Ды ці толькі Аркадзь Куляшоў? Варта ўспомніць хаця б верш Анатоля Вярцінскага «Рэчы» («Нас акружаюць нашы рэчы...»), іншыя яго вершы, такія, як «Дынамік», «Ода квітанцыі», «Дзякуй тэрмас», «Туга метэарыта», i г. д.
Дарэчы, урбаністычныя матывы ў беларускай паэзіі ўпершыню з'явіліся, зразумела, не ў маладых паэтаў 80-х. Свой пачатак урбаністычныя матывы бяруць з цыклаў М. Багдановіча «Места» i У. Жылкі «Вершы аб Вільні». Невыпадкова эпіграфам да сваёй нізкі Багдановіч узяў двухрадкоўе Валерыя Брусава: «Ты — чарователь неустанный, ты — не слабеющий магнит». З усіх рускіх паэтаў гарадскія матывы займалі ў творчасці Брусава ці не самае найбольшае месца. У сваю чаргу на рускага паэта паўплывала французкамоўная лірыка, асабліва творы Э. Верхарна, якога той жа Брусаў бліскуча перакладаў i прапагандаваў у Расіі. У тым, што Багдановіч арыентаваўся акрамя ўласнага таленту ў стварэнні першай у беларускай паэзіі урбаністычнай нізкі на творчасць Верхарна i Брусава, — няма ніякіх сумненняў. У дзевяці вершах ён здолеў адлюстраваць не толькі характэрны знешні воблік горада, але i дакрануцца, наколькі гэта было магчыма, да філасофскіх i псіхалагічных калізій жыцця яго жыхароў. Багдановіч акрэсліў той новы вобразна-лексічны рад, без якога ўжо немагчыма абысціся яго наступнікам: вулка, каменне, ліхтарні, цыферблат гадзінніка на вежы, вітрыны, рэкламы, бульвар, асфальт, натоўп, тэлеграф, газета, агні вакзала, паравоз, семафор i іншыя «горада чароўныя прынады». Цікава, што вобраз горада ў вершах Багдановіча наўмысна абагульнены, без падкрэслівання канкрэтных рэалій i прыкмет Вільні, хаця відарыс жыцця горада i малюецца з віленскіх вулак i пляцаў, a адзін з вершаў так i называецца «У Вільні».
«Вершы аб Вільні» Уладзіміра Шылкі значна адрозніваюцца ад твораў гарадской тэмы Багдановіча, i не толькі тым, што вершы двух таленавітых паэтаў заўсёды адрозніваюцца паміж сабой. У дадзеным выпадку відавочна адрозніваецца сам падыход творцаў да выяўлення «віленскіх матываў», адрозніваюцца мэты i задачы, якія яны перад сабой ставілі (што адлюстравана i ў назвах).
У. Жылка пісаў не пра «места» ўвогуле, а канкрэтна пра Вільню, узгадваючы i празрыстую раку Віллю, i гатычны касцёл святой Ганны, царкву ў візантыйскім стылі ля вады, трохкрыжавую гару, Бернардынскі сад. Чароўныя прынады горада знайшлі сабе месца i ў яго вершах:
Вялікай вуліцы экзотыка,
Тэатры, кіно, шпіталі:
I маліцвенна ўзносіць готыка
Да неба тонкія шпілі...
Але не урбаністычныя прыкметы горада цікавяць паэта, a гістарычны лёс Вільні, «крывіцкай Мэккі», тое цэнтральнае месца, якое займаў гэты горад у станаўленні дзяржаўнасці i культуры беларусаў. Менавіта таму У. Шылка звяртаецца да гэтай тэмы ў час, «калі сябры нас гудзяць згубаю» i «ворагі прарочаць скон». У жыцці беларусаў Вільні належыць не проста асабліва-вялікае месца, а нейкае магічнае, на думку паэта — фатальна прадвызначанае месца душы ўсіх беларускіх земляў. Адсюль ужо не выпадковым бачыцца ўвядзенне ў верш «О, Вільня, крывіцкая Мэкка!...» матываў Карана: мінарэты, Кааба, Медыны, месяц Рамадана, Мэкка, Бог, прарок, адсюль мінуласць прагне будучыні, i наканавана-прароча, шматзначна чытаюцца радкі:
Плыве па вулках пыха панская,
Распуста, блуднасць i мана;
I ярасць шорсткая, паганская
Бліскае ў вочах літвіна. (...)
А там, па-над мурамі даўнімі,
Дзе места ўсенькае відно,
Руіна думамі дзяржаўнымі
Гадае там: чыё яно?..
Наступныя трыццаць гадоў не прынеслі беларускай паэзіі ў распрацоўцы тэмы горада ніякага плёну, азначаная Багдановічам i Жылкам традыцыя перарываецца, як i некаторыя іншыя традыцыі пачатку стагоддзя i 20-х гадоў.
Што датычыць гарадскіх матываў у сучаснай паэзіі, то найбольш поўнае ўвасабленне яны атрымалі пакуль што ў творчасці Анатоля Вярцінскага (у 60-я гады, на хвалях асучаснівання паэзіі, тэхнізацыі i эстрадызацыі яе) i Міхася Стральцова (у 70-я). Зноў жа, гэта зусім не азначае, што іншыя беларускія паэты пра горад не пісалі: пісалі, але ў ix творчасці пэўная колькасць вершаў пра горад не акрэслілася ва ўнутраную тэндэнцыю, ix таленты развіліся ў іншых кірунках.
У паэзіі Міхася Стральцова урбаністычныя матывы праявіліся з асаблівай сілай i глыбінёй, набылі найбольш арыгінальнае i адметнае структурнае ўвасабленне, хаця i не запоўнілі сабой усю паэтычную творчасць пісьменніка. Вершы М. Стральцова «У горадзе пасля дажджу...», «Трамвай, як сараканожка...», «Халадзільнік», «Стамляецца нават метал...», «Вяртанне з работы», «Балада вуліцы», «Думаў яшчэ нядаўна...», «Вунь i яно, успамінаў лісцё...», «Маўчанне», «Асацыяцыя» i некаторыя іншыя вызначаюць пакуль той узровень, якога дасягнула беларуская паэзія ў асэнсаванні тэмы горада, a ў пэўных адносінах акрэсліваюць наступны шлях да паэтаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў першай палове 80-х.
Читать дальше