А што ў лужы? — кемлівая на тое і ёсць кемлівая: раптам разгарнула крылы — і давай плёскацца, купацца, значыць. На тую, верхнюю, нават і вокам не вядзе.
«Ах, дык ты яшчэ і гэтак?!» — і паколькі нападаць з вышыні куды ямчэй, то і спікіравала зайздросніца ў лужу, і пачала чубіць купальшчыцу. Паляцелі — і пырскі, і пер'е...
І толькі задумлівы грак пазіраў з таполі на галчыную мітрэнгу і даўмецца не мог: дзеля чаго ўся гэтая валтузня?..
Ну, сапраўды: навошта бойка, навошта вайна?.. Каб вады больш ухапіць? Дык яе ў лужы — як у моры, калі па-галчынаму мерыць... З-за гонару: вышэй сесці, вышэй дзюбу ўзнімаць з вільготнаю кропляй? Альбо вада там смачнейшая? Дык жа з аднае трубы... Ці ў імя прыгажосці, дзеля «эстэтыкі піцця»? То ўжо гэта — ні ў якую дзюбку, як кажуць, не лезе: прыгажосць — і вайна...
Мудры грак — ды паспрабуй разбярыся тут з гэтымі галкамі...
ХАЙ АДПАЧНУЦЬ..
Вагон электрычкі быў запоўнены. Ну, не гэтак, як у загадцы пра гарбуз, дзе «ні вакон, ні дзвярэй, поўна хата людзей», — былі і вокны, і дзверы, а вось месцаў вольных не было. Скажам, як у тэатры пры аншлазе можна прыладзіцца «на прыстаўным». Ці так (што бліжэй стасуецца да нашага выпадку), як бывае на футболе падчас сустрэчы каманд экстракласа: маеш уваходны білет, то масціся на прыступны, падаслаўшы газетку, альбо стой сабе, не замінаючы глядзець тым, хто раскашуецца на трыбунах...
Стаялі і ў вагоне. Хоць пакуль яшчэ і не надта густа...
На нейкім прыпынку да «ўстойлівых» далучыліся яшчэ трое: маленькі хлопчык, ягоная мама, бялявая, зграбная маладзічка, і дзядуля.
Вось тут самы раз і вярнуцца да таго, што «бліжэй стасуецца да нашага выпадку». Гэтага чалавека, дзядулю, я ведаў. Ведаў не асабіста, але пазнаць мог беспамылкова. Дзядуля быў калісьці «футбалістам Івановым». Не-не, гэта не з серыі «Іваноў, Пятроў, Сідараў...» — прозвішча ягонае сапраўды было: Іваноў Яно гучала на стадыёнах, яно паўтаралася ў спартыўных рэпартажах і ў «разборках» футбольных аматараў («От каб ён ды яго... ды каб не нагой, а галавой...»)... Іваноў не быў кумірам-форвардам, ён гуляў у абароне. Стаяў, як гаворыцца, надзейна і цвёрда. Не раз, праўда, і ляжаць даводзілася яму на футбольным газоне, курчачыся ад болю, асабліва, калі ўдар зламыснага праціўніка трапляў па нагах... А ў дадатак яшчэ які-небудзь п'янаваты гарлапан з самага далёкага сектара на ўсю глотку раіў: «Уставай — прастудзішся!..»
Ногі футбаліста, відаць, самыя пакутныя, самыя, што называецца, бітыя-перабітыя між людскіх ног... Але стаяў Іваноў на подступах да варот нашай каманды, адзінай беларускай каманды ў вышэйшай лізе, не думаючы пра ногі...
Стаяў ён і цяпер — у вагоне электрычкі: месцаў не знайшлося ні двух- ці трохгадоваму ўнуку, ні дзядулю...
Ён даводзіўся мне, пэўна, равеснікам, можа, меў гадоў на пяць болей. Але старэйшых за нас у вагоне, бадай што, не было. Ранішняя электрычка везла ў Мінск у асноўным моладзь — на працу, на вучобу... Сядзелі ўпобачкі знаёмыя між сабой — жартавалі, смяяліся. Той-сёй прыкідваўся, што дужа стомлены і схіляў галаву ў дрымоце. Між маладых твараў і тварыкаў я выгледзеў нават адно негрыцянскае аблічча. Чорная, кучаравая, з крыху выцягнутай уверх макаўкай, галава яго чамусьці нагадвала мне куміраў футбольнага свету Пеле і Марадону...
А наш, хай сабе і не кумір, Іваноў — стаяў, панураны, і ўвесь час, як мне падалося, помніў пра ногі. Дакладней, яны не давалі забыцца пра сябе. Іваноў пакутна перамінаўся з нагі на нагу, іншы раз пры гэтым нахіляўся да крохі-ўнучка, па-змоўніцку падміргваў яму, штосьці шаптаў і горка ўсміхаўся...
І тады я не вытрымаў, устаў і сказаў: «Я вас ведаю, вы Іваноў, — сядайце. Вашы ногі так стаміліся, хай адпачнуць...» Іваноў страпянуўся, але запярэчыў: «Справа звычная...», як бы даючы знаць, што разумее, пра што гаворка. А я даводзіў сваё, гаварыў, што мне лягчэй было тупаць нагамі на трыбуне, свістаць ды галёкаць «давай!», «на мыла!..» (хоць, прызнацца, я і не грашыў гэтым, але зараз — гаварыў, дзеля абагульнення), а ногі яго, Іванова, працавалі, не па-чалавечы стамляліся і заходзіліся, як не плакалі, ад болю...
Так і стаялі мы ў перапоўненым вагоне, старэйшыя з усіх прысутных. Спрачаліся, каму сесці. І ніхто быццам і не звяртаў на нас увагі, такі выгляд рабілі, па самыя вушы занятыя, загружаныя сваім смехам, жарцікамі, учарашнім недасыпаннем...
Вось і ўся гісторыя... І ці варта яе згадваць?.. Нічога ж асаблівага не здарылася. Ну, пазнаў я Іванова. Ну, пастаялі... Ну і што? Астатнія ж не пазналі — дык чаго ім стаяць?..
Читать дальше