Гэткая нечаканая ўдача надарылася і павучку. Затрымцела не толькі ягоная сетачка, але і ўся азярына ўскалыхнулася.
Павучок адразу аж спалохаўся, але беспамылкова вызначыў, адкуль накочваюцца гэтыя ўраганныя, як дзевяты вал, хваляванні. Падхапіўся ён, слізгануў па нітачцы павуцінкі да месца здарэння. Сам дробненькі, як чорная расінка, а перад ім — страшыдла разоў у пяць, а то і ў дзесяць, большае за яго, ды і сківіцы — абцугі-кусачкі — не раўня павучковым: драціну сталёвую, здаецца, умэнт перашчыкнуць, а не тое што павуцінку. Ды і сам павучок такому на зуб не пападайся... Ён адразу ж і зразумеў гэта: пастаяў на бяспечнай адлегласці, прыкінуў, ацаніў свае баявыя магчымасці і ціхенька адкаціўся, слізгануў назад, на ранейшую пазіцыю.
Павучок ведае: цяпер яму спяшацца не варта ды і сэнсу ніякага няма. Цяпер усё зробіць павуцінка. Танюсенькая яна, кволая: махне заграбастай лапкаю ці сківіцай зачэпіць страшыдла — і як не было той павуцінкі... Так то яно так, але замест яе, парванай, ужо вісне на той лапцы ці на сківіцы дзве альбо тры новыя павуцінкі. І чым больш размахваецца, бушуе страшыдла, тым шчыльней заблытваецца ў павуцінні. Як бач: ужо і на дзве нагі спутаны, і на чатыры, і на ўсе шэсць... А там, глядзіш, і ўжо махаць нечым... Толькі сківіцы яшчэ то разыходзяцца, то сцінаюцца, аж рыпяць, здаецца...
Падбяжыць павучок, калі трапятанне сунімецца, паглядзіць: не, яшчэ ранавата набліжацца... Так і цікуе, так і цікуе раз за разам...
А страшыдла тым часам знямогла прыбілася ў куточак і варухнуцца не можа, адно толькі як ад сораму схавалася: з такімі сківіцамі і так ганебна ў палон здавацца!.. Ды яшчэ каб у палон... Павучок жа быў галодны...
Калі б павучок пазнаёміўся са страшыдлам, то даведаўся б, што гэта не хто іншы, як скакун палявы... Яшчэ б і пасябравалі, можа...
Але павучку было не да знаёмстваў: павучок хацеў есці... У-у, натура павучыная — яна і ёсць павучыная...
СЦЭНА ЛЯ ФАНТАНА
Не, гэта была не сустрэча, прызначаная напярэдадні па тэлефоне ці замоўленая пры ўчарашнім развітанні. Не прадбачылася тут ні вясёлага сяброўскага шчэбету, ні важнай дзелавой размовы, ні сур'ёзнай разборкі... Не нагадвала гэтая дзея і славутую «Сцэну ля фантана» з оперы Мусаргскага «Барыс Гадуноў», дзе Самазванец Ілжэдзмітрый клянецца ў каханні Марыі Мнішак...
Т фантан гэты быў зусім не з такіх, што ўпрыгожваюць прыдворныя паркі царскіх палацаў ці гарадскія плошчы і скверы. Ды і ўзнікнуць яму тут ніяк не выпадала, калі паглядзець на справу сур'ёзна. Вада ўпырсквалася, узлятала ўгору зусім без належнай на тое патрэбы і ў зусім непрыдатным месцы. Можна сказаць, выглядала гэта пустым вадалействам і марнатраўствам, ды яшчэ пэўнай нязручнасцю для людзей, што праходзілі міма...
А было іх тут, тых людзей, не тое што многа, а вельмі многа. Бо дзеелася ўсё на чыгуначнай платформе. І фантаніравала вада ды разлівалася лужаю вакол трубы, што чамусьці тырчэла тут са сваім, як гэта часцей водзіцца ў такіх, прывакзальных, выпадках, сапсаваным ці наогул збітым і так-сяк прыкручаным драцяною кранам...
Словам, кран быў. Але — па ўсім жа відаць — дзіравы і нікому не патрэбны. Нікому з людзей. Бо...
Вось гэтае «бо» якраз і ўгледзела ці пачула плюскатанне і шуснула да вады — спачатку ў выглядзе адной, а потым і другой — наўздагон — галкі...
Дзень быў спякотны, і галкам хацелася піць. То проста і плюхнуліся яны з прывакзальнай будыніны ў лужу. Раз-другі ўскінулі ўгору дзюбкі, перакочваючы ў перасмяглыя глоткі выратоўныя кроплі вільгаці. А потым і азірацца пачалі. Не таму, што спалохаліся. Прывакзальныя галкі звыклыя да натоўпу. Тым больш, што і натоўп сотнямі сваіх ног не надта набліжаўся да галак, стараючыся абмінуць лужу.
Азірацца ж галкі пачалі, зацікавіўшыся: адкуль гэта зверху падае вада. І тая, што была больш здагадлівая, тут жа ўспырхнула да крана, уселася побач з фантанчыкам і сунула ў ягоны струмень разяўленую дзюбку.
О, як было гэта гаманліва і прыгожа: лавіць на вышыні мігатлівыя кроплі і ўзносіць раз-пораз — яшчэ вышэй за фантанчык — дзюбку. Быццам горн узнімала галка: вось-вось заіграе-затрубіць.
Але ўжо гэтага якраз і не магла сцярпець тая, што засталася ў лужы. Да таго ж пачувалася яна, пэўна, мацнейшаю і разумела, што сіла зараз мае перавагу над кемлівасцю. А таму і ўсхапілася яна з лужы, і найшла ў наступ на «разумніцу-фантаншчыцу».
Спіхнула-такі... І ўсеўшыся на абрэзак трубы, тут жа паўтарыла ўсё, што рабіла адпрэчаная галка. А гонару ж колькі было, а пыхі!.. Рыхтык акторка на сцэне. Ды яшчэ, пазіраючы зверху, здзекліва чэкаць пачала. Быццам пыталася: «Ну, як там, у лужы?..»
Читать дальше