— Не, бог з табой! Яна і знацца не хоча з мужчынамі. Папалася, калі ёй было чатырнаццаць гадоў, і дагэтуль не можа апамятацца. А што?
— Я спыталася, бо амаль упэўнена, што бачыла, як нехта зайшоў у ваш дом з чорнага хода ўчора позна ўночы і выйшаў на досвітку.
— Табе проста здалося,— пастаралася супакоіць Элісан Леанора. Яна лічыла, што ў Элісан не ўсе дома, і не давала веры нават самым звычайным яе словам.
— Можа, і так.
Леаноры стала сумна, і яна ўжо хацела ісці дадому. Але яна лічыла, што візіт суседзяў павінен працягвацца не менш за гадзіну, і таму цярпліва адбывала гэты час. Леанора ўздыхнула і зноў паспрабавала зрабіць хваравітую міну. На яе думку, самай тактоўнай тэмай размоў ля ложка хворага былі хваробы іншых людзей, і яна гаварыла толькі пра гэта, калі толькі не збівалася на размовы пра яду і спорт. Як усе абмежаваныя людзі, яна мела схільнасць да жахлівых гісторый, якія яна са смакам пераказвала і з захапленнем выдумляла сама. Яе трагедыйны рэпертуар абмяжоўваўся ў асноўным страшнымі здарэннямі, звязанымі са спортам.
— Я табе расказвала пра трынаццацігадовую дзяўчынку, што паехала з намі на паляванне на лісіц, была там выжлятнікам і скруціла сабе шыю.
— Ага, Леанора,— адказала Элісан, стараючыся стрымацца.— Ты расказвала мне пра гэта з усімі жудаснымі падрабязнасцямі разоў пяць.
— Гэта цябе нервуе?
— Вельмі.
— Хм.
Леанору зусім не засмуціў такі рэзкі адказ. Яна спакойна закурыла цыгарэту.
— Не слухай нікога, калі табе будуць гаварыць, што так трэба паляваць на лісіц. Я ведаю, бо сама палявала і тым і другім спосабам. Слухай, Элісан! — яна занадта старанна вымаўляла словы і наўмысна гаварыла бадзёрым тонам, нібы звярталася да дзіцяці.— Ты ведаеш, як трэба паляваць на апосумаў?
Элісан кіўнула і паправіла пакрывала.
— Іх трэба заганяць на дрэва.
— I рабіць гэта пешшу,— удакладніла Леанора.— Вось так трэба паляваць і на лісіц. У майго дзядзькі ёсць драўляная хата ў гарах, і мы з братам ездзілі туды. Бывала, калі надарыцца халодны вечар, збяромся чалавек шэсць і пойдзем з сабакамі пасля захаду сонца. За намі яшчэ бег негрытосік, несучы за спіной збан, поўны мяккай і сакавітай кукурузы. Здаралася, цэлую ноч хадзілі за лісіцай. Эх, гэта словамі не апішаш! I ўсё ж,— Леанору перапаўнялі пачуцці, але ў яе не хапала слоў, каб перадаць іх.— Потым вып’ем па апошняй чарцы ў шэсць гадзін і садзімся снедаць. I тут — божа мой! Усе гаварылі, што гэты мой дзядзька быў чалавек з дзівацтвамі, але што на стол паставіць, ён ведаў. Пасля палявання ішлі да стала, ён быў літаральна завалены ікрой, смажанай шынкай, курамі, пячэннем велічынёй што твая рука.
Калі Леанора нарэшце пайшла, Элісан не ведала, плакаць ёй ці смяяцца. Яна зрабіла тое і другое даволі істэрычна. Анаклета падышоў да яе і старанна паправіў матрац, выраўняўшы ўмяціну, што засталася пасля Леаноры.
— Я збіраюся развесціся з маёрам, Анаклета,— раптам сказала яна, перастаўшы смяяцца.— Я паведамлю яму пра гэта сёння вечарам.
Па выразу твару Анаклеты яна не зразумела, здзівіла яго гэта паведамленне ці не. Ён пастаяў моўчкі, а потым спытаўся:
— Куды ж мы з вамі тады пададзімся, пані Элісан?
У яе ў галаве ўзнікла і прайшла доўгая чарада планаў, што нарадзіліся ў бяссонныя ночы: выкладаць лацінскую мову ў якім-небудзь студэнцкім горадзе, лавіць крэветак, паслаць Анаклету на якую-небудзь чорную работу, а самой сядзець у пансіёне і браць на дом шыццё. Але яна толькі сказала:
— Гэта я яшчэ не вырашыла.
— Цікава,— сказаў Анаклета ў задуменні,— што будуць рабіць Пендэртаны?
— Цябе гэта не павінна цікавіць, бо не наш клопат.
Тварык у Анаклеты пацямнеў, а сам ён, паклаўшы руку на спінку ложка, задумаўся. Элісан адчувала, што ён хоча яшчэ нешта спытаць, і таму глядзела на яго, чакаючы пытання. Нарэшце ён спытаўся з надзеяй у голасе:
— Як вы думаеце, мы маглі б жыць у гасцініцы?
***
У другой палове дня капітан Пендэртан пайшоў на стайню, каб, як звычайна, паехаць на прагулку. Радавы Уільямс яшчэ быў там, хоць у той дзень павінен быў вызваліцца ў чатыры гадзіны. Капітан загаварыў з пагардай пранізлівым голасам, не гледзячы на маладога салдата.
— Асядлай каня місіс Пендэртан, Жарптаха.
Радавы Уільямс стаяў нерухома, утаропіўшыся ў збялелы напружаны твар капітана.
— Што капітан загадаў?
— Жарптаха,— паўтарыў капітан.— Каня місіс Пендэртан.
Загад быў нечаканы. Раней капітан толькі тры разы ездзіў на Жарптаху, і кожны раз з ім была жонка. У капітана не было свайго каня, і ён браў тых, што былі прыпісаны да стайні. Чакаючы, пакуль выведуць каня, капітан стаяў на адкрытай пляцоўцы, нервова тузаючы за пальцы пальчатку. Калі ж нарэшце Жар-птаха вывелі, ён выказаў сваю нездаволенасць: радавы Уільямс надзеў на каня пляскатае англійскае сядло місіс Пендэртан, а капітану больш падабалася вайсковае сядло тыпу маклелан. Сядло памянялі, капітан зазірнуў каню ў круглыя барвовыя вочы і ўбачыў у іх дрыготкае адлюстраванне свайго збянтэжанага твару. Калі ён садзіўся вярхом, радавы Уільямс трымаў каня за вуздэчку. Капітан сеў увесь напружаны, моцна сціскаючы зубы, і ўпёрся каленямі ў сядло. Салдат стаяў безуважна, па-ранейшаму трымаючыся за вуздэчку.
Читать дальше