Калі дасягнуў Павароту, дык пачало віднець. Дайшоў я да ракі, знайшоў каля берага лодку і пераправіўся на другі бок Віллі. Ведаў я, што там вялікіх дарог няма, таму напачатку буду ў небяспецы. А палякі наўрад ці мяне схопяць і немцам здадуць. Бо яны немцаў не любяць, як і нас.
Увесь дзень я праседзеў у лесе. Было спакойна, але заснуў толькі пад вечар. Абудзіўся пасля поўначы і пайшоў далей уздоўж ракі. Так лягчэй было захоўваць патрэбны кірунак, і вада, каб напіцца, блізка была, бо дні стаялі гарачыя.
Уначы я чуў, як шмат самалётаў ляцела. Потым з тылу, над Вільнюсам, ясна зрабілася, як удзень. Гэта напэўна немцы горад і дарогі ракетамі асвятлялі, каб пераканацца, ці будуць Вільнюс абараняць. Але хто там будзе бараніцца. Хіба толькі вучыцелькі сваімі патэльнямі.
Зранку я ўбачыў па другі бок Віллі большыя лясы. А паселішчаў чалавечых там зусім бачна не было. Таму я зноў праз раку пераправіўся і ў лесе цэлы дзень праседзеў. Такім чынам я ўдзень у лясах хаваўся, а ўночы ішоў далей, сам не ведаючы куды. Але адно ўжо было добра, што я быў жывы і свабодны.
Цэлы тыдзень я лазіў, як воўк, па лясах. Хлеб мой скончыўся хутка, але каўбасы і цукру надолей хапіла. Вырашыў я ўрэшце пайсці да людзей. Можа, дзе якую працу атрымаю, бо ў лясах з голаду здохну. Але мушу ўтаіць, што быў афіцэрам. Бо інакш, калі раптам мяне немцы сцапаюць, будзе мне кепска. А на радавога, можа, і не будуць вельмі злаваць.
Я ўвесь час вельмі шкадаваў, што не маю цывільнага адзення. Вялікую памылку я зрабіў, што не купіў яго сабе, як іншыя нашы афіцэры зрабілі. Пэўна, разумелі яны, што скончыцца наша вялікае сяброўства з Германіяй і вымушаны мы будзем уцякаць. Але мяне вельмі здзівіла, што немцы так лёгка нас пагналі. Яшчэ іх і блізка не было, а ўжо ўсё наша войска драпанула. І ўлады першымі. Нават не паведамілі, дрэні, што нам рабіць. Не інакш як здрада была. Ніколі я таго Сталіну не дарую! Вось, каб яго зараз у лесе самога напаткаць! Навучыў бы я яго марксісцкай дыялектыцы так, што да смерці б памятаў!
У адзін з дзён я з раніцы нічога не еў і зусім саслабеў з голаду. Але ўвечары заўважыў паблізу лесу хаціну. Пачаў я здалёк яе аглядаць. Аднак ніякіх немцаў не заўважыў. Толькі нейкая баба і дзеці ў двары круціліся. Дачакаўся я, калі сцямнее, і ўвайшоў на падворак. Заўважыў у вакне дома святло і зазірнуў у сярэдзіну. Убачыў, што за сталом кабета і дзеці сядзяць. Вячэраюць. Дык мне голад ажно кішкі скруціў. Вырашыў да іх зайсці.
Знайшоў я ўваход у сенцы, а адтуль адчыніў дзверы і ўвайшоў у хату. Адразу зразумеў, што і тут буржуі жывуць. Падлога з дошак. Сцены абклеены шпалерамі. Карціны нейкія вісяць. А на ложках – падушкі ў белых навалках. Хацеў я ірвануць назад, але было ўжо позна. Дадала мне троху адвагі тая акалічнасць, што заўважыў, што дзеці за сталом босыя сядзяць.
– Добры вечар! – сказаў я.
– Добры вечар! – адказала кабета, уважліва аглядаючы мяне.
Дзеці таксама на мяне вочы вытарэшчылі. Тады я кажу:
– Прадайце мне, гаспадыня, хаця б троху хлеба, бо я вельмі галодны.
– Не маю я хлеба на продаж, – сказала кабета. – Можа, хутка самі будзем без хлеба. Знішчылі нас бальшавікі. Мужа забралі разам з канём і фурманкай. Пагналі на нейкія работы, і ўжо год мінуў, а ён не вяртаецца. Пэўна, загінуў дзесь. Сына старэйшага ў няволю забралі ў 1939 годзе. Аб ім таксама нічога не ведаем. Таму не маю зараз ні каня, ні мужчыны для працы… Знішчылі нас цалкам і невядома за што!
– Ці ж я ў тым, гаспадыня, вінаваты? Мяне таксама бальшавікі знішчылі. Забралі ў войска. Прыгналі ажно сюды. А зараз самі ўцяклі, а мяне пакінулі. Не ведаю ні куды ісці, ні што рабіць.
Тады кабета наліла ў міску супу і адкроіла вялікі кавалак хлеба. Указала мне месца за сталом.
– Сядай і еш! – сказала яна. – Хоць ты і бальшавік, але я не хачу галоднага чалавека з дому выганяць.
– Сколькі я вам павінен? – спытаўся я.
– Нічога я ад цябе не хачу, – адказала кабета.– Дала табе есці, каб не зграшыць. Хрыстос нам казаў галоднага накарміць, а ворагам прабачаць. Можа, і мае там, у Расіі, калі яшчэ жывыя, дзе-небудзь галодныя, дык і ім таксама хто-небудзь кавалкам хлеба дапаможа.
Я ў гэта не вельмі паверыў, каб ім у Расіі хто-небудзь што-небудзь даў. Зразумела: самі не маюць. А як заробяць што, дык адразу з’ядаюць, бо таксама галодныя. Але вельмі пачціва ёй падзякаваў і спытаўся:
– Ці не бачылі вы тут немцаў, гаспадыня? Я іх вельмі баюся, бо застрэляць мяне, як убачаць. А ці я павінен у тым, што з’яўляюся салдатам? Узялі ў войска і сказалі служыць, дык я і мусіў.
Читать дальше