнтальны характар на фоне дасягненьняў нашага аддзелу...
Сьцяпан перабіў старшыні:
— Хто ведае, ці той гаспадар напэўна мае рацыю?
— Напэўна ці не напэўна, э, упарціцца нам ня варта ў гэтым... Не дай Бог, яны самі з рэдакцыі прыедуць туды, дык не такое будзе, э... Ну, давайце!
— Перш, аднак, я паеду высьветліць скаргу на месцы, пане старшыня.
— Э... — ён працягла паглядзеў Сьцяпану ў вочы: аб чым з табою, сынок, гаварыць! Не адказаў яму на звычаёвае: "Да пабачэньня".
Сумленевіч усё-ж не паехаў у Бельск: "Ён цваны, а я сірата?! Склікае, аказваецца, нараду кіраўнічых працаўнікоў аддзелаў i ня думае ён пра тое, што гэта дае мне нагоду высьветліць так пастаўленую ім справу на месцы. Што яму там — Сумленевіч няхай сабе валэндаецца па вакзалах— прычалах... "
Па тэлефоне Сьцяпан самазвана даў наказ бяльчанам: будзеце на нарадзе — з паперай лепш зойдзеце да мяне. Яны не зьдзівіліся.
— Ну, паказвайце сваю чаўпасу, — гаварыў ім Сьцяпан, калі празь дзень зьявіліся яны ў яго. — Хвалецеся, як гэта бляхаю пакрылі клуню гаспадару.
— Вось, пане загадчык, наша дамова з гаспадаром на паслугу.
— Ён задаволены вамі?
— Ого, яшчэ як! — выскаліўся адказны ў тамашнім аддзеле за разьвіцьцё паслугаў. — Паглядзеце, калі ласка, пратакол прыёмнай камісіі: падпісаўся!
— Дзе?
— Во, тут, пане загадчык.
— Не, дарагі, гаспадар падкаракуліў вам не фактычнае выкананьне работы, а толькі продаж вашым аддзелам бляхі яму. Так, брацец, — адсек адказному Сьцяпан: "Занята далікатнічаў я тады зь імі. Затанцуеце вы цяпер перада мною, быццам мядзьведзі ў цыганскім цырку". — Бляха — дэфіцытны матэрыял, і вы атрымоўваеце надзелы яе, ведаеце дзеля чаго? А вы, — ён спэцыяльна ставіў націск на множны лік, — прадаеце яе людзям, адначасова прымушаючы іх пацьвярджаць нязробленае вамі як зробленае...
— Няпраўда! — умяшаўся прысутны пры размове дырэктар. — Ёсьць на тое дакуманты.
— Можаце вы імі... падцерціся сабе! — ускіпеў Сьцяпан.
— Вы ня верыце нам, пане загадчык?
— Ні трохі!
— На адным-жа возе едзем...
— Вось таму й бачу я вас навылет.
— Канкрэтна? — разьятрыўся на Сьцяпана дырэктар аддзелу. — Ну, канкрэтна?!
— Ага... — падаў голас той ад паслугаў. Ён ужо апамятаўся.
Сумленевіч запыкаўся. "Гляну я на іх і мяне адразу падымае. Што ім адказаць? Фармальнасьці ў іх у поўным парадку. Як мне адступіцца назад?"
Читать дальше