Старшыня гаварыў. Прыкурваў ён папяросы з пазалочанымі канцавінкамі ды араматызаваныя, душныя. Частаваў імі Сьцяпана. Прыймаў тэлефоны, на якія адказваў коратка. Дастаў з барыку бутэльку каньяку й кумпястыя чаркі. Каньяк, пяцізоркавы, адбіраў дых; меў пах першаку. Разы два шэф адказаў камусьці, што — заняты; так, намесьніку. "Пяты год вучу яго работы", — сказаў пра яго. Сьцяпан, ад няёмкасьці, прыкінуўся, што не зразумеў, пра каго гаворка — і, машынальна, адчуў прыліў пяшчоты да Кіры, шкадаваньня яе. Жанчыны рэдка бываюць выдатнымі адзінкамі, не па біялягічных прычынах. Іх праглынаюць мужчыны, ад якіх яны залежныя. Тыя, што выкупілі Тараса Шаўчэнку ад пана, кіраваліся не сэнтымэнтальным разьлікам перад усім.
Да Сьцяпана даляцелі трывожлівыя словы: — Памятайце: уводзіце неспакой!
— Божа мой, які?!
— Выбачайце. У мяне няма часу. Да пабачэньня, э, калега.
— Да пабачэньня, таварыш старшыня. Дзякую, — гэта тады запрасіў ён старшыню ў госьці да сябе, на Каляду (з жонкай). Пляваўся, калі апынуўся за дзьвярыма габінэту, у калідоры, у туалеце над умывальнікам, над якім знаходзіцца электрычная сушылка для рук, пакуль яшчэ не папсаваная. Здарылася агіднае! Апраўданае яно своеасаблівай лёгікай, якая клінцом прастраміла навылёт такое, пра што Сьцяпан дбайна клапаціўся; падкасіла ўзгадаваныя ў ім мары, якія ўжо далі малютку ягадку ўдачы.
12.
Заставаліся нераспрацаванымі цэны на выбары, якія каапэратыў укараняў у вытворчасьць. Дарагая сыравіна, імпартаваная з-за мяжы, з Аўстрыі й Швэйцарыі, адназначна абумоўлівала расцэнкі. Адзінае, што магло зьнізіць сабекошт, — гэта ўзмацненьне аўтаматызацыі тэхналягічных працэсаў.
Рызыкавалася многім: купля замежнага вытворчага абсталяваньня магла не апраўдацца. Адсутнічала апэратыўная арыентацыя ў структуры попыту; разважаньні аб гэтым у каапэратыве былі, амаль, традыцыяй.
Сьцяпан, каб пазьбегчы прызначэньня яму нецікавага заданьня, выступіў зь ініцыятывай арганізаваць дасьледваньне прадбачванага рынку збыту.
— Нашто? — замахалі на яго рукамі. У канцы канфэрэнцыйнага стала шапталіся, ківаючы галовамі, удзельнікі звычаёвай нарады.
— Перадумовай удачы зьяўляецца...
Яму не далі закончыць. Але ён, ужо хітруючы, яшчэ сказаў:
— Ёсьць-жа памкненьні ў кірунку выпуску навінак! Няўжо вы не разумееце, што гэтага цалкам дастаткова? Няхай вам, паважаныя калегі, не баліць галава пра маштабы продажу. Пакупнік, як ведаеце, ня мае голасу — ён задаволены тым, што наогул можна сёе-тое купіць...
— У нас, дзякуй Богу, няма рынку пакупніка. I не ён наш пан, — умяшаўся хтосьці, хто маўчаў.
— Людзі, аднак, хочуць...
Сумленевічу разыходзілася пра тое, што неабходна імкнуцца да перадавога ўзроўню вытворчасьці. Выслухалі яго нецярпліва й перайшлі да абмеркаваньня справаў дробных, каб не сказаць — дурных.
Старшыня час ад часу зіркаў у бок Сьцяпана, у азарце. Ён прыкметна ўсьміхаўся да самога сябе, як гэта, мабыць, робіць певень, гледзячы на курэй, якія накінуліся на мякіну. Дзюбалі й дзюбалі яны, даючы ўцеху аднаму.
"Каб ня тое, што бяз грошай немагчыма пражыць, я не тырчэў-бы тут больш ні сэкунды! Высадзіў-бы акно, зваліўся-б на тратуар, пакалечыўся-б, бо не хапіла-б мне вытрымкі выйсьці адсюль нармальна, празь дзьверы й калідор", Сьцяпан пальцамі мацаў патыліцу, у якой брыняў боль.
Ад пачуцьця бяссэнсу ён быў блізкі беспрытомнасьці, шырока ўгледжваўся ў падлогу, у геамэтрычныя фігуры паркеціны. Такога спосабу ратаваць сябе ад зацьменьняў яго навучыў лекар, у якога ён лячыў кутні зуб; дантыст пасьпяхова вырваў Сьцяпану ўнутраны нэрвік, пасьля чаго сярэдзіну зуба вычысьціў ад гнільлі й запоўніў яе белістай сумесьсю. Салідна выканаў сваю работу! "Вы, калі ласка, не заплюшчвайце вачэй, глядзіце ў столь, і не ўяўляйце сабе таго, што я раблю. Пастарайцеся зразумець, толькі зразумець тое; думайце пра неабходнасьць лячэньня, і вам стане лягчэй..." — прыгаворваў сымпатычны дантыст, не перапыняючы сваіх дзеяньняў. Яму таксама ўспацеў лоб; бзычэла сьвідравальніца.
Вакол старшыні ўзьнялося гарлапанства. Шумелі — кураняты каля квактухі! Сумленевіч адвёў зрок ад замяшаньня, як той, каму далі па мордзе й сказалі, каб ня лез у не сваё.
— Пане старшыня, я думаю, што ўжо магу пайсьці да сябе, — нясьмела папрасіў Сьцяпан. — У мяне шмат працы, не мяне чакаюць пэтэнты, — яму дзеравянелі мускулы на твары, а голас разыходзіўся водгульлем па галаве. Ад пустэчы.
— Ужо закончваем, — адгукнуўся старшыня. — Таварышы, ціха, — ён пачухаў сабе кончык носа. — Што-ж, э, дзякую вам за ўдзел у абмеркаваньні. Нарада была плённай. Да пабачэньня.
Читать дальше