Толькі тры словы круціліся ў галаве ў капітана. Яны нячутна выляталі з яго дрыготкіх вуснаў, бо ў яго нават не хапала дыхання прашаптаць: «Вось і канец».
I, развітаўшыся з жыццём, капітан раптам павесялеў. Яго ахапіла неабдымная шалёная радасць. Гэта пачуццё, такое ж нечаканае, як і рывок, калі конь схіліўся да зямлі, капітану было раней невядомае. Яго мутныя, напалавіну заплюшчаныя, нібы ў трызненні, вочы раптам убачылі тое, чаго ніколі раней не заўважалі. Свет здаваўся калейдаскопам, і кожная з яго праяў, што траплялі ў поле зроку, пакідала ў памяці глыбокі і выразны след. Вось унізе ён заўважыў ледзь бачную сярод апалага лісця асляпляльна белую кветачку з тонкім узорам пялёсткаў. Калючая сасновая шышка, птушка ў блакітным ветраным небе, вогненны слуп сонечнага святла ў зялёным змроку — усё гэта капітан бачыў нібы ўпершыню ў жыцці. Ён адчуваў, што паветра чыстае і рэзкае, усведамляў цуд, якім было яго напружанае цела, тахканне сэрца, і тое дзіва, што ўяўлялі сабой яго кроў, мускулы, нервы, косці. Капітан не адчуваў больш страху; ён узняўся да той рэдкай ступені свядомасці, калі містык адчувае, што зямля — гэта ён і што ён — гэта зямля. Учапіўшыся, нібы краб, за каня, капітан нёсся наперад з грымасай экстазу на акрываўленых вуснах.
Капітан не ведаў, колькі часу працягвалася тая шалёная язда. Пад канец ён убачыў, што яны выскачылі з лесу і імчалі па адкрытай прасторы. Яму здалося, што краем вока ён заўважыў на камені чалавека, які грэўся на сонцы, і каня, што пасвіўся побач. Гэта карціна яго не здзівіла і праз момант вылецела з галавы. Цяпер усе яго думкі былі накіраваны толькі на тое, што, зноў апынуўшыся ў лесе, конь пачаў губляць сілы. Ахоплены агоніяй страху, капітан падумаў: «Калі ён спыніць свой бег, мне будзе канец».
Конь бег усё павальней, выбіўшыся з сілы, перайшоў на рысь і нарэшце зусім спыніўся. Капітан выпрастаўся ў сядле і агледзеўся. Ён ударыў каня повадам па мордзе, і той пракульгаў яшчэ некалькі метраў наперад. Капітан не здолеў прымусіць каня, зрабіць хоць бы адзін яшчэ крок. Дрыжучы, капітан злез на зямлю. Паволі прывязаў каня да дрэва. Потым выламаў дубец і, сабраўшы апошнія сілы, пачаў звар’яцела сцябаць жывёліну. Конь цяжка дыхаў, поўсць на скуры пацямнела і закруцілася ад поту, і спачатку ён кідаўся каля дрэва. Капітан усё сцябаў яго. Нарэшце конь заціх і загнана ўздыхнуў. Там, дзе ён стаяў, апусціўшы галаву, на калючай ігліцы чарнела пляма поту. Капітан адкінуў дубец. Сам ён быў увесь вымазаны ў кроў, а на твары і шыі, падзёртых цвёрдай конскай шчацінай, з’явіліся барвовыя плямы. Злосць яшчэ не адхлынула, але ён знясілеў і ледзь трымаўся на нагах. Капітан апусціўся на зямлю і лёг у дзіўнай позе, заціснуўшы галаву між рукамі. Лежачы тут, у лесе, капітан быў падобны да паламанай лялькі, што выкінулі на сметнік. Ён уголас заплакаў.
На кароткі час капітан страціў прытомнасць. Потым, калі ачуўся, перад ягонымі вачамі прайшло мінулае. Ён азірнуўся на пражытыя гады, быццам углядаючыся ў дрыготкае адлюстраванне на дне студні. Успомніў сваё дзяцінства. Яго выхоўвалі пяць цётак — старых дзевак. Цёткі не былі якія-небудзь кіслыя паненкі, ну, можа, апрача тых момантаў, калі заставаліся адны; часта смяяліся, увесь час наладжвалі пікнікі, мітуслівыя экскурсіі і нядзельныя абеды, на якія запрашалі іншых старых дзевак. Але між тым хлопчык быў ім падпорай, пры дапамозе якой яны неслі далей свае крыжы. Капітан ніколі не ведаў, што такое сапраўдная ласка. Цёткі вылівалі на яго патокі сантыментаў, і ён, не ведаючы іншых спосабаў, плаціў ім тым самым. Акрамя таго, капітан быў з Поўдня, і цёткі ніколі не дазвалялі яму пра гэта забывацца. Па матчынай лініі яго продкі былі гугеноты, што выехалі з Францыі ў семнаццатым стагоддзі, жылі на Гаіці да вялікага бунту, а потым былі плантатарамі ў Джорджыі перад грамадзянскай вайной. У гісторыі яго роду былі і бляск раскошы нуварышаў, і галеча разарэння, і сямейная фанабэрыя. Яго ж пакаленне мала чым магло пахваліцца. Адзіны стрыечны брат служыў паліцэйскім у Нешвіле. Капітан, будучы снобам, не меў пачуцця ўласнай годнасці і надаваў вялікае значэнне мінуламу, што даўно і беззваротна адышло. Капітан біў нагамі па кучы сасновых іголак і пранізліва выў; яго галашэнне разносілася па лесе ледзь чутным рэхам. Раптам ён заціх. Незразумелае пачуццё, што не давала яму спакою, акрэслілася. Ён быў упэўнены, што побач з ім нехта ёсць. З вялікай цяжкасцю перавярнуўся на спіну.
Спачатку ён не паверыў сваім вачам. За два метры ад яго стаяў, абапёршыся аб дуб, малады салдат, твар якога так зненавідзеў капітан, і глядзеў у яго бок. Салдат быў зусім голы. Тонкае цела залацілі промні нізкага вечаровага сонца. Салдат глядзеў на капітана адсутным абыякавым позіркам, нібыта перад ім была нябачаная раней казяўка. Капітан ад нечаканасці не мог паварушыцца. Ён хацеў нешта сказаць, але з горла вырваўся толькі хрып. Пакуль ён глядзеў на салдата, той перавёў задуменны позірк на каня. Жарптах усё яшчэ быў мокры ад поту, а на спіне чырванелі рубцы. Здавалася, за паўдня конь ператварыўся з пародзістага жарабца ў клячу, здатную толькі ў плуг.
Читать дальше