Паклаў я на сена кажух, боты зняў і коўдрай накрыўся. І пачуўся вельмі шчаслівым чалавекам. Аднак палякі тыя не так ужо і страшна подлыя, як нам аб іх казалі. Бо, трэба сказаць праўду, ніхто з іх мяне яшчэ ні разу не пакрыўдзіў, усе толькі дапамагалі. У нас дык мне б ніхто дапамогі не аказаў. Такім тыпам, што ад улады хаваюцца, ніхто не дапамагае. А тут народ іншы. Толькі тая подлая Ірка мяне вельмі пакрыўдзіла. Але, можа, я ёй яшчэ і адпомшчу.
Спаў я вельмі моцна, пакуль не пачуў, што мяне нехта кліча.
– Мішка!… Мішка!…
Пазнаў я голас памешчыцы і адгукнуўся.
– Вылазь, – сказала яна. – Трэба снедаць.
Пайшоў я ў дом. Дала яна мне паесці выдатна. А потым прынесла цывільную апратку, боты, шапку, шкарпэткі і чыстую бялізну.
– Сабрала гэта ўдома, – патлумачыла мне. – Гэта рэчы маіх сыноў. Апраніся ў іх, бо ў тваёй бальшавіцкай уніформе зараз хадзіць небяспечна.
Нарыхтавала яна два саганы вады. Паставіла цэбар халоднай. Дала мне рушнік, мыла і сказала добра вымыцца.
– Мусіць, вошай маеш, – дадала яна.
– Ёсць троху, – сазнаўся я. – Рэч у войску непазбежная.
– Гэта гледзячы ў якім войску, – сказала яна.– У вас гэтага багацця і ў войску, і па-за войскам дастаткова. Такая ўжо ў вас культура.
Выйшла яна з хаты. Пачаў я мыцца ўвесь. Выдраіўся старанна і апрануўся. Так, адразу бачна, што гэта панічы былі. Бялізна чыстая, цалкам белая. Адзенне сукновае. Боты моцныя, з добрай скуры. Гэта ўсё да мяне троху не пасавала. Але нічога, з часам абляжыцца.
Прыбраў я кухню і брудную ваду на двор выліў. А тым часам памешчыца прыйшла і гаворыць мне:
– Ты цяпер забудзь, што цябе Мішкам клічуць. Цяпер ты Янка, мой сын. Я маю нават дакументы для цябе, пакуль іншыя, фіктыўныя, не зробім. Калі немцы сюды прыйдуць альбо паліцыя з гміны, дык ты не ўцякай і нідзе не хавайся. Аднак і на вочы ім не сунься. Пачынай работаць, каб не казаць ім нічога. Балаканне з імі – гэта ўжо мая справа будзе. А суседзям, калі пра цябе даведаюцца, скажу, што ты бежанец. Ці ты добра мяне разумееш?
– Так. Усё зразумеў.
– Пры паліцыі альбо немцах, калі прыйдзецца да мяне звярнуцца, кажы мне: мама. А пры суседках ці ўвогуле калі трэба, называй мяне пані Юзэфа.
Вельмі ўсцешыўся я з гэтага. Пачуўся так, быццам на свет наноў нарадзіўся. Зразумеў, што памешчыца гэта загінуць мне не дасць. Ад радасці дык нават слёзы ў мяне з вачэй пайшлі. Схапіў я пані Юзэфу за руку і пацалаваў.
– Дзякуй вам вялікі, – сказаў ёй. – Пакуль жыць буду, не забуду гэтага, і калі буду ў стане, аддзячу за ўсё, бо загінуў бы без пані.
А яна сказала:
– Богу аддзяч, што ёсць тут добрыя людзі і што маюць сэрца нават для сваіх ворагаў, калі тыя ў няшчасці. А ты, я бачу, малады і дурны, дык можа, яшчэ не зусім сапсуты. Таму я цябе выратую, як здолею.
Вось такім чынам я і застаўся там. Спаў і надалей у адрыне, а ўдзень ужо смела па ўсім фальварку хадзіў. Работы было шмат, таму працаваў цэлымі днямі. Зрэшты, і пані Юзэфа цяжка працуе. Нават болей і лепей за мяне. Бо я толькі ад яе рабоце вучуся.
Я вельмі шчаслівы чалавек. Нядаўна яшчэ думаў, што загіну пэўна. І загінуў бы дзе-небудзь ад голаду альбо ад холаду, альбо ад рук немцаў. А цяпер маю і дом, і ежу, і добрую апратку, і дакументы, і гаспадыню, якая да мяне як маці да сына ставіцца. Але дзе там як маці да сына?!… Ад маці сваёй я нічога, акрамя лаянкі, не чуў. А як малы быў, дык яшчэ і біла часта. А пані Юзэфа ніколі дрэннага слова не скажа. І дбае, каб быў сыты, чысты, у бяспецы. Я ёй гэтага ніколі не забуду і, канешне, як толькі будзе магчымасць, аддзячу. Няхай ведае, што мы, бальшавікі, вельмі добрыя і ўдзячныя сэрцы маем!
Таварышу У. Чэрчылю.
3 кастрычніка 1941 года.
Фальварак Буркі.
Пісаць няма калі.
Работы шмат, бо працуем мы толькі ўдваіх… Аднак я буду гэтыя свае Запіскі патроху далей працягваць. Вырашыў я прысвяціць іх таварышу У. Чэрчылю. Так. Бо аказалася, што гэта вельмі вялікі і важны чалавек. Шкада толькі, што не камуніст ён і што англічанін. Аднак цяпер ад яго залежыць перамога ў вайне… Усё гэта дакладна мне пані Юзэфа растлумачыла. Бо перад тым уся палітыка ў мяне ў галаве пераблыталася.
Праз пару тыдняў пасля майго прыходу на фальварак я падчас вячэры пачаў моцна Сталіна клясці. Ведаў, што яго палякі не любяць і хацеў такім чынам пані Юзэфе дагадзіць. А яна сказала:
– Грашыш ты, хлопча! Нельга так брыдка праклінаць. Гэта сведчыць пра недахоп добрага выхавання. А што новая вайна распачалася, дык Сталін яе зусім не хацеў. Гэта Гітлер на Расію напаў, як папярэдне на Польшчу. Гэта ягоная сатанінская справа!
Читать дальше