Баяцца сьмерці — гэта абсурд. Бо калі дзіцё дарасьце да сьведамасьці, што кажны чалавек мусіць памерці, яно мусіць пачувацца, што знаходзіцца ў камэры сьмерці і асівець ад страху. Аднак думка, што кусок зялеза будзе разрываць жывое цела і гэта будзе балець, не належыць да прыемных.
Але да ўсяго можна прызвычаіцца, навет да флірту з сьмерцяй. Прыкладам, амэрыканскі злачынца Чэсман праз дурнату адвакатаў і бюракратаў дванаццаць гадоў сядзеў у камэры сьмерці. І прызвычаіўся. Навет пісаў цікавыя ўспаміны. Урэшце-рэшт яго дадушылі ў газавай камэры.
Ніколі не забудуся макабрычнай сцэны спад Монтэ Касына падчас першага штурму. Капітан вышынёй каля двух мэтраў, вагой каля двухсот кіляграмаў, якому тры разы прастрэлілі левую руку, атрымаў яшчэ адну порцыю зялеза, гэтым разам у жывот. Жывот распораты, як у кабана, калі яго, асмаліўшы, разьбіраюць. Кішкі вылазяць. Капітан аднэй рукой дзяржыць свае ўласныя кішкі і лаецца як шавец. Як яму дапамагчы? Несьці такую тушу мог-бы хіба Гэркулес. Ды як несьці, калі ўвесь зьмест зьмястоўнага жывата выпаўзае? Трэба шукаць санітараў з насілкамі. Але дзе іх знайсьці ў гэтую пякельную ноч? А тут раптам з гары зыходзіць санітар. Параненым ён можа-б не зацікавіўся, але ўбачыў на ягонай руцэ залаты гадзіньнік маркі «Лёнжын». Гэта было цікавейшае. Навошта чалавеку з распоратым жыватом залаты гадзіньнік? Санітар прабачыўся, што ня мае бандажоў і насілак, але, каб аблегчыць параненаму сьмерць, адрэзаў залаты гадзіньнік. Капітан, прытрымоўваючы кішкі засьцерагаецца:
— Ты, сукін кот, калі я выжыву, гадзіньнік мне аддасі!
Лапідух [8] Так празвалі ў польскім войску санітараў. ― Рэд.
пэўна падумаў:
— Што за дурны аптыміст! Як можна выжыць з распоратым жыватом і кішкамі на вонку?
Аднак слушнасьць меў капітан, а іхнюю спрэчку вырашыла сьмерць. У гэты мамэнт санітар атрымаў кулю ў пераносіцу й з залатым «Лёнджынам» застаўся ля капітана. Апошнім з гары зыходзіць доктар нашага батальёну. Чуе, што нехта брыдка лаецца — бачыць капітана з распоратым жыватом і труп санітара з залатым «Лёнжынам». «Лёнжын» яго ня цікавіць, труп санітара — таксама. Але што рабіць з капітанам? Мае толькі адзін бандаж. Парваў сваю кашулю, бо капітанава й бяз гэтага была парваная, і сяк-так прымацаваў кішкі ў аб'емістым жываце параненага капітана. Пабег шукаць санітараў з насілкамі.
У міжчасе пачало сьвітаць і да капітана ня толькі санітары, але й муха жывая не змагла-б даляцець.
Такім чынам капітан праляжаў пад скалой цэлы даўжэзны дзень і толькі ноччу санітары змаглі дапаўсьці й яго зьнесьці. «Лёнжына» ён не забыўся.
Пікантнае тое, што, калі доктар адным бандажом і сваёй кашуляй умацоўваў капітанавы кішкі, той дамагаўся ежы, бо быў галодны. Доктар меў пры сабе толькі два лімоны, якія яму аддаў. Капітан тут-жа залімоніў гэтыя лімоны ў распораты жывот.
Калі ўрэшце ў прыфрантовым шпіталі яму зшылі кішкі й зашылі жывот ды ён ачухаўся пасьля наркозы, шпітальная сястра заўважыла, што ён нешта занадта вясёлы. Бачна — тэмпэратура. Бяжыць з тэрмамэтрам і раптам чуе носам, што ад капітана, як з бровару, нясець сьпіртным перагарам ды яшчэ й часнаком. Узьнялася трывога. Зьляцеліся дактары, сёстры, санітаркі. Знайшлі ў хворага пад падушкай парожную бутэльку ад каняку й палавіну пікантнай італьянскай каўбасы. Як яе капітан зарганізаваў — засталося ягоным сакрэтам.
Але вылячыўся й жыве…
Сярод жаўнераў — выразная дэпрэсія. Няма таго бадзёрага настрою, зь якім ішлі на першы штурм адзінаццатага травеня. Маўляў, пазналі «па чым фунт ліха».
У сьведамасьці людзей цьвёрдае перакананьне, што набліжаемся да разьвязкі: або мы, або яны. Праціўнік таксама трымаецца рэштай сілаў. Некаторыя нямецкія аддзелы ўжо ад 2-га студзеня адбіваюць штурм бязь зьмены. Пяць месяцаў з хвосьцікам! Гэта ня хаханькі!..
Палонныя не затойваюць цяжкасьці палажэньня. У маршала Кэсэльрынга, камандуючага італьянскім фронтам, не пераліваецца. Ён усьведамляе, што ўжо ня мае сілы сапхнуць нас назад у мора, а кажны немец усьведамляе, што вайна прайграная.
З другога боку й мы ўсьведамляем, што б'ёмся й гінем за пусты мех, бо нас ужо «прадалі, аддалі ў палон». Аднак бязглуздая разьня ня спыняецца. У паветры нейкі флюід, які падказвае, што насьпеў крызіс бітвы.
Тут у форме дыгрэсыі варта прыгадаць аб прыпадковасьці на вайне.
12-га травеня на зьмену найбольш змучанага нямецкага батальёну ішоў сьвежы трэці батальён першага палка парашутыстаў, якія селі адпачыць у вузкай далінцы. Адны курылі, іншыя елі кансэрвы й усе слухалі артылерыйскі канцэрт. Раптам у далінку рынуўся цэлы гураган агню палка цяжкой артылерыі. Пасьля гэтага ў цеснай даліне, як у гаршку, застаўся гуляш, або, лепш кажучы, татарскі бэфштэк.
Читать дальше