– Калі не будзеш злавацца, дык я табе скажу, што вы вынайшлі.
– Добра, – кажу. – Слухаю.
– Толькі дзве рэчы. Першая, самавар. А другая – паравая лазня. І то нават не вы першыя вынайшлі, бо самавары кітайцы мелі, калі Расіі нават пачатку не было. А паравая лазня была вядомая таксама на Усходзе і ў Рыме некалькі тысячаў год таму.
– Такім чынам, з тваіх словаў атрымліваецца, што ў нас нічога добрага няма?
– Чаму не?… Маеце добрую прапаганду… Найлепшую ў свеце… Як я вашых кніжак начытаўся, фільмаў наглядзеўся, песенек аб вольнасці наслухаўся, дык нават уцячы збіраўся з Польшчы ў Расію. А як вы сюды прыйшлі, дык паглядзеў, што ў вас ёсць і якія вы самі ёсцека, дык, каб ведаў, што назаўсёды тут застанецеся, куды б заўгодна ўцёк. Нават да мурынаў у Афрыку… Я ведаю, што ты гэтага зразумець не здолееш і нават слухаць баішся. Але так яно і ёсць. Ты можа, і сам інакш ужо думаеш, але сказаць гэтага не можаш.
Таго, што ён казаў, я не вельмі спалохаўся, бо ведаў з уласнай дасведчанасці, што палякі заўсёды на такія падазроныя палітычныя тэмы размаўляюць, але ўладам пра гэта не даносяць. Але мне было прыкра, што такі прыемны чалавек з’яўляецца такім страшна культурна адсталым. Не хацеў я з ім доўга пра гэтыя справы размаўляць, бо ведаў, што з цягам часу і ён гэта ўсвядоміць, толькі спытаўся ў яго:
– Скажы ты мне: калі пры вашым капіталістычным ладзе лепш жылося, дык навошта ў вас рабочыя пастаянна забастоўкі арганізоўвалі?
– Для таго, – адказаў ён, – каб ім яшчэ лепей было. А ў вас можна з голаду і перапрацавання здохнуць, але забаставаць немагчыма.
– Ясная рэч, што немагчыма, – кажу. – Бо калі маем рабоча-сялянскую ўладу, дык як супраць сябе саміх страйкаваць? Гэта ж было б тое самае, каб чалавек сам сябе ў пысу біў альбо ўласныя рэчы нішчыў. І ў нас рабочыя і мужыкі гэта добра разумеюць. А калі ў нас і не зусім яшчэ добра, дык толькі з-за таго, што капіталісты з-за граніцы праводзяць у нас вялікі сабатаж і ўвесь час перашкаджаюць працаваць.
– Так, – сказаў Колька. – Дзівосная ў вас краіна! Як пачытаць вашы газеты, дык няма ў вас ні забастовак, ні рабункаў, ні крадзяжу, ні чыгуначных альбо авіяцыйных катастроф. Рабочыя і мужыкі нават у святы добраахвотна працуюць; вырабляюць па дзве і болей нормы. Усё ідзе цудоўна. А не маеце ні што есці, ні што апрануць, ні дзе жыць. Калі сюды прыйшлі, дык кінуліся да крамаў, як мухі на мёд. Раскупілі ўсё, што там было.
Пачаў я яму ўсе гэтыя справы тлумачыць, але заўважыў, што з гэтага нічога не атрымліваецца. Ужо запозна. Ён наскрозь набрынялы буржуйскай прапагандай і нічога зразумець не можа. Так я яшчэ раз пераканаўся, што тыя людзі, якія жывуць зараз у капіталістычных краінах, назаўсёды страчаныя для праўдзівай савецкай культуры. Нават дзеці прасякнуты тымі буржуйскімі атрутамі і фальшам.
А аднаго разу я размаўляў з Колькам аб вялікіх перамогах Чырвонай Арміі, якая ніколі і нідзе не была пераможана. Ён жа мне сказаў:
– Усё не зусім так, як ты мне апавядаеш. Я сам быў на фронце ў 1920 годзе і бачыў ваша геройства. Уцякалі з-пад Варшавы так шпарка, што і дагнаць вас было немагчыма.
Я рассмяўся ад шчырага сэрца і сказаў:
– Такім чынам я мушу з тваіх словаў зрабіць выснову, што ў 1920 годзе палякі нас пад Варшавай перамаглі?
– Не трэба з маіх словаў рабіць выснову. Гэта гістарычны факт, вядомы ўсяму свету.
– Але якому свету?… Буржуазнаму!… А я вось магу табе паведаміць усю праўду аб тым, хто нас перамог у 1920 годзе і перашкодзіў вызваліць Польшчу і Еўропу ад капіталістычнай тыраніі.
– Мне вельмі цікава пра гэта даведацца, – сказаў ён.
– Вось паслухай: перамаглі тады Чырвоную Армію не вашы салдаты, генералы альбо карабіны ці гарматы, а толькі адзін чалавек!
– Пэўна аб Пілсудскім думаеш?
– Ды хто ён такі, ваш Пілсудскі!
– Тады хто?
– Троцкі.
– Троцкі?
Ён паглядзеў на мяне і, магчыма, падумаў, што я звар’яцеў, бо нават не смяяўся, толькі разглядаў мяне моўчкі.
– Так, Троцкі! – паўтарыў я. – А яму дапамог Тухачэўскі. Магу табе зараз гэта даказаць.
– Ну, – сказаў Колька, – хіба толькі калі ты мне відавочны доказ дасі. Бо я нават падумаў, што ты збзікаваў і зараз кідацца пачнеш.
– Зараз жа атрымаеш такі доказ.
Узяў я з паліцы Гісторыю Усесаюзнай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў), зацверджаную ЦК УКП(б) у 1938 годзе, выдадзеную ОГІЗ; знайшоў у ёй раздзел VIII, параграф 4 і чытаю яму:
“Толькі падазроныя дзеянні Троцкага і ягоных хаўруснікаў у галоўным штабе Чырвонай Арміі спынілі поспехі Чырвонай Арміі…”
Читать дальше