– Разумею гэта, – сказала баба. – Нашых хлопцаў таксама шмат Саветы ў войска пагналі. Засталіся тыя, хто пахаваўся. А немцаў я нават на вочы не бачыла. Толькі чула ад людзей, што іх вялікія сілы галоўнымі дарогамі пасунуліся.
Як пачала яна потым Гітлера і Сталіна клясці, дык мяне ажно страх узяў!… Халера з ім, са Сталіным, бо чорт яго ведае, дзе ён ёсць. Але Гітлер жа тут! А яна кляне… Так, не здолелі польскія паны свой народ прыстойна выхаваць. А цяпер невядома, як з імі і размаўляць. А яна крычала гучна:
– Зваліліся, заразы, на нашыя галовы і нішчаць нас! Добрасумленна працаваць ім не хочацца, дык па нашу крывушку прыходзяць. Адзін сатана быў. Пазабіраў быдла, збожжа, людзей. Цяпер другі прыйшоў! І няма на іх халеры альбо перуноў!
Страшна яна іх кляла. Дык і я патороху пачаў ёй дапамагаць. Толькі пра Гітлера, натуральна, не ўзгадваў. Але Сталіна я канкрэтна абрабіў.
– І мяне, гаспадыня, гэты подлы Сталін знішчыў! І ўсю Расію таксама. Не толькі вас.
Такім чынам мы іх з гадзіну часу лаялі. Баба Сталіна і Гітлера, а я Сталіна. Яна ад злосці і жалю дык нават плакаць пачала. Вядомая справа: палітычна несвядомы элемент. Не разумее, што так яно і павінна быць, бо інакш бы парадку не было. Толькі гэты грузін Сталін моцна нас падвёў і прывёў Савецкі Саюз, а таксама непераможную Чырвоную Армію да вялікага паражэння.
Развітаўся я з гаспадыняй і вельмі ёй падзякаваў. Паказала яна мне, як выйсці да вялікай дарогі… у кірунку літоўскай граніцы. Сказала, што там яшчэ спакойна і немцаў напэўна няма.
Троху мне весялей зрабілася. Наеўся я добра і кавалак хлеба меў у запасе… Але і дурны гэты польскі народ! Сама кажа, што бяда ў іх, аднак іншаму дапамагае. І каму? Уласна таму, хто дапамог Сталіну сюды ўвайсці. Што яна простая мужычка, дык я не вельмі ў гэта паверыў. Бо карціны на сценах, падлога, стулля і падушкі ў белых навалках яе выкрылі. Ну і чаравікаў некалькі параў заўважыў. А найболей падазроны быў сцянны гадзіннік. Таму мяркую, што яе муж у польскім урадзе нейкае вялікае становішча меў. Бо якім чынам звычайны мужык да такіх рэчаў дайшоў бы? Але найбольш мяне здзівіла яе адвага. Першы раз у жыцці чалавека ўбачыла і адразу кляне апошнімі словамі і Сталіна, і Гітлера. Ніякай разважлівасці не мае.
Знайшоў я большую дарогу і пайшоў бакавымі сцежкамі ў накірунку Літвы. Але стараўся ісці так, каб увесь час побач з лесам быць. Так заўсёды бяспечней. Людзей той ноччу я не спаткаў, але некалькі разоў чуў, як паблізу псы брахалі. І навошта тут столькі гэтай погані трымаюць? Ім жа трэба жэрці даваць!… У Вільнюсе мы з псамі парадак навялі. Я сам некалькіх застрэліў. Вядома ж: пёс – ён элемент контррэвалюцыйны. Здалёк чуе, што патруль ідзе, і рэакцыяністаў сваім браханнем папярэджвае. Нашы арлы з НКВД таксама псоў маюць і адпаведную школу іхнюю дзеля знішчэння ворагаў працоўнага люду. Таму калі брахаць, дык толькі з мэтамі сацыялістычнымі і гэткім жа чынам.
28 ліпеня 1941 года.
У гумне.
Я не скончыў учора апісання маіх прыгодаў, таму сёння пішу далей. Цяпер я, можна сказаць, найшчаслівейшы чалавек на зямлі, бо пазбегнуў жахлівай смерці ад рук нямецкага НКВД і, можа, ўвогуле яшчэ неяк ацалею. Бо шкада было б, каб Расія страціла такога спраўнага абаронцу сацыялізму, як я. Адно мяне вельмі палохае: не ведаю, што стане з маёй пакінутай у Вільнюсе ўласнасцю. Што праўда, дзверы я добра абараніў, але ж могуць іх выламаць, каб да маіх скарбаў дабрацца. Я цяпер вельмі шкадую, што жыў у нязгодзе з вучыцелькамі і апошнімі словамі на іх абзываўся. Цяпер з-за злосці на мяне яны могуць скарбы мае сабе прыўласніць.
Але трэба апавядаць аб маіх прыгодах. Пасля выхаду з гораду я больш за два тыдні па лясах блукаў. І не ведаў, куды ісці, што рабіць? Тым часам саслаб вельмі, бо апошнія дні толькі ягадамі жывіўся. А адной ноччу бульбы ў полі накапаў і на вогнішчы яе спёк. Але доўга так жыць мне цяжка было, бо як афіцэр меў я вельмі далікатнае здароўе і любіў штодзённа хлеб есці. А пакуль ў Польшчы знаходзіўся, дык зусім распесціўся і цалкам неразумна да розных каўбасаў а таксама масла прызвычаіўся. Думаў, што так будзе заўсёды. І так было б, каб не подлая здрада Сталіна. А здрада павінна была быць, інакш бы Гітлер ніколі не наважыўся напасці на магутны Савецкі Саюз і непераможную Чырвоную Армію.
Аднойчы ўвечары выйшаў я з лесу і пачаў асцярожна аглядаць наваколле. Заўважыў паблізу нейкае жытло. Дом стаіць на пагорку, а ўнізе гумно, стайня і хлеў. Людзей бачна не было, і іншага жытла паблізу я не заўважыў. Але чакаў, што далей убачу. Доўга нікога не было. Потым нейкая баба выйшла з дому і пасунулася сцежкай у накірунку гумна. У руках несла пілу і сякеру. Спусцілася ўніз і пачала каля асеці дрэва пілаваць. Тады я, прымушаны голадам, набраўся адвагі і са схованкі выйшаў. Убачыў, што кабета немаладая і што цяжка ёй самой дрэва пілаваць, таму прамовіў:
Читать дальше