— Нехта ў вас тут служыў немцам верна, — сказаў Малінін. — Даносіў... Відаць, па рацыі перадаваў.
— Хто ён, той даносчык, мне і цяпер рупіць дазнацца. — Бацька прытушыў папяросу. — Можа, і поўзае, гад, паблізу, заціснуўшы ў кулак сваю злосць.
— Я тады й не змеціла, як ты, Граська, на двор узышоў... — Вярнулася маці да ранейшай размовы.
— Ты не магла ўбачыць, бо плужком занялася. Стукаеш малатком па крывым злізаным лемяшы, а ён задраў свой бліскучы нос і не паддаецца.
— Я з-за лемяша таго памучылася... Ару, а плужок выскоквае з баразны, слізгае па зямлі. I хоць плач — ніякай жа рады не даць яму ў полі, ніякай! А дома — малаток у руках. Хацела ўправіцца, адкладваць не было як — назаўтра ж кароў пасвіць. Прамлю лямеш і думаю, куды іх гнаць? Молічка круцілася са статкам ля Торхвішча, дык немцы ехалі з Гіжэнкі — убачылі, выбралі дзве цёлкі, ускінулі на машыну і павезлі. — Маці паглядзела на гадзіннік. — Ідзі ўжо, Граська, ідзі. Яшчэ не хапала Екалы тут — нахопіцца і ўсякае пляўкаць пачне, балабоніць.
Бацька выпіў дзве шклянкі малака і пайшоў, а маці зноў разгаварылася:
— Ранічкай ганю кароў па вуліцы, а над вёскай «рама» нямецкая кружыць. «Не к дабру, — думаю, — гэты самалёт». Тут жа, пры мне, Мішурава Валька і Нінка мая — памагаюць. Загналі статак у лес, аж, вуна, у саракавэй квартал. Сама двору вярнулася — трэба ж управіцца з палоскай, бо Граська не памог: ноч была неспакойная, дык мы з ім пазюкалі, пасядзслі ў паграбні — ён і пайшоў... Узяла каня ў Рыжчыхі, паехала на сваю палоску — давай даворваць загон. Тут і стала бухаць! Ляцяць снарадчыкі: у лесе рвуцца, у вёсцы, на лажках... Я ўжо бачу, што не ўціхамірыцца ліха гэтае, каня адпрагла, завяла ў кусты — пусціла. А сама двору пабегла.
— Зпачыць, немцы адступалі й стралялі па сваім, так сказаць, тыле?.. — Малінін уважліва слухаў маці, падтакваў, а часам і перапытваў, калі што не разумеў.
— Аняго ж!.. Партызанаў баяліся. Пусцілі наперадзе спецыяльныя атрады, і тэя прачэсвалі лсс ад бандытаў, як самі ж казалі. Ды шчэ хаты палілі, млыны рушылі. Такі самы атрад і ў той дзень праходзіў. Я з поля вярнулася, сабрала дзяцей — павяла да Сямёна Сэйкі ў зямлянку, каб хоць ад ашкроткаў схавацца. Толькі паткнулася, а як загундосіць гэты Сэйка:
«Нарыца, вас будуць сянні калоць, на штыках круціць, вешаць. А вы тута схавацца думаеце?.. Кыш з маёй зямлянкі! Вядзі свой вывадак да мужа ў лес — хай ён там хавае вас... Я хачу жыць!»
Ага, сядзіць на пярыне Мойчыха — яна спакойная. У яе пісьмо за пазухай ад мужа, які ў Германіі, можа, немцам служыць. Дунька, суседка наша, таксама, як мыш, прыціхла — яе мужык паліцэйны. Граська мне шапнуў-такі, што ён з партызанамі заадно, але ж паліцэйны. Калі што — даведку пакажа. Дык гэтых Сэйка не праганяе. Прыкрыўся імі, хітруе. Я вытыркнулася з дзецьмі вонкі, а снарады свішчуць, бухаюць. Прыбегла да Луцэі. Яна мне і стала расказваць, як Валька з Нінай напужаліся і кароў назад у вёску прытурылі. Яна ўпрасіла Іллюху, каб памог, а тут і Лаўрэн падвярнуўся — і яны загналі статак ажно за Майдан. Я і кажу Луцэі:
«Дзядзіна, няхай дзеці ў вас пабудуць — пабягу да кароў!»
Мінавала Майдан, гукаю Ніну, Вальку. Чую, выюць мае дзеўкі. Толькі, гэта, знайшла іх, супакоіла, як бачу — смыліць Луцэя з Ленкай, унучкай сваёй і Надзькай маёй, Колю на руках нясе — малы ж. А за імі следам — Лаўрэн з Хімай, Іван Кароценькі з усёй планідай свай і Вася Цімошыха. А снарады ўжо і сюды далятаюць. Як упадзе каторы, бухне, дык Іван Кароценькі — брык пад сасонку, ляжыць. I смешна, і дзіўна — Іван жа глухі. Хіма крычыць яму ў самае вуха:
«Кум, не хавайся — гэта ж не самалёт, а снарады!»
Ён падымаецца, атрэсвае шыгалле. А хлопцаў маіх, большых, бачу, няма з Луцэяй, пытаю ў яе:
«Дзе мае сыны?»
«А яны, пакуль я сабралася, на Усох пабеглі. I дзеўка мая з імі. Я наказала ім, каб да бабы Кордзіхі йшлі». — I перадала мне Колю, заплаканага, напужанага.
«Во што, людзі добрыя, — кажу ім усім. — Цяпер ужо бярыце кожны сваю карову ды глядзіце самі, бо я ўжо за іх не ручаюся, пасвіць сёпня няма як. Вы бежыцё хавацца, то і я не адна — з дзецьмі...»
Дзядзіна, праўда, засталася са мною. Тут жа і Цімошыха. Сядзім. А тэя ўсе патахоніліся далей. Я дастала з хатулька праснакі, што пастушкам сваім брала. Сталі есці насухама. Якраз і стральба ўціхла. Дзядзіна кажа:
«Вярнуся двору... Ленку з сабой вазьму і Надзьку, а ты будзь з каровамі», — і пайшла. Цімошыха — следам за ёй: крыў-крыў, бы качка.
Сунялося ўсё. Я хуценька кароў глыбей у лес загнала, а сама на вырубку выйшла і бачу: кіпіць работа — усохскія бабы з большымі дзецьмі матычуць палядкі свае. Проса пажалі — жыта сеюць на зіму. Коні распрэжаныя стаяць. Ціха, спакойна наўкол, быдта на якой другой зямлі ўсё адбываецца.
Читать дальше