1 снежня. Нядзеля. Учора Ірынка зацягнула нас з Евай на канцэрт у Палац спорту. Выступаў вядомы маскоўскі спявак — зорка эстрады. “Зорка” раскручаная, але лішняга білета ніхто не пытаўся. Каля палаца прадавалі ўваходныя квіткі па 12 рублёў, а сядзячыя, з месцам — па 15 рублёў.У нас меўся лішні білет, кажу Ірынцы: аддай за 12 рублёў, каб не прапаў зусім. А яна прапанавала аднаму хлопцу, той падумаў-падумаў і даў 15. Ірынка весела дзякавала яму, а ён усміхаўся, прасіў даць тэлефон. Ірынка сказала наш нумар. “Замётана”, — усміхнуўся хлопец. Ён быў з кампаніяй, таму сядзеў не з намі, але, можа, і патэлефануе.
Дык вось, людзей набілася, як селядцоў у бочку. Крэслы з партэра вынеслі. Там тоўпілася моладзь. Хлопцы і дзеўкі “цёрліся”, як рыба падчас нерасту. Ішлі на канцэрт у джынсах, світэрах. “варонках” і красоўках. Дэмакратызм у адзенні і поўная раскаванасць у паводзінах.
Патухла святло, грымнула музыка, са сцэны ірвануліся ў залу ярка-зялёныя, затым фіялетава-ружовыя, ядавіта-жоўтыя промні, нібы шчупальцы гіганцкага спрута. На сцэну выбеглі патлатыя хлопцы, голыя да пояса, і напаўголыя дзяўчаты. Пачаўся так званы балет. Пад грамовое бабаханне музычных інструментаў усчаліся скокі, якія нагадвалі заняткі ў секцыі аэробікі. У цэнтры круцілася дзяўчо ў чорных калготках, кароценькай спаднічцы, пры кожным руху былі відаць белыя трусікі. Хрыпла-металічны голас абвясціў, што выходзіць “зорка”. Крыкнуў: “Встречайте!”, віскат, свіст. Лямант, хоць вушы затыкай, пачуліся ў зале. Неўзабаве выбег патлаты хлопец у цёмных штанах-трыко, куртатай скураной куртцы, з-пад якой выбівалася цёмная майка навыпуск, спераду боўталіся белыя карункі, якія нагадвалі хвартушок. Спявак быў падобны на нейкага кухмістара з адскай кухні.
Спяваў ён высокім, металічным гласам, мусіць, пад “фанеру”. Мелодыя была нейкая рваная. Занадта гучная і рэзкая. А моладзь ужо балддзела. Таўклася ў паўзмроку, сёй-той размахваў над галавою світарам, некаторыя дзеўкі сядзелі на плячах у хлопцаў і пішчалі ад радасці. Кайф па поўнай праграме.
Міжволі падумалася: шоў-бізнес прыносіць дзялкам мільёны і атручвае душы моладзі. Мы з Евай ледзьве вытрымалі да канца. Разбалеліся галовы ад грукату і ляманту. А Ірынка сказала: “Класны канцэрт. Мне спадабаўся”.
О времена, о нравы!
3 снежня. Аўторак. Пабудзіў Алесік у 3.30 захацеў піс-піс. Нуй, паесці. мабыць, закарцела. Я трымаў яго над унітазам. Ён усміхаўся бяззубым ротам. І нічога ў нас не атрымалася. А калі паклаў на ложак, каб надзець калготкі, ён пусціў фантан на маю коўдру. Разбойнік! Потым я насіў яго. А ён хныкаў, пакуль не пабудзіў маці і не паеў.
Даўно прыкмячаю ў Алесікавых вачах нейкі “запредельный” розум. Мабыць, ад прашчураў закладзены ў генах. Бывае, аднясу яго ў ванны пакой, здыму штонікі: піс-піс… А ён перабірае тоўстымі ножкамі па драўлянай рашотцы. Быццам скача. Задзірае лдабастую галаву і гарэзліва-дапытліва пазірае на мяне: “Што ты хочаш, дзеда?” Або вяду яго, трымаючы пад пахі, сам іду ззаду, ён спыняецца і глядзіць на мяне, нібы пытаецца: “Куды мы ідзем?” ці “Куды ты вядзеш?
Дзесьці чытаў. А мо чуў, што пасля году, як паболее малеча, гэтая прыродная глыбіня, інстынктыўны розум знікае. А чаму? Можна разважаць доўга, але, мусіць, дакладна ніхто не веадае. Дужа гэта тонкая матэрыя. Дарэчы, я амаль не думаю, што ў жылах Алесіка не цячэ мая кроў. Ён родны ўнук маёй любімай жанчыны. І гэтага дастаткова.
8 снежня. Нядзеля. Нечакана выскачыў мароз сёння — 17градусаў. Трохі падкінула снегу. Зіма! Мае поўнае права.
А ў нас у краіне поўнае безгалоўе. У перадачы “Панарама'паказалі мітынг у Мінску, плакаты: “Горбачев и Ельцын — продавцы отечества”. Адна кабета рашуча разадрала партрэт Гарбачова. Малады мужчына. Член “Отечества” сказаў: “Мы наградили Горбачева медалью Иуды и премией 30 сребренников”,назваў сваё імя і прозвішча. Адзінае дасягненне: можна крытыкаваць прэзідэнта, гаварыць і пісаць, што думаеш. Але ад гэтага нічога не мяняецца да лепшага.
Учора схадзіў на секцыю пчаляроў. Народу — паўнюткая кіназала Дома афіцэраў. На сцэне за доўгім сталом — прэзідыум, кіраўнікі секцыі, вядомыя пчаляры-аксакалы. У зале месца можа не быць, таму для самых ганаровых — прэзідыум. Тым болей, што мы да гэтага прывучаны. Выступы былі цікавыя, сёе-тое занатаваў. Варта пашыраць пчальнік. Месца ў маёй вёсцы спрыяльнае для пчол: блізка лес, рачцлка. У лесе заўсёды нешта цвіце: ранняй вясною — арэшнік, вербалознік, затым — чарніцы, брусніцы, асабліва багата даюць мядку лясныя маліны. А потым зацвітае дзяцеліна, чабор, ліпа, пад восень — верас. У гарачыню наносяць падзі. Для пчол падзевы мёд шкодны зімою. А для чалавека надзвычай карысны. Так што, наперад, уюнаша! У кагорту пчалярў!”
Читать дальше