Гэта была ўжо не першая бойка, якую пачынаў Уільямс. Апошнія два тыдні ён заставаўся ў казарме кожную ноч і нарабіў нямала клопату. Салдаты, што спалі ў адной з ім казарме, нават не падазравалі пра гэтую рысу яго характару. То ён гадзінамі здранцвела сядзеў, не вымаўляючы ніводнага слова, то ні з таго ні з сяго дапускаў якую-небудзь недаравальную правіннасць. Ён ужо больш не хадзіў у лес у вольны час, а ноччу дрэнна спаў, будзячы ўсю казарму мармытаннем праз сон. Аднак ніхто не надаваў увагі яго дзівацтвам. У казармах здараліся рэчы куды больш дзіўныя. Адзін стары капрал кожны вечар пісаў лісты да Шэрлі Тэмпл [7] Шэрлі Тэмпл — амерыканская дзяўчынка — кіна-зорка трыццатых гадоў.
, падводзячы ў іх, нібы ў дзённіку, рахункі падзеям, што адбыліся за дзень, а раніцай наступнага дня перад снеданнем пасылаў іх па пошце. Другі салдат, які праслужыў у войску ўжо каля дзесяці гадоў, выскачыў з акна з трэцяга паверха, бо прыяцель не пазычыў яму пяцьдзесят цэнтаў на піва. Повару ў той самай батарэі не давала спакою неадчэпная думка, што ў яго рак языка. Ён увесь час высалопліваў перад люстэркам язык так, што былі відаць нават смакавыя сасочкі. Да таго ж замарыў сябе голадам амаль да поўнага знясілення.
Пасля бойкі Уільямс пайшоў у спальны пакой і лёг на ложак. Ён палажыў пакет з цукеркамі пад падушку і ўтаропіўся ў столь. На дварэ дождж крыху сціх, і надышла ноч. Думкі ажывілі некалькі млявых мар. Уільямс падумаў пра капітана, але перад вачамі праплывалі толькі ўяўныя вобразы, пазбаўленыя сэнсу. Для гэтага маладога ўраджэнца поўдня афіцэры належалі да той самай не зусім вызначанай катэгорыі, што і негры — яны займалі нейкае месца ў ягоным жыцці, але ён не ставіўся да іх, як да чалавечых істот. Радавы Уільямс адносіўся да капітана з пачуццём фаталізму, як да надвор’я ці іншай прыроднай з’явы. Паводзіны капітана хоць і маглі здацца нечаканымі, але ён не звязваў іх з сваёй асобай. Ён не браў пад сумненне іх нармальнасць, як яго не мучылі пытанні, чаму бывае навальніца ці вянуць кветкі.
Ён больш не падыходзіў да дома капітана Пендэртана пасля таго, як раптам нехта ўключыў лямпу і ён убачыў чарнявую жанчыну, што стаяла на парозе і глядзела на яго. У той час ім авалодаў страх, але гэта быў страх хутчэй фізічны, чым усвядомлены. Пачуўшы грукат парадных дзвярэй, ён асцярожна выглянуў і ўпэўніўся, што ніякіх перашкод на яго шляху няма. Апынуўшыся ў лесе і зноў адчуўшы сябе ў бяспецы, ён ціха пабег, хоць добра і не ведаў, чаго ён спалохаўся.
Але думкі пра капітанаву жонку не пакідалі салдата. Ён сніў «пані» кожную ноч. Аднойчы, калі ўжо быў у войску, ён атруціўся птамаінам, і яго завезлі ў шпіталь. Ад адной думкі пра паганую хваробу, пераносчыцамі якой з’яўляюцца жанчыны, яго трасло пад прасціной кожны раз, калі да яго падыходзілі медсёстры, і ён лічыў за лепшае цярпець мукі, чым папрасіць іх зрабіць якую-небудзь паслугу. Але дакрануўшыся да «пані», ён ужо больш не баяўся гэтай хваробы. Кожны дзень ён даглядаў і сядлаў яе каня, глядзеў ёй услед, калі яна ехала на прагулку. Раніцай было золка і ветрана, твар капітанавай жонкі ружавеў, і яна была ў вясёлым настроі. У яе былі заўсёды прызапашаны Уільямсу які-небудзь жарт ці прыязнае слова, але ён ніколі не глядзеў ёй проста ў твар і не адказваў на жарты.
Уільямс ніколі не асацыіраваў яе са стайняй ці вольным паветрам. Для яго яна заўсёды была ў пакоі, дзе ноччу ён так засяроджана назіраў за ёй. Успаміны пра гэтыя гадзіны былі заснаваны выключна на пачуццях. У пакоі быў тоўсты дыван на падлозе, шаўковае пакрывала, тонкі пах духоў. Былі яшчэ раскошная цеплыня жаночага цела, цішыня і змрок — дзіўная асалода ў сэрцы і напружаная сіла ў целе, калі ён сядзеў на кукішках побач з ёй. Зазнаўшы ўсё гэта, ён не мог з ім развітацца; у ім нарадзілася незразумелае, нібы ў наркамана, палкае жаданне, спатоленне якога было непазбежнае, як смерць.
Дождж аціх апоўначы. У казарме ўжо даўно патушылі святло. Уільямс не распранаўся, і калі дождж аціх, ён надзеў спартыўныя тапкі і выйшаў з казармы. Да капітанавага дома ён пайшоў звычайнай дарогай — краем лесу, што рос вакол ваеннага гарадка. Але ў той вечар месяц не свяціў, і салдат ішоў хутчэй, як звычайна. У адным месцы ён заблудзіўся, а калі падышоў да капітанавага дома, з ім здарыўся непрыемны выпадак. Ён спатыкнуўся ў цемры і трапіў, як яму спачатку здалося, у глыбокі роў. Каб даведацца, дзе ён, салдат чыркнуў некалькі разоў запалкамі і ўбачыў, што зваліўся ў нядаўна выкапаную яму. Дом быў ахінуты цемрай, і салдат, увесь падрапаны і запэцканы, яшчэ не паспеўшы перавесці дых, пастаяў некалькі хвілін перад тым, як зайсці. Тут ён быў раней шэсць разоў, гэта быў сёмы і — апошні.
Читать дальше