Я на яе ажно вочы ад здзіўлення вытарэшчыў. Нават спалохаўся, бо падумаў, што, можа, яна камуністка альбо агентка НКВД. А яна далей гаварыла:
– Ты цяпер з’яўляешся нашым саюзнікам, бо 30-га ліпеня Сталін і Молатаў у Крамлі ў Маскве дамову з нашым галоўным правадыром генералам Сікорскім заключылі. І цяпер палякі і расіяне будуць змагацца за вызваленне Расіі і Польшчы ад супольнага ворага, Гітлера. А калі пераможам яго, тады Польшча будзе зноў вольная і ў Расіі іншае жыццё пачнецца. Бо ваш урад будзе вымушаны паклапаціцца аб расійскім народзе, які ў выніку вайны дужа пацярпеў. Дапускаю нават, што і ў вас таксама дэмакратычныя асновы ўвядуць.
– А раптам не пераможам Гітлера, бо вельмі гэта спрытны камандзір і магутную армію мае.
А яна сказала:
– Гэта нічога. Можа, мы б самі і не перамаглі, але нам Англія дапаможа.
– Англія?! – спытаўся я і адчуў, што мне ў вачах цёмна робіцца і пачынаю вар’яцець.
Падумайце сабе, людцы: да чаго дажыў Савецкі Саюз!… Тая самая Англія, якая столькі перашкаджала нам у дабрабыце жыць і працаваць; якая хацела зрабіць з нас нявольнікаў і абрабаваць расійскі народ, будзе цяпер нас вызваляць ад Гітлера, які быў такім вялікім нашым сябрам. Адчуў я, што ўжо зусім нічога зразумець не магу. А пані Юзэфа так далей гаварыла:
– Натуральна, Англія. Гэта вялікі народ, стваральнік магутнай цывілізацыі. За імі таксама і Амерыка возьмецца, калі трэба будзе… Ёсць у Англіі выдатны палітык, Уінстан Чэрчыль ягонае імя. Ён Гітлера абавязкова пераможа. Пакуль ім цяжка, бо яны не былі падрыхтаваныя да вайны. Але маюць выдатную прамысловасць, таму вельмі хутка ўзброяцца і адразу з Гітлерам пакончаць.
З таго часу яна пачала мне шмат пра Англію і Амерыку апавядаць. Гаварыла, што Англія ніколі ніводнай вайны не прайграла і што супольна з ёю пяцьсот мільёнаў чалавек працуюць. І што ўжо шмат сотняў год на іх зямлі вораг не быў. Што здолела нават Напалеона перамагчы. Таму і Гітлеру абавязкова рады дасць.
Але мяне найбольш зацікавіў Чэрчыль, бо аказалася, што гэта менавіта ён мусіць Гітлера перамагчы. Я паволі нават пачаў верыць пані Юзэфе, бо пераканаўся, што яна шмат ведае аб тым, што ў свеце робіцца. Нават аб нашым Савецкім Саюзе шмат цікавых рэчаў мне апавядала. І адкуль толькі баба ўсё гэта ведае?!
Вось таму я вырашыў гэтыя мае Запіскі Чэрчылю прысвяціць, каб ён ведаў аб тым, як я моцна яго шаную. Бо неўзабаве англічане сюды прыйдуць, каб немцаў выгнаць. А калі прыйдуць, каб нас вызваліць, дык, ясная рэч, застануцца назаўсёды, каб з людзей адпаведны барыш за вызваленне для сябе спагнаць. Таму варта забяспечыцца і ў выпадку патрэбы мець магчымасць давесці англійскаму НКВД, што я іхняга правадыра вельмі шаную. Шкада толькі, што не маю партрэта Чэрчыля, каб загадзя павесіць, а не тады толькі, як Цэнтральны Камітэт Англійскай капіталістычнай Партыі выдасць такі загад.
Таварышу І.В. Сталіну.
17 кастрычніка 1941 года.
Фальварак Буркі.
Аказалася, што Сталін, хаця і грузін, не быў ніколі здраднікам Расіі. Проста Гітлер яго хітра ашукаў. Ён наўмысна доўгі час прыкідваўся сябрам, каб разам палякаў разбіць, бо Францыі баяўся. Потым абраў спрыяльны момант і, па-здрадніцку парушыўшы міждзяржаўныя дамовы, напаў на нас. Але гэтага яму таварыш Чэрчыль не даруе. Бо англічане – народ з вялікім гонарам і не любяць, калі хто-небудзь слова не трымае. Вось.
Заўважыў я, што пані Юзэфа заўсёды перад ежай кароткую малітву прамаўляе. А аднойчы яна ў мяне спытала:
– Ты, пэўна, не хрышчаны, бо ніколі нават не перахрысціўся.
Ня ведаў я, што ёй на гэта адказаць, але вырашыў схлусіць.
– Мяне маці сама ахрысціла, калі быў малым дзіцёнкам. Але маліцца не навучыла.
– Ведаю, што ў вас рэлігія знаходзіцца пад пераследам, – сказала пані Юзэфа. – Але гэта вельмі дрэнна. Я табе зараз растлумачу, чаму. Бо табе цяжка гэта зразумець. Вось, напрыклад, я хрысціянка. Гэта значыць, стараюся паступаць у сваім жыцці так, як нам Хрыстос наказаў. А найважнейшы ягоны наказ: “Любі бліжняга, як сябе самога”. Як ты лічыш: дрэнна так паступаць ці добра? Ці лепей любіць толькі сябе, а іншых ненавідзець?… Каб я не была хрысціянкай, дык і цябе з той бяды, у якой ты як чалавек апынуўся, не ратавала б. Навошта рызыкаваць дзеля чужога чалавека і да таго ж яшчэ ворага нашага. Бо ведаю, што вас вучылі толькі нянавісці і да Бога, і да іншых людзей. Але паколькі Хрыстос нам казаў нават ворагам прабачаць, а людзям у няшчасці дапамагаць, таму і я табе дапамагла. Вось: дапамагла табе толькі таму, што я хрысціянка. Ці гэта дрэнна?
Читать дальше