– Ірка, пайшлі далей!… Развітайся з гэтымі кавалерамі…
А адзін з афіцэраў, мабыць, на добрым ужо падпітку, да мяне падышоў і кажа:
– А няўжо таварыш на яе манаполь мае?
– Манаполю не маю, – кажу. – Але з’яўляюся яе вялікім сябрам.
– Не вельмі вялікім, – умяшаўся іншы афіцэр. – Без лупы дык і разгледзець цяжка. Акрамя таго паненка жадае нашага таварыства, а таму прашу адчапіцца ад яе.
Бачу я, што з п’янымі няма пра што балакаць. Таму схапіў я Ірку за руку і цягну да сябе.
– Пайшлі, – кажу, – бо буду на цябе злавацца. Так не робіцца!
А яна смяецца і гаворыць:
– Як жа я з табой пайду, калі мяне за рукі трымаюць?
З той прычыны я вельмі паважна звярнуўся да тых таварышаў афіцэраў.
– Вельмі прашу вас пакінуць гэтую паненку ў спакоі і пусціць яе, бо гэта непрыгожа!
Адзін з іх адпіхнуў мяне. Другі ж сказаў:
– Калі табе непрыгожа, дык пашукай сабе чаго прыгажэйшага. А нас і яна задавальняе. І ўвогуле адчапіся ад нас, быдла, бо інакш самі цябе зараз адчэпім!
Але я ім дарогу заступіў і Ірку вырываю. Тым часам адзін з іх заехаў мне кулаком у вуха. Таму я не стрываў і казікавым сэрцам, на якім было напісана: “КАХАЙ МЯНЕ!” як заеду яму ў пысу! А другога вязанкам абаранкаў – у зубы. Тады адзін з іх балею з прылаўка схапіў і мяне ёю як трэсне, дык я за цэбар і цэбарам яго!… Ну і пайшло-паехала. А тут яшчэ нейкія цывільныя ўблыталіся і давай малаціць нас усіх. Адзін дык увесь час біў нас дрынам і крычаў: “Бі мохаў! Ужо пачынаецца!” Але падбегла мноства нашых хлопцаў і пачалі валіць хто каму трапіць. Папераварочвалі прылаўкі, столікі і нават вазы. Зрабілася вялікая замяшанне.
Што там увогуле рабілася, дык і апісаць цяжка. Зрэшты я быў так збіты, што вочы мае апухлі і зусім нічога не бачылі. А непаразуменне гэта зліквідаваў вайсковы патруль і нас усіх пад канвоем даставіў у камендатуру. А там нават зразумець не маглі, з чаго пачалося? Хто пачаў бойку? Бо, зразумела, ні я, ні тыя тры афіцэры не паведамілі, што гэта з-за нас атрымалася. А Ірка дык увогуле знікла. Толькі я даведаўся ад тых хлопцаў, што яна – грамадская дзеўка і нават вельмі танна за любоў бярэ, бо стараватая ўжо і досыць брыдкая.
Вызвалілі мяне. Прыйшоў я дадому і як паглядзеў на сябе ў люстра, дык мяне ажно страх агарнуў. Пад вачыма чорна, нос успухлы, на галаве поўна гузоў. Але гэта неістотна, бо ўсё загаіцца. Аднак адзенне было ўсё падранае і забруджанае, боты падрапаныя. А ў аднаго бота насок зусім скамячыўся і форму страціў. Акрамя таго я пераканаўся, што знік з кішэні мой гадзіннік. Карацей, застаўся страшна пацярпелым.
Пачаў я Ірку пільнаваць на вуліцы, каб мне ўсё гэта прасвятліла і вярнула грошы, якія я на яе выклаў. Праз пару дзён дачакаўся. Затрымаў яе і гавару:
– Хачу ведаць, як гэта ўсё адбылося?
А яна кажа:
– А так адбылося, што ты балагану нарабіў і з-за цябе атрымалася авантура!
– Навошта ж ты мяне кінула і пайшла з тымі афіцэрамі?
– Бо мне так спадабалася. Я табе не жонка і раблю што хачу!
– У такім разе, – кажу, – аддай мне паліто, боты і тыя грошы, якія я табе пазычыў.
А яна кажа:
– Не ўбачыш ты ўсяго гэтага як сваіх вушэй. Марнавала з табою час, таму мне і ўзнагароджанне належыць. Але цяпер болей не хачу нават бачыць цябе і таму адыдзіся ад мяне!
У гэтым месцы яна дадала некалькі такіх слоў, якіх я – як чалавек культурны – ні паўтарыць, ні напісаць не магу. Пасля дулю мне пад нос усадзіла і кажа:
– Вось што ты атрымаеш, дурань! А як будзеш мне надакучваць, дык я цябе ў турму адпраўлю за тую авантуру, што ты на рынку ўчыніў! Зараз пайду ў камендатуру і майму прыяцелю, маёру Паўлушу Сліннікаву, усё аб табе распавяду. Ён табою, дрэнь, заапякуецца! Акрамя таго, ніякая я для цябе не Ірка, а Ірэна Антонаўна!
Як я пачуў гэта, дык мне ажно холадна зрабілася. Бо – Сліннікаў, гэта сабака першарадная і шмат ужо хлопцаў знішчыў. Таму я сказаў:
– Шаноўная Ірэна Антонаўна! Як вам не сорамна? Столькі падарункаў вам даў! Столькі грошай! Заўсёды ў ручку цалаваў! А вы мяне знішчыць хочаце і згубу маю плануеце!
Яна ж адказала:
– Нічога я яму не скажу. Чорт з табой! Але болей мне, смярдзючы парфумамі парсюк, галаву не дуры. Так толькі нягоднік робіць, каб ад прыстойнай дзяўчыны вяртання грошай за прыемнасці жадаць!
Плюнула яна прама на мяне і адышла. І я таксама плюнуў… калі за ёй дзверы ў кватэру захлопнуліся. І нават кулаком ёй пагразіў. “Эх, каб не Сліннікаў, зрабіў бы я табе наганяй за мае падарваныя маёмасць, афіцэрскі гонар і зламанае сэрца!”
Читать дальше