Дарога полем — да маці.
Дарога лугам — да бацькі.
Дарога рэчкай — да любай.
Але i полем, І лугам, i рэчкай
Іду заўжды да Радзімы,—
верш гэты з'яўляецца яскравым прыкладам лексічнай скупасці i лаканічнасці паэта, які дасягае тут патрэбнага выніку пры мінімальнай затраце сродкаў.
Кола вобразаў зборніка «Агмень» сведчыць пра творчую арыентацыю А. Сыса на раннюю паэзію Янкі Купалы, неаднойчы згадваецца ў вершах i сам вялікі паэт («Калоссі, хоць вы памяніце ад вечным пакутным агнём — Купалам мяне зашапчыце, засну пад яго курганом»).
Лірычны герой А. Сыса — сейбіт i паэт адначасова, бо словы ўпадабняюцца зярнятам, а мова — полю, раллі. Невыпадкова менавіта жытнёвы колас сімвалізуе сабой вынік працы як сейбіта, так i паэта, бо для аўтара «Агменю» паэзія вымяраецца не сваім унутраным хараством, а тым, наколькі яна ўздзейнічае на людзей, наколькі здольная змяніць нешта ў рэальным жыцці.
A калі доля быць паэтам, дык мерай спраў маіх i слоў мне будзе не цнатлівасць кветак, а важкасць спелых каласоў.
Ян Парандоўскі ў сваім знакамітым трактаце «Алхімія слова» падзяляў пісьменнікаў на дзве вялікія катэгорыі: на тых, каго ў літаратуру прывяла нейкая ідэя, жаданне сродкамі мастацкага слова паўплываць на грамадства i на тых, каго ў літаратуру прывёў пісьменніцкі інстынкт, унутраная прага да творчасці, захапленне самім працэсам пісьма. Калі прыняць гэткую класіфікацыю за універсальную для ўсіх часоў i народаў, стане відавочна, што малады беларускі паэт Анатоль Сыс адносіцца да першай катэгорыі пісьменнікаў: да прапагандыстаў-агітатараў i прарокаў у літаратуры. Прычым хутчэй за ўсё да прарокаў, бо звяртаецца найперш да веры, да пачуццяў чытачоў, у той час як прапагандысты-агітатары апялююць да розуму, да лагічнага мыслення. Вось чаму ў вершах паэта адчуваюцца то водгаласы міфа, старажытнага паганскага рытуалу, то хрысціянскай літургіі; вось чаму словы сыплюцца з неба, як усявышні дар, а мова з'яўляецца душой народа, яго неад'емнай часткай, a зусім не сродкам зносін, прыладай для камунікацыі, як сцвярджаюць некаторыя мовазнаўцы.
Тыя словы, як знічы,
як уздыхі сурмы,
боскім голасам клічуць
самых верных з турмы,
тыя словы, як вочы,
скажуць больш, чым паэт.
Той, хто чуў ix, не збочыць,
не ўцячэ ў іншасвет
ад лясоў верасовых,
ад часовых нягод,
ад бацькоўскай высновы:
верай моцны народ!
У першым зборніку А. Сыса нямала выпадковых вершаў (напрыклад, уся нізка «Вочы маленства»), трапляюцца там-сям павярхоўныя думкі («Гэты свет —для размену манет...»), няўдалыя, эстэтычна брыдкія радкі (накшталт гэтых, з маналога Зміцера Жылуновіча: «Як пазашлюбны плод, свае хаваю думы...»), шмат пралікаў у эксперыментальных «аляразанаўскіх» паэмах «Алаіза» i «Агонь-птушка». Усё гэта, зразумела, дрэнна адбіваецца на вобразе прарока, вешчуна, i ўсё ж такі гэты вобраз пакрыху ствараецца, выкрышталізоўваецца, бо ўсё мацней i ўпэўненей гучыць у вершах галоўная ідэя, якую ён прапаведуе сярод аглухлых, страціўшых гістарычную памяць i родную мову людзей, — ідэя новага нацыянальнага адраджэння.
Здаецда, усім беларускім юнакам i дзяўчатам адрасаваны радкі з верша «Музыкам фальклорна-этнаграфічнага гурту «Свята».
Адгукнуцца курганы, акрыяюць песні ў вуснах, хлопцы, ну, калі не вы, хто ж адродзіць беларусаў?
Вось у гэтай праграмнасці, ідэйнасці вершаў Анатоля Сыса, у сукупнасці з яго бясспрэчнай таленавітасцю i творчай неардынарнасцю паэта i заключаецца, мусіць, сакрэт яго папулярнасці сярод беларускай моладзі.