Кніжка гэта малая, але мае цікавы й глыбокі зьмест. Яна адсланяе жорсткія адносіны між людзьмі й народамі ў нашым веку, калі чалавецтва дайшло да вялікіх навуковых і тэхнічных асягненьняў, калі столькі гаворыцца пра свабоду, справядлівасьць, гуманнасьць.
Кніжка апісывае бітву пад Монтэ-Касыно — адну з найвялікшых бітваў з Другой Сусьветнай вайны — і ўдзельнікаў яе, сярод якіх было шмат беларусаў. Раскрывае душы некаторых з іх, расказвае, што яны перажывалі ў чужым войску, ідучы на пагібель за чужую справу. Праўда, яны змагаліся з Гітлераўскай тыраніяй, але-ж тады ўжо было ведама, што Беларусь была здана на ласку й няласку другога тырана — бальшавіцкай Маскве.
Кніжка мае назоў «Сьмерць і салаўі». Аўтар выбраў яго нездарма. Бітва адбывалася вясной, калі ў прыродзе ўсё ажывала, цьвіло, цешылася, сьпявала. А жаўнеры, — маладыя, поўныя сілаў людзі — замест таго каб цешыцца жыцьцём і красой яго, ішлі паміраць пры звоне вясны й салаўіных сьпеваў. Гэта трагічная сытуацыя ёсьць відавочным пратэстам супроць вайны й усякага гвалту.
Да гэтага часу ў беларускай літаратуры ня было апісаньня вялікай бітвы. Дык апавяданьне «Сьмерць і салаўі» запаўняе гэты прабел і, па сваім зьмесьце й матывах, ёсьць зусім нечым новым. Праўда, савецкая беларуская літаратура шмат увагі ўдзяляе вайне. Але, папершае, там няма апісаньня вялікіх бітваў, а прадстаўлены пераважна партызанскія баі; падругое — усё савецкае творства падпарадкавана накінутаму згары шаблёну соцрэалізму, таму савецкія творы маюць у сабе шмат штучнага.
Апавяданьне «Сьмерць і салаўі» друкавалася першы раз у газэце «Бацькаўшчына» ў 1963-64 гадох, але ня было закончаным, бо аўтар перадчасна памёр. Такім чынам гэта выданьне — асобнай кніжкай — ёсьць пасьмертнае. Заўдзячваем яго спадарыні Эльзе Сыч — жонцы аўтара, якая пастаралася таксама, каб апавяданьне мела й заканчэньне, хоць і з іншай рукі.
Будзем спадзявацца, што беларускае грамадзтва прыме гэту кніжку прыхільна.
Д-р В. Жук-Грышкевіч
18 травеня 1944 году паддалося Монтэ-Касыно. 19 год таму. Дата някруглая. Але што-ж пачаць. [1] Палянізм, пабеларуску ― што-ж рабіць. ― Рэд.
Я меркаваў пісаць пра гэтую жахлівую бітву ў 50-я ўгодкі, пазьней перадумаў і пералажыў на 25-я. Аднак чую, што да 1969-га году не дацягну хамута існаваньня. Часам выглядае, што магу перакачаваць у лепшы сьвет і перад 20-мі. Таму спрабую напісаць крыху ўспамінаў з тых цяжкіх часоў, калі й беларусы шчодра абмылі сваёй крывёй шурпатыя, дзікія горы каля манастыра Монтэ-Касыно. Ня будзе гэта гісторыя, бо ня маю ні дакумэнтаў, ні магчымасьцяў, ні амбіцыяў, ні часу, а проста ўспаміны аб тых, каго знаў, аб тым, што ведаў, бачыў і перажыў.
Аўтар
Калі мы першы раз убачылі панараму Монтэ-Касына, ужо штось ведалі аб ім. Ведалі, што гэта амаль непераломная падвойная абаронная лінія, якая загараджвае дарогу ў Рым праз даліну ракі Ліры, што другой дарогі ў раёне Тырэнскага мора, дзе высадзіліся альянты — няма. Каб узяць Рым, трэба ўзяць перад гэтым Монтэ-Касыно. Мы таксама ведалі, што перад намі гэтыя страшныя горы штурмавалі амэрыканцы, ангельцы, новазэляндцы, французы й гіндусы.
Першы штурм пачала 5-я амэрыканская армія 2-га студзеня 1944-га году фарсаваньнем ракі Рапідо (шпаркая) й здабываньнем мястэчка Касына ў падножжы Монтэ-Касына. Ужо першая ноч баёў была грозным «мэмэнто», што змаганьне ня будзе лёгкае. Абарона была так сканструаваная, што навет мусе цяжка было-б праляцець жывой. Арэна, на якой адбываліся жорсткія баі, на якую ўвайшло альянцкае войска, была пад абстрэлам з чатырох бакоў, мела замінаваныя даступныя пераходы, была пакрытая добра прырыхтаванымі й замаскаванымі бункерамі. З усіх бакоў шчырыла зубы сьмерць. Таму ня дзіва, што ўжо ў першую ноч амэрыканская армія мела жахлівыя страты. Далейшае змаганьне гэтыя страты павялічыла. Амэрыканцы біліся і ўміралі спартова. Навочныя сьветкі расказваюць, як яны йшлі чаўкаючы гуму й гінулі. Праўда, амэрыканцы здабылі гарадок Касыно, які быў дашчэнту разбураны, але далей сустрэлі так цьвёрдую абарону, што скрывавіліся й адступілі. Францускі корпус меў пэўныя асягненьні, але й таксама вялікія страты. Сьветчаць аб гэтым шматлікія могільнікі, раськіданыя ў розных мясьцінах на поўдзень ад Монтэ-Касыно — Вэнафро, Вітторыё, Чэрваро й іншыя.
На месца 5-й амэрыканскай арміі прыйшла 8-я армія ангельская, у якой знаходзіліся й новазэляндзкія ды гіндускія аддзелы. 15-га лютага Касыно атакавалі ангельцы, фактычна атакавалі толькі частку камплексу абароны — гару 593. Скрывавіліся й сплылі. Толькі адна брыгада пакінула на праклятых горах 12 афіцэраў і 130 жаўнераў. 17 лютага пайшлі ў наступ гіндускія аддзелы Райпутана. Гэта былі пераважна Гуркі і йшлі ў атаку з нажамі ў зубах. Адзін батальён выбілі дашчэнту, іншыя мелі жахлівыя страты. Калі возьмем пад увагу кліматычныя абставіны: размоклы грунт, праліўныя дажджы, а, перадусім, шмайсэры й шпандаўы — эвакуацыя параненых была амаль немагчымай.
Читать дальше