Але я мушу распавесці ўсё падрабязна. Пачалася гэта мая любоўная гісторыя з таго музычнага інструмента, які так удала на рынку купіў. Як потым даведаўся, называецца ён катарынкай. Нават назва вельмі прыемная. Наша, расійская. Ад Кацюшы, мабыць, паходзіць. А магчыма, што сама Кацярына Вялікая яго вынайшла. Мусіць, так яно і ёсць… Вось любіў я вечарамі на катарынцы канцэрты для ўсёй вуліцы даваць. Няхай буржуі ведаюць, што Чырвоная Армія валодае вялікімі музычнымі здольнасцямі і прыхільнасцямі. Таму выходзіў я сабе ўвечары на балкон і пачынаў граць то вальс, то марш, то полечку. Бо ўласна толькі гэтыя тры рэчы ў катарынцы і ёсць. Вось аднойчы граю я сабе вальс і бачу, што на супрацьлеглым баку вуліцы, у вакне насупраць мяне, нейкая сімпатычная паненка сядзіць. Пэўна, маю музыку слухае. Таму пачаў я ёй пасміхацца, вочкі рабіць і шматзначна пакашліваць. Вось і яна мне пасміхнулася. А калі сцямнела, дык яна вакно зачыніла і святло ў пакоі запаліла. Потым доўга нешта там рабіла, бо я цень яе на фіранцы бачыў. Пазней святло пагасіла. Пэўна спаць пайшла.
Зранку я ўстаў раней. Памыў добра рукі і нават твар троху. Абуў новыя боты і два гадзіннікі на нармальныя месцы прыладзіў. Потым чакаў, калі яна ўстане. Але яна доўга спала. Толькі а гадзіне дзесятай фіранку на вакне адсунула. Дык я адразу ёй на дзень добры марша сыграў. Але на гэты раз яна ў вакне не слухала. Пэўна, часу не мела.
Пачаў я за вуліцай назіраць, каб яе з нагамі ўбачыць. І дачакаўся. Бачу: выйшла з параднага ўваходу. Паглядзела ўправа і ўлева і, здаецца мне, на мой балкон зыркнула. Потым пайшла сабе вуліцай. Элегантна!!! Касцюм на ёй зялёны ў жоўты гарошак. Капялюшык з пёркам і стужачкай. Так. Пад пахай парасончык, так, як найсвяжэйшая парыжская мода патрабуе. У руцэ, згодна з буржуйскім звычаем, мела скураную кайстру дзеля розных там пудраў, парфумаў і іншых крэмаў. Чаравічкі ў яе былі на высокіх абцасах. Па просту кветка, а не жанчына!
Тым часам да мяне той тып прыйшоў, у якога я на рынку катарынку купіў. Папрасіў я яго ўвайсці і адразу яму за інструмент 80 рублёў даплаціў, бо ўласны заробак атрымаў і быў цалкам забяспечаны.
– Ці задаволены вы? – спытаўся ён у мяне.
– Вельмі, – кажу. – Не толькі сам вялікае задавальненне маю, але і ўся вуліца з маёй музыкі цешыцца. Два разы на дзень па дзве гадзіны ім граю. А калі часам мне спаць не хочацца, дык і ўначы граць не лянуюся. Люблю людзям прыемнае рабіць.
Пачалі размаўляць аб розных рознасцях. Вельмі прыемны аказаўся мужык. Увесь час вясёлыя гісторыі апавядае і жартуе. Мікола ягонае імя. Таму я пачаў яго называць Колькам. А ён мяне Мішкам. Так, быццам з даўняга даўна былі сябрамі. Спытаўся я ў яго: якой ён нацыянальнасці.
– Я інтэрнацыяналіст, – адказаў ён. – З кожным чалавекам, які хоча, гандлюю і з таго жыву. І ніякай мне розніцы няма: ці гэта паляк, ці рускі, ці жыд, ці які іншы чорт. Абы толькі я зарабіць мог.
Сказаў, што мае да мяне вялікую сімпатыю і давер. Таму і не збаяўся пакінуць не сплочанымі 80 рублёў, бо ведаў, што такі культурны афіцэр не ашукае. Абяцаў мне, што калі трэба яшчэ што купіць, альбо якую іншую справу зарганізаваць, дык ён заўсёды ахвотна дапаможа. Таму я адразу ў яго спытаўся:
– Як у вас тут прынята з паннамі знаёмства закручваць?
– Залежыць ад таго, з якой паннай, – паведаміў ён. – Бо панна панне няроўная. Ёсць такія, што можна адразу і ўшчыпнуць, і дзесьці там пахлопаць. А ёсць такія, вакол якіх трэба з год часу на дыбачках хадзіць, пакуль штосці там да нечага дойдзе.
Тады я яму паведаміў:
– З гэтай, мусіць, будзе вельмі цяжка, бо перакананы, што яна асоба страшэннай важнасці. Апранутая як наша лепшая акторка і такая далікатная, што парасон нават тады носіць, калі дажджу няма. З вышэйшага класу тая паненка.
– А як яна да цябе ставіцца?
– А так сабе: сярэдне.
Колька адразу сказаў:
– Адразу бачна, што з такой будзе нялёгка. Мусіш быць вельмі ўважлівым, бо інакш з табою і знацца не захоча. Такую трэба заўсёды ў ручку цалаваць і розныя далікатныя рэчы ёй балакаць, і кветкі таксама купляць. Увогуле будзеш мець страшны заварот мазгоў, пакуль на цябе ласкава паглядзяць. Лепей знайдзі сабе іншую.
Так. Ён мяне моцна напалохаў. Дзе ж там мне год часу вакол паненкі завіхацца, калі я праз пару месяцаў магу быць дасланы куды-небудзь па службе. Але нічога. Я і надалей пяшчотна для яе наігрываў і шматзначна ўсміхаўся. Заўважыў, што і яна раз-пораз мне ўсміхалася. “Ого! – падумаў я сабе. – Мае справы з ёй ідуць угору!” Зразумеў, што яна пачала мною ўсур’ёз цікавіцца. Тады я ёй аднойчы рукой памахаў. Павітаўся такім чынам. Але яна нічога… Можа, не заўважыла.
Читать дальше