З два тыдні я з ёю такім чынам какетнічаў і закахаўся ў яе па самыя вушы. Аднойчы забылася яна фіранку на вакне засунуць і перад столікам прыбірацца пачала. Дык я з балкона ледзьве не скочыў. Што за жанчына! Папросту цуд! Я святло згасіў – быццам мяне дома няма – і з гадзіну назіраў, як яна перад люстрам рознымі спосабамі круцілася і нейкімі мазямі шмаравалася, і валасы часала, і пазногці пілавала. Але болей ніколі не забывалася фіранкі зашморгваць. А шкада!
Некалькі разоў яна перад адчыненым вакном розныя там выпраныя дамскія бялізнавыя інтарэсы сушыла. А ўсё гэта альбо ружовае, альбо крэмавае, альбо блакітнае. Вядома, такая асоба абы- чаго нават пад адзенне не насуне. Гэта не нашы махмуткі, што ходзяць як каровы абгаджаныя, нос пальцам выціраюць і нястомна чэшуцца ў такім месцы, у якім публічна часацца не варта. Мяне некалі ў Лідзе нават Ліпа запытаў:
– Чаму вашыя саветкі так страшна смярдзяць? Няўжо мыла, каб памыцца, не маюць? Ці ніколі бялізны не мяняюць?
Дык я яму тады талкова адказаў:
– А хіба бабы існуюць для таго, каб іх нюхаць? Зрэшты, калі хто хоча, дык можа так адшмараваць і парфумамі паліць, што будзе пахнуць за кіламетр. Нюхай тады, калі хочаш – паўсюль буржуазны водар будзе мець.
Урэшце вырашыў я катэгарычна, што павінен з гэтай чарадзейкай пазнаёміцца. Паколькі ведаў я ўжо ўсе яе хады і абароты, дык заўважыў, што найлепей наша знаёмства будзе здзейсніць увечары, калі яна звыклым чынам з дому на прагулку выходзіць. Вось купіў я вялікі букет кветак і каробачку найдаражэйшых цукерак. Грошы пасля атрымання заробку меў, таму вырашыў нават разарыцца троху, абы яе сэрца здабыць, а можа, з часам і да капіталу яе дабрацца.
Але нічога… Праходжуся я па вуліцы з букетам і цукеркамі і чакаю мой ідэал. А яна з дому не выходзіць. Зарана прыйшоў. Нарэшце пачуў: дзверы ляснулі. А потым з’явілася яна і вуліцай у маім кірунку шуруе. Тады я валю ёй насустрач і смяюся як мага гучней. Але яна нічога. Мінае мяне. Таму я сказаў:
– Прабачце… Прашу пачакаць мінутку…
Яна стала і на мяне вочы вылупіла. Быццам бы нават спалохалася троху.
– А што трэба? – спыталася.
Таму я ёй каробку цукерак падаю і гавару:
– Бачу, вы разгубіліся, дык я чэсна аддаю. А адначасова маю гонар прадставіцца: маёр Міхаіл Мікалаевіч Зубаў.
Схлусіў я з тым маёрам, бо дапускаў, што такая асоба, высокага паходжання, з лейтэнантам і размаўляць не захоча. А маёрам я, пры маёй вялікай інтэлігентнасці і здольнасцях, некалі ж напэўна буду. Потым – цап яе за руку і ў далонь пацалаваў. А пасля букет кветак ёй пад паху ўсадзіў, туды, дзе трымала парасон.
А яна маўчыць. Пэўна, была вельмі захопленая маім інтэлігентным выхаваннем. Тады я ёй кажу:
– Можа, прагуляемся?
– Уласна, на прагулку я і іду.
– Тады і я з вамі, калі не ўгнявіцеся.
– Чаму я павінна гневацца? Можаце ісці побач. Толькі мне з гэтымі кветкамі вельмі нязручна.
Ну і пайшлі. Яна: дзыб-дзыб, дзыб-дзыб, дзыб-дзыб… на высокіх абцасіках. Я ж каля яе з важнай мінай букет кветак цягну. А як жа! Можна сказаць, выдатна выглядаем. А тым часам я вельмі шпарка культурную размову з ёю распачаў:
– Пані страшэнна прыгожая, – кажу, – і я вамі дзіка захоплены!
А яна гаворыць:
– Гэта мне ўсе знаёмыя мужчыны кажуць і ўсе вельмі мною задаволены.
Пасля кароткай прагулкі яна стала і кажа:
– Нешта мне есці хочацца. Нават у пузе бурчыць. Не мела сёння часу на абед пайсці.
– Дык можам, – запрапанаваў я, – у які-небудзь рэстаран пайсці павячэраць, калі пані сабе жадае. Гэта будзе для мяне вялікая чэсць.
Ну і пайшлі. Але я зусім не ведаў, што і як у тых буржуйскіх рэстаранах замаўляецца. Таму гэтым яна занялася.
– Найперш, – звярнулася да афіцыянта, – падай нам вялікі графін гарэлкі і дзве пляшкі моцнага піва. Да гэтага два шніцаля і салёных гуркоў штукі чатыры. А потым паглядзім. Толькі хутка.
Адразу па ёй бачна, што асоба з вышэйшага грамадства, бо калі вячэру замаўляла, дык нават у меню не зірнула. Усё ведае на памяць. Вось прынёс нам афіцыянт гарэлкі і гуркоў штукі чатыры. А аб шніцалях папярэдзіў, што пакуль смажацца. Яна тым часам звярнула яго ўвагу на кілішкі і сказала замяніць іх на шклянкі. Затым наліла гарэлкі ў шклянкі і абвясціла ўрачыста:
– За наша халасцяцкае!
Выпілі. Закусілі. А яна гаворыць:
– Мне жытнёўкі вельмі не хапае. Бо ад простай гарэлкі мне пазней галава баліць.
Так сабе балакаючы, графінчык гарэлкі мы і высмакталі. Тым часам афіцыянт шніцаль прынёс. Тады яна другі графін замовіла. Калі падпілі належным чынам, пачаў я яе аб ейным грамадзянскім становішчы выпытваць.
Читать дальше