Штодня Косця чакаў карэспандэнта ці нейкай весткі з рэдакцыі. Сахута адбаярыўся парадаю, сам пайшоў на павышэнне. Свой свайго цягне ўгору. Косця прыслухаўся да дзятлавага пошчаку — той малаціў дзюбаю, аж рэха кацілася па лесе. Іншых гукаў не было чуваць. Змрочны, насуплены, прыцярушаны снегам, лес быццам драмаў і чакаў Новага года. Пасля яго сонца пачне хадзіць вышэй, снегавыя падушкі з галінак зваляцца, лес уздыхне вальней, устрапянецца і будзе чакаць вясны.
Косцю Вароніну Новы год не абяцаў нічога добрага. Судовы выканаўца прыедзе з участковым, апішуць маёмасць, забяруць карову. Аксеня будзе галасіць на ўсю вёску. А што рабіць Косцю? З сякераю ці са стрэльбаю бараніць свой набытак? А дзеля каго? Дзяцей няма. Каханне да Ксені даўно развеялася, як дым. Не, у турму Косцю не хацелася. Але і жыць таксама не было жадання. Душа не мела свабоды і волі. Мацней за ўсё было ў ім жаданне адпомсціць, а там, што будзе, тое і будзе. Адзін патрон ён пакіне для сябе...
Блукаючы па лесе, Косця выношваў план помсты. Дзе можна перастрэць Сырадоева? Куды ён ходзіць? Дзе бывае? От, каб ён выправіўся ў лес, але адзін ён не ходзіць. Падпільнаваць, калі будзе ісці па вёсцы. Людзі ўбачаць. Гэтага не баяўся, адно, каб не перашкодзілі здзейсніць задуманае. Ён павінен адпомсціць. А там — Бог-бацька... Пра бога Косця думаў рэдка. Царквы ў Хатынічах не было. Пры Хрушчове зачынілі храм у Саковічах, але разбурыць магутную камяніцу не хапіла духу ў мясцовых ваяўнічых атэістаў. Затое драўляную царкву ў Белай Гары разабралі на дровы для клуба і фермы. Пасля Чарнобылю старэйшы люд пацягнуўся да Бога. Шукаючы падтрымкі і надзеі на збаўленне ад нечысці. Пачалі гаварыць, што Чарнобыль — гэта боскае пакаранне за грахі. Па тэлевізары Косця на свае вочы бачыў, як стаялі са свечкамі ў руках былыя партыйныя босы і яму карцела плюнуць на экран.
Сын паліцэйскага, былы лепшы механізатар раёна, перадавік-брыгадзір, былы камуніст Косця Варонін не любіў двурушнікаў, пярэваратняў, падманшчыкаў. Менавіта падман Івана Сырадоева і Сямёна Чукілы злаваў яго асабліва. Вы ж кляліся, бажыліся, што паможаце выплаціць штраф. А цяпер пакінулі яго аднаго. І таму Косця ўсё больш пераконваў сябе, што мае права на помсту. Мае права пакараць здрадніках і хлусаў Бацька ягоны служыў немцам, дык і паехаў з імі, не перакінуўся да партызанаў, не кляўся бальшавікам у верна сці. Апошнім часам Косця ўсё часцей згадваў бацьку. Можа таму, што Ніна , родная Косцева сястра, раіла яму напісаць бацьку пра сваю бяду, папрасіць дапамогі. А Косцю было сорамна, бо зімою Ніна сказала: “Давай напішам бацьку пісьмо разам. Павіншуем з юбілеем. Яму семдзесят гадоў”. — “Напішы сама. І ад мяне перадай прывітанне”, — адмахнуўся Косця. Цяпер ён дакараў сябе, што не паслухаўся сястры, што раней ні разу не напісаў бацьку ліста. А Ніна віншавала яго штогод . І атрымлівала лісты, у якіх бацька перадаваў паклоны і Косцю, і Данілу.
Лісты гэтыя Ніна хавала, бо Даніла не ўхваляў ейную перапіску з бацькам-паліцаем, бо яго за гэта могуць выклікаць у райкам партыі. Косця райкама не баяўся, але так ні разу і не напісаў бацьку. Таму цяпер прасіць у старога дапамогі было сорамна: раней не азваўся ні разу, а як смажаны певень дзеўбануў у задніцу, дык і бацьку ўспомніў. У таго свая сям'я, дзеці, унукі, можа, сам чакае ад іх падачкі.
Так і не напісаў Косця ў далёкую Аргенціну. А Ніна ліст адаслала. У якім паведаміла ўсю праўду пра Косцю і папрасіла бацьку, калі зможа, дапамагчы. Косця пра гэта не ведаў і помачы з-за мяжы не чакаў. А вось на карэспандэнта з вобласці спадзяваўся, да паўдня стараўся быць дома, аціраўся ў гаражы. І не піў з раніцы, не пахмяляўся.
Можа таму, што часцей думаў пра бацьку, ён пачаў сніца, чаго раней нтколі не было. Аднойчы прыснілася: бацька і ён косяць дзялку, якую выдзелілі на “працэнты”. Спачатку ўзяліся адтаптаць мяжу ад суседзяў Уторкнулі высокія лазовыя віткі, завязаўшы вецце кучомкаю. “Стой, трымай вітку, каб вецер не зваліў, а я след прайду”, — сказаў бацька. Быў ён у белай кашулі ў сінія палоскі, у палінялых джынсах, запраўленых у высокія боты, падобныя на нашы кірзачы. На галаве — саламяны брыль з шырокімі палямі, як самбрэра ў каўбояў. Бацька зайшоў з другога канца дзялкі, уткнуў гэткую ж высокую вітку і павольна, кароткімі крокамі ішоў насустрач Косцю — таптаў мяжу-след. Іхнняя дзялка ўпіралася ў купчасты лазовы куст, за ім была парослая асакою шырокая лужына.
Калі бацька наблізіўся да Косці, з-за куста выйшаў Іван Сырадоеў. У руках ён трымаў скручаны трубачкаю школьны сшытак, за вухам тырчаў чырвоны аловак. Быў Сырадоеў у клятчастай кашулі, на галаве выгарэлая ад сонца кепка, насунутая на лоб.
Читать дальше