"Перастань!.."
"Я-ж твая жонка, Сьцяпулёк. Мне — страшна, калі падумаю, што ты губіш сябе. Жанчына без мужчыны — безабароннае стварэньне, баба, якую можа пакрыўдзіць любы, каму зажадаецца. Твой пройгрыш будзе й маім, але падвойным! Жанаты павінен разумець, што ўсенька ўчыненае ім адбываецца ня толькі ад яго ўласнага імя. Патрэбна не абы-якой дурноты ў незадаволенай жыцьцём жонкі, каб дадумалася яна да таго, што даволі ёй пазбыцца разьлезлага мужа, а зажыве яна па-новаму. Сьвядомасьць — гэта дзівосны інструмант: спраўны ён у якіх хочаш акалічнасьцях, у рэальных і нерэальных..."
У другі дзень хваробы Сьцяпан натужыўся й выпіў шклянку гарачай гарбаты зь мёдам, зь зялёнай цыбуляй упрыкуску.
15.
Кіра прынесла навару з чорнай парэчкі. Увайшла ціхім крокам дзяўчыны.
— Ня сьпіш, Сьцяпанка?
— Я ўжо й сам ня ведаю, калі сплю, а калі не, Кірачка.
— I трэба-ж было табе ў той Бельск ехаць?..
— Начальства лепш ведае, што мне трэба рабіць.
— Яно ведае, як сабе дагадзіць.
— Трэба зарабіць...
— На торбы? — яе бровы падскочылі ад раптоўнай уцехі.
На яе твары была тая заклапочанасьць жанчыны, якая пасьпела ўявіць сваю безабаронную адзіноту. "Я ведала, што ты дурненькі, але не спадзявалася, што ажно настолькі", — прачытаў Сьцяпан у яе вачох. Кіра не згадзілася падаць яму чарку жытнёўкі, хоць гэта й мела ўзбудзіць у ім апэтыт. Алькаголь не ўзмацняе, растлумачыла яна. Забірае ён з крыві кісларод і ад таго празьмерна ўспацееш. Паслабляе таксама рэагаваньне нэрвовай сыстэмы, мазгоў...
— У цябе, Кірачка, усё прадуманае. Жанчыны наогул такія?
— Што мужчыны рабілі-б бяз нас?
— Прапалі-б!
Яна чульліва абняла Сьцяпана за галаву, і ён, забыўшыся пра градусьнік пад пахаю, прыціснуў яе да сябе й, са спрытам вопытнага каханка, расшпіліў на ёй блюзку. Ратуй мяне, шаптаў, нагрэй. Потым, мілы наркаманік, потым, калі паздаравееш і маці дома ня будзе... Сьцяпан дабіўся ў Кіры свайго, але яго калола слоўца "наркаманік", якім паслугоўвалася яна ў выпалку сваёй неахвоты да штодзённага каханьня, хаваючы жаль порсткай жонкі да няскладнага мужа. Паводле яе апазнаньня, чалавек выключнай дабрыні па сутнасьці не адрозьніваецца, скажам, ад алькаголіка: тое-ж шуканьне ім забыцьця. А жыцьцё дамагаецца ад свайго ўдзельніка ўдарніцтва! У слушнасьці Кірыных высноваў прадчуваў ён незадаволенасьць ім, якую баялася яна выказаць уголас. Быццам у вадказ на тое, як бы міжвольна, ён падсумаваў яе павучаньні:
Калі мусіш думаць, дык не гавары. Калі сказаў, дык не пішы. Калі-ж напісаў, дык не падпісвай. А калі падпісаў, дык сам ты таго хацеў...
Кіра паставіла шклянку са сподкам на падлогу.
— Ты ў чымсьці падазраеш мяне, Сьцяпан, — сказала яна. — Ну, сьмела кажы, менавіта, у чым?!
— Я? — Невядома, калі наскочыць на цябе найгоршае. — Кіра, пашкадуй ты мае нэрвы, — Сьцяпан сеў у пасьцелі. — Я хворы, а ты пачынаеш са мною сур'ёзнае, ад якога напраўду можна дайсьці да думкі, што жыцьцё нас абаіх — нішто іншае, як кантракт i толькі кантракт. Справа на пэўны прамежак часу або парадку рэчаў...
— Прабач, Сьцяпанка. У мяне, ведаеш, хутка мэнструацыя, i таму я без дай прычыны ўзбуджаюся, — яна зграбна схілілася па шклянку. — Я нарыхтую табе паранага малака зь мёдам.
"Мэнструацыя! — калацілася ў ім. — Пачуў-бы гэта набабнік з мудрым ілбом міністра, дык запляваў-бы ад тае сьцены. У сукінсыне не шукай ты пашаны, нават да самога сябе, бо яму й сваё гаўно сьмярдзіць!.." Перад жанімствам з Кірай Сьцяпан перажыў дзіўную прыгоду: маладая ўдава прапанавала яму шлюбнае жыцьцё на паўтары гады, да часу, пакуль вернецца з Канады яе жаніх, стары кавалер, які паехаў туды зарабіць валюты ў брата, уласьніка, здаецца, рамонтных майстэрняў. Ня бойся, я нічога табе не нараджу, супакойвала яна Сьцяпана. А тое, што ты навучысься ад мяне, вельмі прыдасца табе, хлопча, калі сам ажэнісься. Пераканаесься, што i ў каханьні патрэбная навука. Я ведаю гэта, павер ты мне. Падумаю, адказаў ёй Сьцяпан i больш не пабачыўся зь ёю; яна, зрэшты, не шукала яго, відавочна дайшоўшы да вываду, што ён не зразумеў-бы яе або, чаго добрага, потым пусьціўся-б яшчэ ў сабачую скуру.
— Кіра, цябе не зьдзіўляе дзівосная раўнавага ў колькасці мужчынаў i жанчынаў на сьвеце?
— Гм.
— Або: гультай як грамадзкае паняцьце? Што людзі — як тыя валуны, удзірванелыя, якія не варушацца i ў буры зь перунамі? Маланка смаліць такому па хрыбце, ажно дым ідзе зь яго, а ён ляжыць сабе й нават не пачухаецца...
— Я прынясу табе паляпірыну, — Кіра зьнікла.
Читать дальше