***
Радавы Уільямс прастаяў каля дома амаль дзве гадзіны, пакуль там не патухла святло. Зоркі на небе сталі больш цьмяныя, а само неба з чорнага паступова ператварылася ў цёмна-фіялетавае. Толькі па-ранейшаму ярка свяціла сузор’е Арыёна і з цудоўным бляскам зіхацела Вялікая Мядзведзіца. Салдат абышоў дом, спыніўся каля дзвярэй у кухню і асцярожна паспрабаваў адчыніць. Дзверы былі зачыненыя з сярэдзіны, як ён і думаў. Але салдат уставіў у шчыліну лязо нажа і прыўзняў клямку. Выявілася: дзверы з чорнага хода былі незамкнёныя.
Апынуўшыся ў доме, салдат нейкі час стаяў нерухома. Было цёмна і ціха. Нясмела пачаў узірацца ў цемру, пакуль да яе не прывык. Дзе і што размяшчаецца ў доме, ён вывучыў і ведаў. Доўгі калідор і лесвіца падзялялі дом на дзве палавіны. У адной палавіне была вялікая зала, за ёй — пакой служанкі. У другой — сталовая, капітанаў кабінет і кухня. На другім паверсе была вялікая спальня на два ложкі і маленькі пакойчык. Злева былі дзве спальні сярэдняга памеру. Капітан спаў у вялікім пакоі, а яго жонка — у пакоі па другі бок калідора. Салдат асцярожна падняўся па лесвіцы, засланай дывановай дарожкай. Ён стараўся рухацца спакойна. Дзверы пакоя «пані» былі адчыненыя, і, падышоўшы да іх, ён не вагаўся ні хвіліны. Ступаючы мякка, нібы кот, ён зайшоў у пакой.
Пакой быў напоўнены зялёным месячным святлом і ценямі. Капітанава жонка спала ў той самай позе, у якой яе пакінуў муж. Мяккія валасы раскідаліся па падушцы, а грудзі, што паволі і ледзь бачна ўздымаліся ад лёгкага дыхання, былі напалову адкрытыя. На ложку засталося жоўтае шаўковае пакрывала; паветра было насычана саладкавата-дурмановым пахам духоў. Памалу, на пальчыках, салдат падышоў да ложка і схіліўся над жанчынай. Месяц мякка асвятляў іх твары, і яны былі так блізка адзін ад аднаго, што ён чуў яе цёплае роўнае дыханне. У сумных вачах у салдата спачатку з’явілася пільная цікавасць, але праз некалькі хвілін яго суровы твар засвяціўся шчасцем. Малады салдат адчуў вострую і дзіўную, ніколі яшчэ не зведаную ў жыцці асалоду.
Нейкі час ён так і стаяў, нізка нахіліўшыся над жанчынай. Потым, абапёршыся рукой аб падаконнік, ён паволі апусціўся на кукішкі побач з ложкам. Ён утрымліваў раўнавагу, седзячы на шырокіх пальцах ног, выпрастаўшы спіну і палажыўшы моцныя тонкія далоні на калені. Яго вочы свяціліся, нібы круглыя бурштынавыя гузікі, а зблытаныя пасмы валасоў спадалі на лоб.
I раней некалькі разоў на твары ў радавога Уільямса свяцілася раптоўна абуджанае шчасце, але ніхто з гарнізона не бачыў яго ў тыя моманты. А калі б убачылі, то аддалі б пад трыбунал. Справа ў тым, што ў час доўгіх блуканняў па лесе запаведніка ён быў не адзін. Калі ўдавалася адлучыцца са службы ў другой палове дня, ён браў са стайні каня. Ад’язджаў на ім міль на пяць ад гарнізона, у глухі закутак у баку ад дарог, куды цяжка было дабрацца. Там, у лесе, была роўная прагаліна, парослая травой і хмызняком колеру начышчанай бронзы. У гэтым зацішным месцы салдат заўсёды рассядлоўваў і пускаў на волю каня. Потым распранаўся і клаўся на вялікі роўны камень пасярод паляны, бо адзінае, без чаго салдат не мог жыць, было сонца. Нават у самыя халодныя дні ён нерухома ляжаў галышом, падставіўшы цела сонечным промням. Часам, усё яшчэ распрануты, ён узбіраўся на камень і скакаў на голы хрыбет каня. Гэта была звычайная вайсковая каняка, і з кім-небудзь іншым яна была здатная толькі на два алюры: няўклюдную рысь і галоп, у час якога яна нагадвала б цацку конь-качалка. Але калі седаком быў радавы Уільямс, з канём адбываўся цуд. Ён імчаў лёгкім галопам ці пераходзіў на рысь з ганарлівай напружанай элегантнасцю. Цела ў салдата было светлае, з залаціста-карычневым адценнем, і ён цвёрда трымаўся на кані. Без вопраткі ён быў такі шчуплы, што на яго целе былі выразна відаць выгнутыя лініі рэбраў. Калі ён імчаў галопам пад промнямі сонца, на яго вуснах блукала пажадлівая дзікая ўсмешка, якая здзівіла б яго таварышаў па казарме. Пасля такіх выездаў ён вяртаўся ў казарму стомлены і ні з кім не размаўляў.
Уільямс сядзеў на кукішках каля ложка ў пакоі «пані» амаль да світання. За гэты час ён не зварухнуўся, не выдаў сябе ніводным гукам і не адвёў вачэй ад цела капітанавай жонкі. Потым, калі пачало ўжо світаць, ён зноў абапёрся аб падаконнік, каб утрымаць раўнавагу, і асцярожна падняўся. Ён сышоў уніз па лесвіцы і нячутна зачыніў за сабою дзверы. Неба ўжо было бледна-блакітнае, і ў ім дагарала зорка Венера.
Читать дальше