Бязвойнай зямлі.
Толькі я так паглядзела, як зноў пачалася калатнеча, загудзела ўсё кругом, загагэкала. I ўсё вочарадзямі — тыр-р-р, тыр-р-р... Чую, крычаць немцы: «Хальт, хальт!..»
Я кінулася да кароў. Дзве вочарадзі якраз там, дзе дарога, раздаліся. Мне падумалася: «Гэта ўжо Луцэю забілі й дзяцей...» Валька з Нінай былі з каровамі, падбегла, убачыла іх аж на друтім баку статка. Каровы ляжаць. А кулі — шпок-шпок-шпок, і ўсё паўзверх!.. Каровы пазамычэлі, але, праўда, ніводная не паднялася. I дзеўкі мае схаваліся — дагадлівыя. Забілася і я пад корч. Колю пад сябе паклала, думаю: «Ну заб'юць мяне, а яму шчэ гадочка няма — будзе мучыцца без маткі». Легла бокам і яго да сябе прытуліла, што б ужо нас абаіх, калі што, білі. Не-а! Стралялі-стралялі — зноў ціха стала. Паднялася, гляджу — палядкі пустыя. Людзі, пакуль я ляжала, баўтануліся куды хто — і нікоганька. Гукаю Вальку. Яна падбегла.
«А Ніна дзе?»
«За людзьмі кінулася, калі сталі страляць».
Шукаем мы след — няма следу. Тады ўбачылі адзін босы, як яе. Мы гэтым следам — трухам-трухам. Выбягаем к Усоху. Глядзім, а немцаў на полі — чорным-чорна. Не тое што чорна, а зялёна. То мадзяры былі. Форма ў іх не такая, як у немцаў, а цёмна-зялёная, як лісце ў спёку.
Пастаялі мы, паглядзелі, я Вальцы й кажу:
«Ідзі, дзетачка, да бабы Кордзіхі. Там хлопцы мае — будзь з імі. Я вярнуся да кароў, а то баліць душа: каб не здарылася што, каб не пазабіралі іх мадзяры гэтыя... Што ж я тады скажу людзям?» — I пабегла.
Тыцнулася на дзялянку — поўна ж там салдат. Адны кароў дояць, другея абед вараць — распалажыліся. Я — назад. I толькі падышла во, як магільнік усохскі, бачу, салдаты ляжаць наўзбоч дарогі й аўтаматы нагатаве ў іх. Ляжаць, я іду. Прайшла троху. Тут адзін падхапіўся, выбег. I шчэ адзін да яго скоранька падпырхнуў. У гэтага, што першы выйшаў, кукарда на картузе блішчыць. Ён і пытае ў мяне па-руску:
«В лесу бандиты, да?»
Што ж я скажу яму?
«Не, у лесе вашы салдаты». — А сама трывожуся, прыціскаю Колю да сябе. Ён, дзіцёнак мой, маўчыць.
Яны й давай пытацца ў мяне:
«Где была?»
«Кароў пасвіла».
«Сколько у тебя коров?»
«Сорак дзевяць... Не мае ж яны, а ўсіхныя, хто ў нашай вёсцы жыве».
«Чей ребенок?» — дапытваецца ўсё гэты, з кукардай. Праўда, не маўчыць і яго напарнік, але ён па-свойму гергеча.
«Мой хлопчык, сын...» — адказваю.
«Муж где?.. Бандит, в лесу?» — Строга глядзіць на мяне; вочы страшныя, як у савы, і вадзяныя нейкія.
«Муж, — кажу яму, — з першага хронту не вярнуўся... Хлопчык радзіўся без яго». — Абманваю, а бачу, што не вераць мне.
Саступілі з дарогі. У палатку мяне ўпіхнулі, а там — доктар іхні. I яму ўсё тое ж расказала. Гэты, што без кукарды, перавёў і выйшаў з палаткі. I тут доктар давай са мной па-нашаму гаварыць. Я ажно спужалася. Ён кажа:
«Непрывычна?.. Адступаем, б'юць армію фюрэра... Вы не бойцеся. — I дае мне пачак нейкі, тлумачыць: — Тут для малога вітаміны. Слабы ён, — і ўсё слухае Колю. — Схавайце пачак, каб ніхто не бачыў. — А я ж не веру, ды ён і сам гэта разумее, супакойвае: — Шчасце ваша, што да мяне прывялі, малы вас выручыў. Я запіску напішу — і прапусцяць, больш не стануць затрымліваць».
I праўда, напісаў нешта на лісточку. Тут і ўбег гэты, з кукардай, доктар аддаў яму пісульку. Ён вывеў мяне з палаткі. Бачу, пузан стаіць. От гэта быў вялікі чын. Прачытаў ён пісульку і неяк па-свойму мэкнуў, як стары баран: мэ-эк!.. Я ж стаю, не разумею анічоганька. Дык перагаворшчык папіхнуў мяне ў плячо:
«Идите, вы свободны».
Я абрадавалася. Прыйшла на Усох, сунуся вуліцай. Убачыла мяне баба Кордзіха, махае мне:
«Сюды, Ева!.. Хадзі, гаротніца. Хлопцы твае ў мяне». Я гляджу, а яны сядзяць пад хатай. I Зоя з імі, і Валя, а Ніны няма. Я падсела, расказваю, чаго нацярпелася, а з галавы Надзька з Нінаю не выходзяць. Тут, бачу, Вася з закавулка вывернулася, ідзе. Стала проці мяне, глядзіць у вочы — як не заплача. Я трывожуся:
«Васіліначка, скажы ж ты мне праўду: не дайшлі яны?» «Не дайшлі». — I маўчыць. «А Луцэя дзе?»
Дык яна вазьмі дый ляпні мне:
«А іх ці не пабілі там... Чула дзве вочарадзі. I Надзька твая крыкнула раз і не азвалася болей. Я кінулася кустамі ўцякаць, па мне стралялі, ды неяк вырвалася, не пацэлілі...»
Што ж мне ўжо заставалася рабіць — сяджу на загаваліне, выю. Кордзіха не сцярпела ды як стукне-грукне кулаком па сцяне, аж хата загула. I пачала суцяшаць мяне:
«Можа, нам усім скора хана... Чаго ты развылася, душу рвеш? Глядзі ўжо гэтых дзетак, што пры табе!»
Ноч настала. Неба чырвонае — скрозь вёскі гараць. Ходараў наш гарыць, Гіжэнка... Яшчэ ж трывожуся і за Граську — мадзяры гэтыя партызанаў шукаюць...
Читать дальше