Злосць мяне ўзяла. Усхапіўся я на ногі. Стаў перад партрэтам Сталіна, які, як мне здавалася, партрэту Гітлера па-хаўрусніцку вокам рабіў, і спытаўся ў яго:
– Як жа там пайшло ў цябе з нашым верным сябрам? Раскажы мне гэта, вучыцель наш і правадыр каханы! Ці ты здурнеў зусім на старасці год альбо такім жа самым здраднікам з’яўляешся, як Троцкі!
А ён нічога.
Тады я партрэт ягоны са сцяны зняў і гляджу яму ў яго фальшывую грузінскую пысу. А ён маўчыць… Таму я яму так сказаў:
– Твой тата быў чэсным пралетарам і шанаваным шаўцом. Дык і табе трэба было навучыцца боты якасна шыць. Але ты не любіў чэснай працы, таму пачаў на папа вучыцца. Тольку розуму дзеля гэтага меў замала, вось і выгналі цябе з семінарыі як сабаку. А цяпер зноў дурнем аказаўся!… Не! Не тваё гэта месца ў ганаровым куце!
Паклаў я партрэт Сталіна на стул і на яго месцы павесіў партрэт Гітлера і чырвоную лампадку перад ім запаліў. А Сталіна нагой як штурхнуў, дык толькі шкло з рамы пасыпалася, а партрэт угору ўспырхнуў, і за печ заваліўся. Нават з гэтай сітуацыі выкруціўся, бо я збіраўся яго на дробныя кавалачкі падраць. Палез я на печ, але ніякім чынам партрэт дастаць не здолеў, бо ўніз ссунуўся. Плюнуў я толькі туды і злез.
Потым стаў перад партрэтам Гітлера і гляджу яму ў вочы. Адразу зразумеў, што ён з’яўляецца вельмі мудрым і ідэйным правадыром. А які адважны! Столькі ўжо краін прыдбаў, а цяпер адначасова і Англію, і Расію ў абарот узяў. І яшчэ як узяў! Я сам пераканаўся.
Стаў я на каленях перад партрэтам Гітлера і нізка яму пакланіўся. Зразумеў, што гэта ЁН вядзе чалавецтва да лепшага жыцця і клапоціцца аб шчасці пралетарыяту. Што сапраўдны сацыялізм можа ў свеце пабудаваць.
Вельмі мне стала шкада, што я не магу ў ягоны гонар нямецкага Інтэрнацыяналу заспяваць. Нават гэтаму не навучыўся, аслеплены фальшывай сталінскай прапагандай.
Таварышу А. Гітлеру
27 ліпеня 1941 года.
У гумне.
Я не зусім у небяспецы, але ўжо троху лепей. Істотней тое, што найгоршы час ператрываў і пазбегнуў такім чынам смерці жахлівай. На ўсялякі выпадак вырашыў я гэтыя мае Запіскі прысвяціць Гітлеру. Гэта вельмі мудры і магутны правадыр, і я дужа яго шаную. А да Сталіна ўжо ніякага даверу не маю. Але мушу троху падрабязней распавесці, як я з нямецкіх кіпцюроў вырваўся і жыццё сабе ўратаваў.
Усю ноч з 22 на 23 чэрвеня я не спаў. Нават спрабаваў заснуць, але з-за страху не мог. А раптам – думаў – гітлераўцы надыдуць і мяне схапаюць. Тады і лампадка перад партрэтам Гітлера не дапаможа. Натуральна, расказаў бы шчыра, што гатовы ім аддана служыць і што ахвотна б асабіста Сталіна ўкакошыў. Але ці зразумеюць і ці павераць мне? І ці буду ім патрэбны? Бо такіх, як я, у Расіі мільёны. Зноў жа застаецца нявысветленым іншае пытанне. А можа, гэта Сталін асабіста разам з Гітлерам дзейнічае і рускі народ мардуе? Таму я такім чынам ячшэ б горш патрапіў… Палітыка – гэта рэч далікатная і без чытання “Праўды” альбо “Ізвесцій” цяжка зразумець, што на свеце насамрэч робіцца.
Нарэшце я вырашыў, што трэба ўцякаць. Але што з рэчамі рабіць? Усяго не ўнясу… Спакаваў я іх у чамадан, узяў на плечы катарынку і стаў перад люстэркам. Вельмі прыгожы быў выгляд, і доўга я з сябе мілаваўся. “Так, – падумаў сабе, – з-за гэтага подлага здрадніка, Сталіна, не атрымалася мне гэтых скарбаў адсюль вывезці!” Мушу амаль усё пакінуць.
Пачаў я рыхтавацца да дарогі, бо зразумеў, што ў Вільнюсе заставацца не магу. Спароў афіцэрскія адзнакі. Абуў горшыя боты. Узяў з сабою грошы, гадзіннік і гэтыя мае Запіскі. Афіцэрскія дакументы, партыйны білет і пісталет усунуў глыбока пад абіўку ў крэсла. Можа, тады і захаваюцца яшчэ.
Меў я стары, падраны шынэль і благую шапку. Надзеў я яе, каб выглядаць на звычайнага байца. Зноў стаў перад люстэркам. Але як паглядзеў на сябе, дык у мяне слёзы з вачэй самі паплылі. Вось да чаго мяне давёў здраднік расійскага народу грузін Джугашвілі-Сталін! Узяў я з сабою хлеба, каўбасы, цукру і троху курыва. Потым перахрысціў свае рэчы. Пацалаваў катарынку, чамадан і шаўронавыя боты, бо не меў надзеі, што ізноў іх убачу.
Нарэшце, а 2-й гадзіне ночы, замкнуў я старанна дзверы ў мой пакой на ўсе калодкі і клямкі. Паслухаў, ці не заўважыў хто ў кватэры, што я выходжу, і пасунуўся паціху на сходы. У горадзе было яшчэ цёмна, таму я хутка пайшоў у кірунку Павароту. Ведаў дарогу да Ляндварова і вырашыў спачатку туды накіравацца. А потым буду старацца на ўсход прабіцца, бо ў ваколіцах тых я нядоўга здолею хавацца.
Читать дальше