— А, даражэнькі, урэшце атрымаў сваю порцыю. Спаўзай уніз.
Я паглядзеў уніз: там пекла агню. Тут здаецца бесьпячней.
— Не, палкоўнік. Перавяжу рану й далучуся да аддзелу. Я даў загад кансалідавацца й акопвацца. Набліжаецца дзень.
— Добра, сынок, нічога хітрэйшага ня прыдумаем.
Палкоўнік (перад гэтым паранены) пакульгаў рабіць высілкі неяк камандваць батальёнам.
Я таксама раблю высілкі, каб неяк палічыць сваю маемасьць: колькі мне засталося людзкіх жыцьцяў. Цяжка гэта зрабіць упацёмку й пад агнём, але вычуваю, што няшмат. На шчасьце й бункеры ў найбліжэйшым раёне амаль зьліквідаваныя, рэшта маўчыць, бо ведаюць, што ўжо ззаду нашы жаўнеры, таму баяцца дэмаскавацца ноччу. Затое густа пачынаюць страляць з манастыра. Бьюць на ўсе бакі — артылерыя, мінамёты, кулямёты. Пазьней выясьнілася, што хацелі выстраляць увесь запас амуніцыі перад… капітуляцыяй. Але мы ня ведаем, што варыцца ў гаршку праціўніка й падрыхтоўваемся на найгоршае: цэлы доўгі травеньскі дзень праляжаць у складанцах з каменьняў. Пачынаецца золак. Кажны насьпех шукае нейкую ямку ці шчыліну ў скале, абкладаецца каменьнямі, якіх тут хапае. Сёй той перад каменьнямі палажыў трупа, як дадатковае забясьпечаньне. Маўляў: «зіхэр іст зіхэр». Макабрычна гэта выглядае, але беднаму забітаму ўжо горшай крыўды ня зробяць, як зрабілі.
Інстынктоўна вычуваецца крызыс бою. Абодва бакі змагаюцца рэштай сілы. Мы, або яны… Нам ня мёд, але й ім ня цукар. Мы варымся ў гэтым капшары толькі тыдзень, яны-ж месяцамі. Пэўна, іхнае палажэньне лягчэйшае, але нэрвы выматваюцца. Навет можна заўважыць зьмену іхнай тактыкі: раней, калі нас прыдушылі да зямлі, пачыналі контратаку, засыпалі нас гранатамі. Сяньня сядзяць у бункерах.
Сьведамасьць, што трэба дзень праляжаць пад пякучым сонцам без вады, настройвала нявесела. А біклажкі пагрозьліва пусьцеюць. Спадзявацца няма чаго.
Выходзячы з базы мулаводаў, я здабыў некалькі бутэляк неблагога віна. Адну пераліў у сваю біклажку, іншыя раздаў найбліжэйшым: не валачы-ж гэтую піўную краму на гару. Вязучы гэтае віно, я й не падумаў, што хоць крышку яно спрычыніцца да нашай перамогі. Вось-жа, калі мы былі пад бункерамі, куля са шмайсэра прабіла біклажку Грыця й віно пацякло. На шчасьце Грыць спахапіўся й пасьпеў яшчэ частку выпіць.
— О, дай тэбэ сэрпявога смэрць! Чэкай-жа ты такі разтакі!
Грыць вырваў пят ад іншага жаўнера й папоўз шукаць помсты за віно. І знайшоў. Дорага некаму каштавала гэтае віно. Бункер змоўк назаўсёды. Тады я пашкадаваў, што замала гэтага віна прывёз з базы.
«Грыць вырваў пят ад іншага жаўнера й папоўз шукаць помсты за віно. І знайшоў. Дорага некаму каштавала гэта віно. Бункер змоўк назаўсёды. Тады я пашкадаваў, што замала гэтага віна прывёз з базы».
Гэта быў апошні абзац, апошнія словы апавяданьня, якія былі надрукаваны ў 3 - 4 нумары газэты «Бацькаўшчына», у сакавіку 1964 году. За імі, як і пры канцох папярэдніх адрэзкаў, стаяла ў дужках «Далей будзе».
Далей ня было… Словы рэдакцыі «Далей будзе» — павісьлі ў паветры. Сказ перарваўся, змоўк назаўсёды. Натруджанае нягодамі сэрца перастала біцца, жыцьцё загасла, аўтар памёр.
Не давёў да канца свайго апавяданьня аб жахлівай людзкой трагэдыі вайны й паняволеньня. Не данёс Бацькаўшчыне любай скарбніцы свайго творства, зьбіранага так сквапна на сваім жыцьцёвым шляху.
Сьпяшыўся, прадчуваў свой хуткі канец.
Зьняможаны хваробай, пісаў з натугай, высіляўся. Браўся ў загрудкі з сьмерцяй, каб толькі дакончыць свой пераказ…
Тут творства сталася зэнітам, — вышэй за сьмерць і за жыцьцё. Яно было галоўным дзейнікам у апошнім акце людзкой жыцьцёвай драмы.
Сьмерць перамагла. Камусь іншаму прышлося пісаць заканчэньне апавяданьня.
* * *
Апавяданьне выйшла незакончаным, але галоўны зьмест падзеі апісаны ў ім з усімі падрабязнасьцямі. Не хапала толькі фінішу, заканчэньня.
У апошнім сваім адрэзку аўтар апісаў другі наступ на Монтэ-Касыно. Давёў апавяданьне да таго месца, калі мэта гэтага наступу была, бадай што, асягнута, бо манастыр быў часткова адрэзаны й, як кажа аўтар, засталося прайсьці некалькі горак, каб злучыцца з ангельцамі, якія зрабілі значны поступ у даліне ракі Ліры.
Сам аўтар кажа аб крызысе бою й слабасьці ворага, як і аб тым, што з манастыра страляюць густа, але дзеля таго, што, як выясьнілася пазьней, вораг хацеў выстраляць амуніцыю перад капітуляцыяй.
Застаецца дасказаць, што ў той-жа дзень, які прышоў па жахлівай начы другога наступу й аб якім аўтар так непакоіўся ў сваім апавяданьні — гэта знача ў дзень 18-га травеня 1944 году — Монтэ-Касыно было занята.
Читать дальше