Над мікрараёнам лунаў
Напеў электронна-дрогкі;
Лавілі антэнныя рогі
Другі беларускі канал;
Экранная калыханка
Плыла ў папяровым лесе;
Мігцеў пластылінавы месяц,
Прабіты тэлемаланкай.
Вершы Адама Глобуса вылучаюцца найперш сваёй знешняй спрошчанасцю i ўнутранай складанасцю і, такім чынам, — спрыяльнасцю для ўспрымання i непрыдатнасцю для тлумачэння. Яны ўтвораны з вельмі простых, часам наўмысна прымітыўных элементаў, якія, аднак, амаль немагчыма з сэнсам выбраць з агульнай структуры, надзвычай шчыльнай у імкненні да геаметрычнай выверанасці.
Уся паэзія ўвогуле — гэта так ці інакш выказванне думак i пачуццяў. Але можна апісваць менавіта самі думкі i пачуцці ў ix гатовым выглядзе, рызыкуючы быць недакладным у выказванні i страціць частку сэнсу, а можна «ствараць» сітуацыі, з'явы, рэчы, якія гэтыя думкі i пачуцці выклікаюць, на ix ускласці ўвесь сэнсавы цяжар, рызыкуючы ўжо застацца незразуметым i непрынятым. У паэзіі гэтыя два спосабы выяўлення існуюць раўнапраўна побач, паэт схільны альбо да аднаго, альбо да другога, a знаходзіцца звычайна недзе паміж імі.
Адам Глобус — прыхільнік другога спосабу, які патрабуе вялікай дакладнасці малюнку, выверанасці прадмета ў часе i прасторы. Прычым дакладнасць i выверанасць могуць быць i суб'ектыўна геаметрычнымі. Паэт імкнецца размаўляць з чытачом менавіта мовай фарбаў, гукаў, пахаў, рэчаў i рэчываў; мовай ліній, аб'ёмаў, фігур, асабліва заўважна гэта ў вершах «Рэзананс», «Белдзяржрэклама», «Нож», «Агонь», «Конік».
Дзьмуў вецер
Цёплы, шчыльны, цёмны,
Будоўлі пляц
У змрок хаваў.
Каркас з бетону
Месяц вольны
У чорных бэльках
Затрымаў.
Ссінела,
Згусла наваколле,
Ліхтар самотны
Сум гайдаў.
З сцяблоў травы
Сухіх i тонкіх
Упаў на камень
Сонны конік.
«Конiк»
У гэтым, напрыклад, вершы. дакладнасць пабудовы, дакладнасць малюнку i адчування прыводзяць да эфекту гукаў, якія спадарожнічаюць прадметам i дзеянням, хаця пра ix, гукі, не ўпамінаецца. Асабліва выразны гук упаўшага на камень коніка, гэты гук быццам утварае семнаццаты, неіснуючы радок шаснаццацірадкоўя.
Адсутнасць відавочных пачуццяў, вобраза чалавека, правільнасць i вылічанасць у некаторых вершах паэта часта прыводзяць да нейкай халоднасці i жорсткасці (уплыў горада?), асабліва заўважнай на фоне ўсёй маладой беларускай паэзіі. I не заўсёды гэтая халоднасць, жорсткасць мастацкі абгрунтавана. Але Адам Глобус — паэт шматгранны, таму пры агульным для ўсіх вершаў індывідуальным почырку яны ўсё ж вельмі розныя: трапляюцца філасофскія вершы, вершы пра каханне (блізкія пакуль яшчэ да барадулінскіх перакладаў Гарсія Лоркі), вершы, дзе на першы план выходзіць пачуццё. Верш «Рэгіна» — адзін з самых абаяльных, па-чалавечы добрых ва усёй маладой беларускай паэзіі, Надоўга застанецца ў памяці i невялічкі верш «Жонка».
У сне сустракаеш другога,
A ўдзень ты не помніш яго.
Мяцеш i шаруеш падлогу,
Чакаючы мужа свайго.
Крухмаліш, прасуеш кашулі,
Дзіцяці гатуеш абед,
Намыўшы да бляску каструлі,
Вось так i трымаецца свет.
Чалавек у вершах А. Глобуса, В. Маслюка, Г. Булыка жыве не толькі сярод прыгожай прыроды i прыгожых дэкламацый, але i сярод рэальнай (у дадзеным выпадку гарадской) рэчаіснасці, з яе людзьмі i ix узаемаадносінамі, з яе шматлікімі рэчамі i прадметамі, якія, сапраўды, адыгрываюць не апошнюю ролю ў фарміраванні чалавека, ім жа, чалавекам, прыдуманыя i створаныя. Рэчы i прадметы гэтыя даўно «асвоеныя» ва ўжытку, без якіх ужо i абысціся, здаецца, нельга, асвойваюцца, абжываюцца эстэтычна, эмацыянальна ў ix унутраным, сутнасным значэнні для чалавека.
Ён гулка пляснуў аб тугі канверт
I значным стаў, як пляма на абрусе,
Ці на рагу насоўкі тоўсты вузел,
Ці бляск замка, што вісне на хляве.
На папяровай бледнасці маўчаў
Гарачай безаблічнасцю
Спачатку:
Чакаў цяжкога дотыку пячаткі,
Каб атрымаць аблічча:
Месца, час...
А потым нёс пачуццяў боль i жар,
Густых радкоў нястомленую палкасць.
Данёс —
I разваліўся на кавалкі:
Тых тайнаў, што бярог, не знёс цяжар...
Читать дальше