– Ад добрага злодзея цалкам надзейных засавак няма. Бо калі замкі будуць добрыя, дык ён дзверы з завесаў здыме, альбо з іх шворан выб’е.
– А ці можаш абараніць дзверы так, каб ніякім чынам не даў бы рады?
– Гэтага, – адказаў ён, – гарантаваць не магу. Але калі вам грошай не шкада, дык можна вельмі моцна абараніць. Тады злодзей дзвярам рады не дасць і будзе вымушаны іншы шлях шукаць.
– Колькі б такое каштавала?
Ён падумаў і сказаў:
– Гэта трэба падлічыць. Завесы мусяць быць запраўлены праз каробку ў цэглу, і “вусы” ад іх трэба будзе ў сцяне цэментам замазаць. Гэта першая справа. Пасля дзверы знутры трэба будзе тоўстай бляхай абабіць і прыкляпаць. Тады борам дзірку не прасвідруе і засаўку не адсуне. Краі дзвярэй трэба, канешне, тоўстымі ліштвамі жалеза абабіць, так, каб ніякай шчыліны не было і тады ў іх замок “Yale” урэзаць. А звонку можна яшчэ дзве моцныя скаблы дадаць для двух навясных замкоў.
– Колькі б гэта каштавала?
– Дзвесці рублёў, – паведаміў ён. – Сам матэрыял будзе каштаваць 80 рублёў. Замок “Yale” і два добрыя навясныя 70. Ну а 50 за работу, бо за адзін дзень наўрад ці скончым і ўдвох будзем працаваць.
Падумаў я сабе: што тут рабіць? Дорага мне гэта падалося. Але ж ці не лепей адразу абараніць маю сацыялістычную ўласнасць ад замахаў усялякіх рэакцыйных злодзеяў і мець спакой? Таму згадзіўся я на тую цану, толькі папрасіў, каб хутка работу выканалі.
Паўтара дня ўзмацнялі яны дзверы. Я ж увесь гэты час з дому не выходзіў, бо баяўся боты і чамадан без нагляду пакінуць. Але ўрэшце скончылі яны работу. Выканалі ўсё. Выйшла добра без пытанняў.
Памочнік слесара спытаўся ў мяне:
– Навошта вам такія запоры? Тут жа не банк.
– Як гэта “навошта”?! Вось чамадан добры маю. А найважнейшае – гэта боты!
А ён як пачне смяяцца і кажа:
– Дык ты, каб захаваць боты, якія каштуюць 80 рублёў, адваліў за гэтыя дзверы 200 рублёў!
Паведаміў я яму, значыцца, талкова:
– Па-першае, боты гэтыя каштуюць не 80 рублёў, а 100 рублёў, бо са спецыяльнага загранічнага матэрыялу зроблены. А па-другое, я ж магу яшчэ чаго важнейшага купіць. Напрыклад, патэфон ці радыё.
Тады ён кажа:
– Ты гэтыя свае боты найлепшым чынам абароніш, калі іх на ногі абуеш.
Заплаціў я слесарам за работу і ўздыхнуў з палёгкай. Цяпер магу спакойна спаць і ў горад без апаскі выйсці. Ведаю, што мая святая ўласнасць не будзе пад пагрозай. Так, прыемнае гэта самапачуццё. За 200 рублёў ад усіх небяспекаў пазбавіўся.
А ўвечары таго дня я ліст Дуняшцы грохнуў, бо даўно ўжо ёй не пісаў.
“30 верасня 1940 года.
Вільнюс.
Найкаханейшая мая Дуняшка!
Вельмі выбачаюся перад табою, што нячаста пішу, але ты ў стане зразумець, што я, пры маім высокім становішчы, мала часу маю. Вельмі заняты ўмацаваннем сацыялізму і распаўсюджаннем культуры ў гэтым дзікім краі. Жыццё маё сярод буржуазнага быдла нялёгкае. Але я не наракаю і ўпэўнены, што мы ўвядзем тут нашу савецкую культуру.
Цяпер я вельмі важная асоба. Маю нават дзве пары запасных ботаў. А адна з іх такой прыгажосці, што і апісаць таго не здолею. Як буду мець троху больш вольнага часу, дык занясу іх у фатаграфію і закажу зрабіць з іх здымак. Тады пашлю яго табе, каб убачыла: як высока твой Мішка зайшоў і якімі скарбамі валодае! Аб чамадане я табе ўжо пісаў. І аб гадзінніках таксама. Пачынаю нават падумваць аб патэфоне і, можа, пасля Новага года куплю.
Цяпер, калі выходжу прыгожа апрануты і з двума гадзіннікамі ў горад, дык усе буржуйкі на мяне са здзіўленнем і замілаваннем пазіраюць. Але я на гэта нават ніякай увагі не звяртаю, бо толькі аб табе думаю і заўсёды буду табе верны.
Віншую ўсіх знаёмых.
Цалую цябе моцна.
Твой да магілы.
Малодшы лейтэнант,
Міхаіл Зубаў”.
А сёння раніцай я з цікавым, можна сказаць, чалавекам пазнаёміўся. Пайшоў на кірмаш, прагуляцца троху, ну і тавары агледзець. Бо тутэйшыя буржуі розныя рэчы там на продаж выносяць і часам за малыя грошы можна купіць штосьці вельмі карыснае. Убачыў я на кірмашы нейкага мужчыну, які вялікую скрынку з сабою меў.
– Што прадаеш? – спытаўся я ў яго.
– Акурат для цябе, – кажа ён. – Музычны інструмент вялікай вартасці. Табе танна прадам, бо бачу, што ты вельмі сімпатычны мужык і надзвычай мне падабаешся. Карыстайся з выпадку.
– А што гэта такое?
– Арган, грамафон, патэфон і піяніна разам. Цэлы аркестр ў гэтай скрынцы месціцца. Апошні цуд музычнай тэхнікі. Танна прадаю, амаль задарам аддаю!
– Ну а пакаж мне, як гэта твая машына працуе?
Читать дальше