— Пажывем — пабачым...
— Бывай здароў i, э, наракай на самога сябе.
— Не... Я не дарую таго!
— Халера цябе ведае, э, чаго ты, э, хочаш.
— Да пабачэньня вам, — Сьцяпан кінуўся ў дзьверы.
— !дзі з Богам...
Старшыня гаварыў далей, але Сьцяпан ужо ня чуў яго. Ён выбег на вуліцу, забыўшыся пра летні плашч, які пакінуў у сакратарыяце. (Парт'е даў у сьледзтве паказаньні, што Сьцяпан, бы ненармальны, зьбягаў з усходаў першага паверху, мармычучы пад носам: "Я табе пакажу!.. Я табе пакажу!..")
Знайшліся й такія, што бачылі, як Сумленевіч падпальваў машыну. Ён, сьведчылі яны, выпусьціў з бака бэнзін, каб не дайшло да выбуху, што дадаткова даказвала сьвядома злачыннае дзеяньне Сьцяпана на шкоду пацярпелага старшыні. Бак усё роўна ўзарваўся-б, аднак-жа так ня сталася; нехта казаў, што Сьцяпан наліў у яго поўна вады... Агонь ахапіў нават калодзежык каналізацыі, куды нацякаў успалыхнулы бэнзін i адкуль — таксама й гэта бачылі — выскоквалі пацукі (аднаго, спаленага, усе хадзілі глядзець, але, аказалася, гэта быў жмут клочча ці пакульля). Гаварылася — калі Сумленевіча выпусьцілі з камісарыяту што ў той машыне старшыні сядзела яго, Сьцяпана, жонка, бязьдзетная фахоўка, i ён з францускім ключом у руцэ пагнаўся за ёю, а яна, скінуўшы з ног пантофлі на высокіх абцасах, паімчала церазь нізкія платы агародаў у кірунку стражніцкай вежы пажарнікаў, каб, падняўшы там трывогу, выратаваць рэшткі дабра ягонага шэфа...
Нікому й не падумалася, што Сьцяпан Сумленевіч сам заявіўся ў міліцыю. (Калі адчуў, што можа забаяцца сваёй задумы.)
Сяржант прабурчэў да Сьцяпана:
— !дзеце вы дахаты, бо іначай пасадзім вас у выцьвярэзьнік.
— Я ня п'яны, — ціха запярэчыў яму Сьцяпан. — Я прыходжу да вас са справай, i вы абавязаны выслухаць мяне.
— Чуў я тое, хопіць! Трэба будзе — паклічам.
— Што я павінен зрабіць, каб вы мне паверылі?
— Перастаць дурыць нам галаву.
— Мо' пабіць шыбу ў вакне камісарыяту?..
— Я табе паб'ю! Я, ведаеш, што табе паб'ю за гэта? — злосна прабубніў міліцыянт. — Ну, ваш адрас я запісаў. Да пабачэньня вам.
— Вы мяне абражаеце!
— Чым?
— Даючы мне зразумець, што я — ненармальны.
— Вы, кажаце, спалілі машыну й яшчэ хочаце запэўніць нас, што зрабілі гэта напэўна вы, каб, крый Божа, мы часамі не памыліліся. Ці вы, скажэце мне, лічыце нас дурнямі?
— Я прашу вас: складзеце пратакол допыту мяне.
— Мы — не бюро бытавых паслугаў насельніцтву. Ясна?
— Калі так, дык, калі ласка, зьвяжэце мяне з капітанам.
— Які вы чалавек! — зьнецярплівіўся сяржант. — Ну, ідзеце вы адгэтуль. Па-добраму вас прашу: ідзеце сабе дахаты.
— Я нікуды адсюль не пайду!
— Званіць мне па карэтку хуткай дапамогі? — сяржант паклаў руку на тэлефон, які, як на тое, якраз зазваніў; ён уздрыгануў. — Сяржант Дуля, слухаю, — сказаў у трубку. — Выканана, — далажыў ён камусьці. — Ага. Так. Што? Не, — ён павярнуўся бокам да Сьцяпана. — Разумею. Не. Не. Не. Раблю, што магу... Так. Так. Ясна! — сяржант паклаў тэлефонную трубку й даўгапісам натхнёна пачухаўся за вухам. — Гм, — уважліва прыгледзеўся ён да Сьцяпана, можна сказаць, з сардэчнасьцю. — Дык, значыць, вы жадаеце даць паказаньні?
— Вас аблаялі? — Сьцяпан: "Што я найлепшае раблю, ідыёт?! Хачу-ж дабіцца ўмоваў дзеля зьнішчэньня кагосьці, хто..."
— Дайце мне, калі ласка, ваш пашпарт, — папрасіў ён у Сьцяпана, выклаўшы з шуфлядкі колькі пратакольных блянкаў.
У Сумленевіча пашпарту не аказалася.
— Хвароба, я, мусіць, пакінуў дома... — Сьцяпан абшукваў кішэні, але ўжо ведаў, што надарма. — Нашто сумленнаму чалавеку пашпарт патрэбны? — гаварыў ён, бы той, хто нарэшце дачакаўся пачастунку й, пакуль, дзеля прыстойнасьці, аднекваецца ад яго. — Вось, не падумаў я, гэ!.. Мо' хопіць вам мая службовая легітымацыя?
— Давайце.
Складаньне сяржантам пратаколу працягнулася не даўжэй за паўгадзіны. Сьцяпан, звычайна, прадыктаваў яму вопіс здарэньня. Паспрачаліся яны наконт матывацыі ўчынку.
— З вас — недурны госьць, а пляцеце тут, ажно слухаць брыдка, — упарціўся перад Сьцяпанам сяржант. — Вы будзеце адказваць перад судом за падпал. Вашы галаслоўныя абвінавачваньні старшыні мяне не цікавяць. Нам неабходныя факты, якія магчыма праверыць. Як кіраўнічы працаўнік каапэратыву, вы разумееце, што адных падазрэньняў мала, каб на іх паставіць справу. Усё, што вы гаворыце пра свайго шэфа, не пазбаўленае агульшчыны, ананімнасьці. Мо' вы чаго баіцеся? Не? Слушна! Ад страху яшчэ ніхто нічога добрага не зрабіў. Што? Прабачце, я вас добра не дачуў... Ці ў нашай фірме бывае зло? Канкрэтна, у камэндатуры? Гм, дзіўны вы — першы раз бачу я такога кніжнага, такога Няхлюдава... Што? Якая ў мяне адукацыя? Сярэдняя. I вучуся я далей. Чаму вы пытаеце мяне пра гэта? Ага, таму што я не афіцэр. Буду ім. Адкажу вам на папярэдняе пытаньне: зло — гэта наш надзённы хлеб. Адсюль — натуральнае тое, што праяўляем мы асаблівую цягу да прыгожага ў чалавеку. Жывем-жа мы ў смуроднай атмасфэры, зьяўляемся як бы чысьцільнікамі грамадзкіх адходаў, таму, па— афіцэрску, кахаем адэкалёны. Вы разумееце мяне? Прафэсійнае скрыўленьне — змоўніцкае бачаньне намі рэчаіснасьці... Вам гэта ясна? Дальбог, вы цікавы тып! Штосьці вам скажу: з вашым характарам трэба шукаць сабе месца ва ўстанове, дзе няма буйных фінансавых апэрацыяў, значыць, і... Што? У міліцыі? Не, вы ў нас нарубалі-б дроў болей, чымсьці трэба. Тут мус ведаць жыцьцё, мець на яго нэрвы. Вы занадта тонкаскуры. Шчыра кажу вам: шкада мне вас! Вельмі спрыяльнай вам акалічнасьцю зьяўляецца ваша добраахвотнае прызнаньне ў злачынстве. Дастанеце на судзе, я лічу, гадок умоўнага пакараньня турмою плюс рамонт машыны на ўласны кошт. Кар'ера ваша, вядома, лясьне. Малады вы, дык лёгка дагоніце страчанае i перагоніце...
Читать дальше