Аднаго разу на вяселлі яму так спадабалася арыгінальная прыгожая дэсертная лыжачка, вельмі тонкай, да таго ж старадаўняй работы, што ён не вытрываў. Калі ў выніку спрытнай маніпуляцыі трафей быў ужо ў кішэні, ён раптам зразумеў, што Элісан, якая сядзела побач з ім, усё гэта бачыла. Яна паглядзела яму проста ў твар са здзіўленнем. Нават цяпер ён уздрыгваў кожны раз, калі думаў пра гэта. Спачатку Элісан доўга глядзела яму ў вочы, а потым пачала смяяцца. Ды як! Аж рагатала, нават падавілася, і яе давялося злёгку стукнуць кулаком па спіне. Нарэшце, папрасіўшы прабачэння, яна пайшла ад стала. I ўвесь той вечар кожны раз, калі ён кідаў на яе позірк, яна адказвала яму ўсмешкай. З таго часу яна не спускала з яго вачэй, калі садзіла за стол у сваім доме. Лыжачку ён схаваў у сваёй шафе, загарнуўшы ў шаўковую хустачку, і яна ляжала там у скрынцы ад бандажа.
Але, нягледзячы на ўсё гэта, ён не мог ненавідзець Элісан. Як не мог ён па-сапраўднаму ненавідзець і сваю жонку. Леанора даводзіла яго да вар’яцтва, але нават у самыя шалёныя прыпадкі рэўнасці ён не мог ненавідзець яе больш чым ката, каня ці тыграня. Капітан хадзіў па кабінеце, раздражнёна піхаючы нагой усё, што трапляла на вочы. Калі Элісан нарэшце вырашыла развесціся з Морысам, што з усяго гэтага атрымаецца? У капітана не хапала духу, каб абдумаць такі варыянт, бо яго гняло тое, што ён можа застацца адзін.
Капітану здалося, што ён пачуў нейкі падазроны гук, і таму ён адразу спыніўся. Не, у доме было ціха. Капітан, як ужо гаварылася, быў баязлівец. Здаралася, калі ён заставаўся сам-насам, яго ахопліваў незразумелы жах. I цяпер, калі капітан стаяў у цішы пасярод пакоя, яму здавалася, што нервовасць і пакутлівы стан выкліканы не сіламі, што залежаць ад людзей і таму маглі быць у нейкай меры яму падуладныя, а нейкімі знешнімі абставінамі, якія можна ўсведамляць хіба толькі на адлегласці. Капітан збянтэжана акінуў позіркам пакой. Потым навёў парадак на пісьмовым стале і адчыніў дзверы.
Леанора заснула на дыване перад камінам у зале. Капітан глянуў на яе і ціха засмяяўся. Жонка ляжала на баку, і ён злёгку таўхануў яе нагой. Яна прамармытала нешта пра тое, як гатаваць індычку, але не прачнулася. Капітан нахіліўся, страсянуў яе, сказаў некалькі слоў ёй проста ў твар і нарэшце паставіў на ногі. Але як тое дзіця, якое будзяць, каб завесці ў туалет, дзе яно адбывае апошнюю за ноч павіннасць, Леанора магла спаць нават стоячы. Калі капітан валок яе ўгору па лесвіцы, яна па-ранейшаму мармытала нешта пра індычку.
— Няхай мяне лепш чэрці возьмуць, чым я цябе буду распранаць,— сказаў капітан.
Але Леанора сядзела на ложку нерухома, і, паназіраўшы за ёй некалькі мінут, ён зноў засмяяўся і распрануў яе. Ён не надзеў начной сарочкі, бо ў шуфлядах камоды быў такі беспарадак, што там проста нельга было яе знайсці. Да таго ж Леанора заўсёды любіла спаць, як яна казала, галышом. Калі Леанора ўжо была ў ложку, капітан падышоў да фатаграфіі, што вісела на сцяне і што ўжо шмат гадоў займала яго думкі. Гэта быў здымак дзяўчыны гадоў семнаццаці, пад якім быў замілаваны подпіс: «Леаноры з мільёнам найлепшых пажаданняў ад Бутсі». Гэты «шэдэўр» упрыгожваў сцены Леанорыных спальняў больш як дзесяцігоддзе і аб’ездзіў з ёй паўсвету. Але калі Леанору пачалі распытваць пра гэтую самую Бутсі, з якой яны некалі жылі ў адным пакоі ў школе-інтэрнаце, яна няўпэўнена адказала, што, здаецца, чула, што Бутсі некалькі гадоў назад утапілася. Да таго ж, прыпёртая да сцяны, яна прызналася, што нават не памятае сапраўднага імя гэтай Бутсі. Тым не менш ужо проста па звычцы здымак вешалі на сцяну.
Капітан зірнуў на жонку, што спала ў ложку. Леанора была гарачая па натуры і паепела ўжо сцягнуць з сябе прасціну, агаліўшы грудзі. Яна ўсміхалася, і капітан падумаў, што, відаць, цяпер яна даядае тую індычку, што гатавала ў сне.
Каб заснуць, капітан піў секанал і так прызвычаіўся да яго, што адной таблеткі было ўжо мала. Ён лічыў, што пры такой цяжкай службе ў пяхотнай школе не варта пакутаваць ад бяссонніцы ўначы, каб раніцай мець нясвежы выгляд. Без адпаведнай дозы секаналу капітан спаў вельмі чуйна і ўвесь час бачыў сны. Сёння ён вырашыў выпіць трайную дозу, бо ведаў, што тады ён адразу праваліцца ў сон, нібыта адурманены хмелем, і не прачнецца раней, як праз шэсць-сем гадзін. Капітан праглынуў таблеткі і лёг у цемры з прыемным прадчуваннем. Гэтая доза давала яму не падобнае ні на што салодкае забыццё: на грудзі яму садзілася вялікая чорная птушка, акідвала яго лютым позіркам сваіх залатых вачэй і потым нечакана ахінала лёгкімі мяккімі крыламі.
Читать дальше