— Вядома, — Сьцяпан вырашыў: няхай яму не здаецца, што маімі рукамі ён ад судоў абароніцца!
— Вераць вам і, шчыра кажучы, я гэтаму зайздрошчу, ведаеце... Але маё службовае становішча, э, па сваёй прыродзе мае, так сказаць, крыўдзільны характар, разумееце, — надпіў ён з чаркі. — Я мушу заўсёды выбіраць паміж меншым i большым злом, як палітык, які гэтым адрозьніваецца ад бюракрата, што імкнецца да мэты, а не да прадухіленьня ўласнай адказнасьці, э...
Сьцяпан пакрыёма зноў зірнуў на гадзіньнік: набліжалася чацьвертая.
— На мяне, напэўна, усялякае гавораць... — старшыня чакаў, што на гэта скажа Сумленевіч.
— Так вам здаецца, пане старшыня.
— Ну, а ўсё-такі?
— Што вы! — Сьцяпан заварушыўся. — Дурноты я ня слухаю.
— А вы, калега, паслухайце іх. Гэта важнае мне, э, як кіраўніку ўстановы, — прыцішыўся ён. Сьцяпан не адзываўся. — Рэагаваньне вуліцы, ведаеце, адбываецца ў рамках стэрэатыпаў, плётак, расьсейваных чутак. Арыентацыя ў іх зьяўляецца ўмовай правідловых высноваў для плянаваньня канкрэтных пачынаў, э...
"Ён хоча прычапіць мне вуха, — Сьцяпан закурыў, ад нечаканасьці не пачаставаўшы старшыню папяросай. — А я ўжо думаў Бог ведае што! Разьлічыў, шэфік, нядурна: я, карыстаючыся ўсеагульным даверам, ідэальна падыходжу яму ў якасьці крыніцы канфідэнцыяльных зьвестак пра асяродзьдзе. I шантажык на мяне ў выглядзе інспэктара ёсьць, быццам у паліцыйным кінафільме... Не спадзяваўся я па ім таго. Не!"
— Збор плётак ды чутак уваходзіць у дзялянку маіх службовых абавязкаў, таварыш старшыня? — Сьцяпан устаў, як бы намерваючыся адбіць удар зьнянацку: "Абразіцца — i канцы ў воду!"
— Адкажу вам па-салдацку, — загаварыў ён зьмененым голасам. — Абавязак радавога — ахоўваць свайго каманьдзіра ў бітве.
— Вайсковых рэглямантаў я не чытаў, пане старшыня: не давялося мне служыць у арміі. Але, час ад часу, трапляюць у мае рукі тоўстыя кніжкі мудрацоў, зь якіх, між іншым, даведаўся я, што чалавек ваюе наогул самотна — перамагае або стаецца пераможаным. I ніхто нікому ня ў сілах дапамагчы, бо дапамаганьне нішто іншае, як захоп, прынамсі, часткі таго кагосьці...
— Так, так... Позна ўжо. Пайшлі дамоў, пане Сумленевіч.
Разыйшліся яны на тратуары перад будынкам каапэратыву, скінуўшы
шапкі для кароткага паклону.
— Да пабачэньня, э...
— Да пабачэньня.
"Што сказала-б на ўсё гэта Кіра? Прамарнаваў я шанц? Старшыня па— свойму дацаніў мяне? Кіра, мая Кірыца-палахлілівіца, адсекла-б: ён цябе баіцца! З боязі прапануюць сакрэтнае супрацоўніцтва, каб... каб абясшкодзіць, во! Або... ну, што?" — Сьцяпан шчыльней захінуўся плашчом.
13.
Сьцяпана паслалі ў Бельск кантраляваць аддзел. На два дні. Меўся ён ехаць туды легкавой машынай, але раніцай накіравалі яе ў цалкам супрацьлеглую мясцовасьць. Давялося яму купіць білет на аўтобус, якога плянавы рэйс, як на злосьць, не адбыўся. У касе вярнулі грошы — і Сумленевіч, пазяхаючы ад разгубленасьці, пабег на стаянку таксі, дзе застаў ён даўжэзную чаргу. Яму сьпяшалася на чыгуначны вакзал — бліжэйшы цягнік у Бельск ад'яжджаў праз дваццаць пяць хвілінаў — і ён пайшоў пешшу.
На алеі Першамая Сьцяпану пераступіў дарогу незнаёмец, якому — не адразу ўспомніў сабе гэта — дапамагаў адкрыць рамесны варштат.
— Добры дзень, пане Сумленевіч! — быў гэта малы бедны мужчына. — Я й не падзякаваў вам за помач. Вы — добры чалавек. Кажу сваёй жонцы, што на сьвеце...
— Як вам працуецца? — Сьцяпан: "Ну, канец: не пасьпею я на цягнік!"
— Дзякую, можна жыць, — у яго, здаецца, былі штучныя зубы. — Тады я, як убачыў вас, дык і падумаў сабе: ня можа таго быць, каб аказаліся вы благім! Яксьці відаць душу ў чалавеку. Вось, прыкладна, ідзе вуліцаю баба. Прыгледзісься да яе і, будзь я так здароў, не памылісься: курва яна ці нэрвовая кабета?! Во, во...
— Прабачце, — таптаўся Сьцяпан. Яму на скронях выступіў пот. — Я на цягнік...
— Мала ўчцівых, такіх як вы, пане Сумленевіч...
Перабіў яго:
— Зараз учцівым магчыма пабыць дома.
— Колькі разбою... Ах! — хацеў ён хуценька выказацца. — Пра нішто іншае не пачуеш, як усё пра падкусваньне... Хто каго сьпіхнуў...
На шчасьце, цягнік рушыў са спазьненьнем. Сьцяпан, стоячы ў перапоўненым калідоры, выціраўся хустачкай ды пасьміхаўся з самога сябе: "Бачыш, балванец! Не давярайся ты чыгуначнікам ды пунктуальнасьці — і хопіць табе часу на многае..."
Вагонам кідала.
Сьцяпану засела ў памяці гэтая паездка. Не таму, што ён адкрыў у Бельску неахопны балаган і дзіцячую — каб не сказаць злачынную — бесклапотнасьць кіраўніцтва тамашняга аддзелу.
Читать дальше