Немцы пераканаліся, што наступ альянтаў на ўсей лініі Густава ня толькі не слабее, але й узмацняецца. 13-ты Брытыйскі корпус — зьлева ад 2-га корпусу — сфарсаваў раку Ліры й глыбока ўклінаваўся ў нямецкія пазыцыці, у даліне гэтай ракі. 2-гі-ж корпус сваім упорыстым націскам мог акружыць гару й манастыр Монтэ-Касыно.
У такой сытуацыі нямецкае камандаваньне баялася прарваньня фронту на лініі Густава й пастанавіла адступіць на наступную сваю абаронную лінію — лінію Гітлера, якую пазьней назвалі лініяй Зэнгэра.
Уначы з 17-га на 18-га травеня, немцы вывялі свае галоўныя сілы спад Монтэ-Касыно, пакідаючы толькі невялікія аддзелы ў бункерах, дзеля прыкрыцьця адступленьня. Яны так сьпяшыліся, што пакінулі сваіх параненых. З манастыра нямецкія аддзелы былі эвакуаваны поўнасьцю.
Раніцай 18-га травеня, аддзелы 2-га корпусу здабывалі паасобныя ўзгоркі, не спатыкаючы ўжо вялікага супраціву нямецкай пяхоты. Абсады паасобных бункераў здаваліся ў палон. Не пераставала толькі грымець, ераходная на ўсіх пунктах абшару наступу, навала нямецкай артылерыі, ды там-сям адзываліся таксама нямецкія мінамёты. Пагражалі небясьпекай усьцяж, на ўсім займаным абшары, нямецкія міны й пасткі, якія спрычыняліся да новых ахвяр сярод жаўнераў 2-га корпусу й узятых нямецкіх палонных.
Затое, звычайна пагрозьлівы сваім зьнішчальным вагнём, манастыр Монтэ-Касыно цяпер маўчаў. Зьвярнулі на гэта ўвагу бліжэйшыя да яго аддзелы. Дадумваліся, што манастыр, відаць, эвакуаваны, а аптымісты, у сваім ваяўнічым выабражэньні, бачылі навет белы сьцяжок на ім, хоць ніякага сьцяжка там ня было. Высланы патруль 12-га ўланскага палка, дзеля выясьненьня сытуацыі на гары й у манастыры Монтэ-Касыно, ніякіх нямецкіх аддзелаў там не знайшоў. Толькі групу нямецкіх параненых выцягнулі са склепу. 18-га травеня, а гадз. 10-ай і 20 хвілін, гэты патруль вывесіў польскі сьцяг на руінах манастыра.
У гэты-ж дзень, папаўдні, была асягнута беспасярэдняя лучнасьць з брытыйскімі аддзеламі 13-га корпусу, што працягваў наступ у даліне ракі Ліры. Гэты корпус, як і 1-шы канадыйскі корпус, быў ужо ў сутычнасьці з ворагам на новай абароннай лініі — лініі Гітлера.
Аднак патрэбны быў яшчэ пэўны высілак дзеля заканчэньня бою пад Монтэ-Касыно. Высілак гэты скіраваны быў на акружаючы манэўр у напрамку П'едымонтэ, і наш аўтар браў удзел у наступе свайго батальёну — разам з іншымі батальёнамі 5-ай дывізыі — 18-га й 19-га травеня.
Раніцай 19-га травеня быў заняты ўзгорак 575. Цяпер 2-гі корпус скіраваў свае сілы на здабыцьцё П'едымонтэ. Але займаньне далейшых пазыцыяў прыходзіла ўжо шмат лягчэй, вораг быў значна аслаблены.
На працягу наступных некалькіх дзён 2-гі корпус заняў гару Монтэ Кайро й мястэчка П'едымонтэ. Гэтым і была закончаная фаза баёў пад Монтэ-Касыно.
Адсюль, у сярэдзіне чэрвеня, 2-гі корпус перайшоў на пазыцыі над Адрыятыцкім морам каля Пэскары, перанятыя ад гіндускіх дывізыяў.
Апошнюю фазу баёў пад Монтэ-Касыно — пасьля заняцьця Монтэ-Касыно — аўтар не пасьпеў апісаць. Але апісаў самае галоўнае — баі за здабыцьцё Монтэ-Касына, — самыя жорсткія баі з усей італьянскай кампаніі.
Д-р В. Жук-Грышкевіч
Палянізм, пабеларуску ― што-ж рабіць. ― Рэд.
О, мой прыгожы Нэапаль. ― Рэд.
Памятай аб сьмерці. ― Рэд.
«Ціха, чужак!». ― Рэд.
Не разумею. ― Рэд.
Лоўкае слоўца. ― Рэд.
Да пабачаньня, сябры! Найлепшыя вам пажаданьні, шмат шчасьця. ― Рэд.
Так празвалі ў польскім войску санітараў. ― Рэд.
Дзівосы вайны. ― Рэд.