Я часта бываю на розных урачыстых сходах і сустракаюся з надзвычай знакамітымі індывідуальнасцямі. Таму мне патрэбна такая жонка, якая б умела належным чынам гонар Чырвонай Арміі, а таксама Савецкага Саюза падтрымаць. Вы ж нават прыстойна есці не ўмееце, бо чмякаеце, ходзіце як карова, нос пальцам выціраеце і з’яўляецеся чорнарабочым элементам. У выніку вышэйузгаданага можаце мяне выставіць на пасмешышча і зняважыць у маёй асобе Чырвоную Армію.
Акрамя таго мне моцна не падабаецца яшчэ адна рэч. Вы, як мне добра вядома, з’яўляецеся сваякамі Маргалава, які быў, бясспрэчна, англійскім агентам, бо распаўсюджваў шкодныя для Савецкага Саюза і Германіі звесткі, быццам магчыма вайна паміж гэтымі братнімі народамі. Паколькі за гэтае злачынства лютага фашысцкага рэакцыяніста Маргалава і ягоную сям’ю саслалі ў лагер, дык мне ніякім чынам не выпадае падтрымліваць стасункаў са сваякамі (хаця б і вельмі далёкімі) імперыялістычнага паслугача. Як афіцэр я мушу дбаць аб сваім гонары, рэпутацыі і сацыялістычнай маральнасці.
Згодна з усім вышэйузгаданым вельмі прашу раз і назаўсёды ад мяне адчапіцца і перастаць засмечваць мне галаву сваімі пісьмамі. У адваротным выпадку буду вымушаны нагадаць каму належыць аб далёкіх крэўных азвярэлага рэакцыяніста і капіталістычнага агента Маргалава!!!… А менавіта аб Вас і Вашай Паважанай Сям’і.
Далучаю камуністычнае прывітанне і развітваюся назаўсёды. Катэгарычна.
Малодшы лейтэнант Чырвонай Арміі, а таксама ідэйны камсамолец,
Міхаіл Зубаў”.
Перачытаў я гэтае пісьмо тры разы і з кожным разам яно ўсё больш і больш мне падабалася. Адразу бачна з яго, што я асоба паважная і вельмі шануемая. Цяпер уздыхнуў свабодна, бо дарога да кахання была адкрытая. Пасля сыграў вальса і з адчуваннем добра выкананага абавязку пайшоў спаць.
Канешне, я б мог нічога Дуньцы і не пісаць, бо адкуль бы яна аб маім рамане з буржуйкай даведалася. Але як камуніст не люблю хлусіць і паступаць фальшыва.
1 студзеня - 17 кастрычніка 1941
1 студзеня 1941 года.
Вільнюс.
Вялікаму Сталіну ура! ура! ура!
Вялікаму Гітлеру ура! ура! ура!
Зайграў я два разы марша на катарыне ў гонар вялікіх правадыроў сацыялістычных народаў і сабраўся пісаць… першы раз у Новым годзе. Зычэнняў спецыяльных у мяне няма, бо, можна сказаць, мае найцяжэйшыя прагненні і мары споўніліся. Далей жа буду рэалізоўваць усё планава: па меры надыходу налічкі. Я маю, што праўда, 1500 сабраных рублёў, але грошай тых не кранаю і кожны месяц дадаю яшчэ патроху. Я вырашыў сабраць вялікую суму грошай для добрага самаадчування. Але ідзе гэта вельмі марудна. Аднак капітал сабраць не такая ўжо і лёгкая справа, як некаторыя гэта сабе ўяўляюць. Нашмат практычней і хутчэй хапануць каму кольвек ужо сабранага. Але ні разу ніякай такой магчымасці мне не надарылася. Аднак надзеі на гэта не губляю, асабліва калі мудрая, мірная палітыка нашага таварыша Сталіна будзе ісці і надалей у тым кірунку і ў такім жа тэмпе, як з верасня 1939 года. Вельмі я ЯМУ за гэта ўсё ўдзячны. А асабліва ўсцешвае мяне той дэмакратычны інструмент, катарынка. Удзячны таксама Кольку за тое, што мне яго прадаў. Толькі адно мне не падабаецца, што Колька зацвярдзелы контрык [2] Контрык - скарот рускага выразу: контррэвалюцыянер (заўвага аўтара).
.
Прыйшоў ён да мяне неяк напрыканцы снежня і механічны ліхтар прынёс на продаж. Вельмі хітрая штука. Можна сказаць, цуд тэхнікі. Нават батарэі не трэба, толькі вузкі металічны рычаг далонню націскай і яна свеціць. Цэлая электрастанцыя ў адной прыгаршчы. А яшчэ адна прыемнасць, што пры націсканні вурчыць, як матор аўтамабіля ці самалёта… Усе ўжо здалёк чуюць, што ідзе цывілізаваны чалавек. Колька распавёў мне, што гэта нямецкае вынаходніцтва. Але хлусіць, напэўна. Немцы такое маглі вырабіць толькі таму, што нашы фабрыкі на падобныя дробязі не маюць часу. Аднак вынаходніцтва напэўна ж рускае. Заграніца ж толькі з таго і жыла, што нашы вынаходніцтвы скрадала і эксплуатавала.
Сказаў я пра гэта Кольку, а той смяецца. Троху ён мне Ліпу з Ліды нагадвае, толькі больш далікатны і абы-дзе контррэвалюцыйных рэчаў не кажа. Спытаўся ён у мяне:
– Што ж такога вы вынайшлі, што ў вас заграніца скрала?
А я заявіў праўдзіва:
– Усё: электрычнасць, радыё, тэлеграф, самалёты, паравозы, падводныя лодкі, тэлефон. Магу гэта табе даказаць. Бо ў кніжках пра гэта пішуць.
А ён як пачне смяяцца, што мне нават прыкра зрабілася, што такі спрытны чалавек і нават зусім чэсны, да такога ўзроўню неўсведамлёны і аслеплены капіталістычнай прапагандай. Потым ён сказаў:
Читать дальше