Ні на небе, ні на зямлі. Казкі славянскіх народаў
© Чарота І. А., укладанне, прадмова і каментарыі, 2013
© Іванова Г. Л., ілюстрацыі, 2013
© РВУ «Выдавецкі дом «Звязда
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Запрашэнне ў казачны свет славян
Дарагі юны чытач!
Перад табою кніга, якая рыхтавалася з мэтай цябе і ўсіх, хто жадае, запрасіць у казачны свет славян.
Але каб гэта здзейснілася найлепшым чынам, пажадана спачатку скласці як мага больш поўнае і правільнае ўяўленне пра сям’ю славянскіх народаў, а таксама пра сваяцтва беларусаў з ёю. Дык давай пастараемся наблізіцца да такога ўяўлення, прыгадаўшы хоць бы тое, пра што ніколі нельга забывацца.
Мы, беларусы, не бязродныя. А як народ маем родзічаў, сваякоў. Глыбокі і трывалы радавод нас яднае-родніць з іншымі славянамі. І пашана да гэтай роднасці павінна не толькі захоўвацца, але і перадавацца з пакалення ў пакаленне, бо інакш мы перастанем усведамляць, што род наш старажытны, вялікі і слаўны.
Дарэчы, зусім верагодна, што назва «славяне» абумоўлена якраз паняццямі «слава», «славутасць», «слаўныя». Разам з тым, калісьці продкаў нашых называлі і крыху інакш: «словене». А гэтае найменне было яшчэ больш пачэсным і слаўным, паколькі яно ўспрымалася як вытворнае ад «Слова» (з вялікай літары!), гэта значыць ад імені Бога Усявышняга. Адпаведна, «словене» – дзеці Бога-Слова, народ Божы, які перад Богам стаіць усёй супольнасцю, адзіны.
Адзінства гэтай супольнасці падмацавалі і сцвердзілі з Божаю дапамогаю святыя браты Кірыл і Мяфодзій, якіх па праве называюць «вучыцелямі славянскімі». Дзякуючы ім створана была надзвычай дасканалая азбука, вядомая цяпер усяму свету як кірыліца – паводле імені аднаго з братоў. Пасля гэтага Кірыл і Мяфодзій са сваімі вучнямі, выпрацаваўшы мову, зразумелую ўсім славянам, пераклалі на яе Свяшчэннае Пісанне, каб данесці канкрэтна да славянскіх плямён святло веры Хрыстовай і такім чынам далей праводзіць асвету, распаўсюджваючы духоўнасць, пісьменства і высокае мастацтва розных відаў. У выніку гэтай дзейнасці (а калі імкнуцца даць больш правільнае і дакладнае азначэнне, то лепш сказаць так: высокай місіі) нам дасталася выключна багатая духоўна-культурная спадчына.
Замацавалася меркаванне, што калісьці, даўным-даўно, продкі ўсіх славян жылі на агульнай тэрыторыі, мелі адну прарадзіму. А месцам знаходжання яе многія вучоныя лічаць наша Палессе. Праўда, цалкам пераканаўча, бясспрэчна гэта даказаць, як і абвергнуць, пакуль што нікому не ўдалося. Магчыма, з часам удасца табе ці прадстаўнікам твайго пакалення. Ды як бы ні было, але ўжо на пачатку ХІІ стагоддзя ў адным з самых старажытных усходнеславянскіх летапісаў – «Аповесці мінулых гадоў»– засведчана як агульнавядомае: «… Разышліся славяне па зямлі і празваліся імёнамі сваімі ад мясцін, на якіх аселі». Згадваюцца там многія «празванні», у ліку якіх і тыя, што захаваліся да нашых дзён («чэхі», «харваты», «сербы», «палякі») і тыя, забытыя ці замененыя іншымі («марава», «харутане» «ляхі», «луцічы»). Натуральна, што некаторыя звесткі патрабуюць удакладнення, бо многае мянялася. Аднак мы адзначым здаўна вядомае і цяпер відавочнае: славянскія плямёны, асвоіўшы многія раўніны і даліны, стэпы і горы, узбярэжжы рэк, азёр і мораў, засялілі велізарную тэрыторыю. З часам плямёны гэтыя склаліся ў народы. І як бы ні было, на працягу розных эпох у свядомасці ўсіх славян трымалася памяць пра сваяцтва і захоўвалася адчуванне патрэбы ў адзінстве. Таму і аўтар згаданага летапіснага твора, кіева-пячэрскі манах Нестар, не без гонару адзначаў: «…А славянскі народ і рускі адзін…» Варта падкрэсліць, што значэнне гэтага адзінства неаднойчы выяўлялася, пацвярджалася ў лёсавызначальныя моманты – пры супрацьстаяннях магутным ворагам. Асабліва ж тады, калі некаторыя славянскія народы апыналіся пад прыгнётам чужынцаў-захопнікаў і трэба было весці барацьбу за вызваленне. І такое неаднойчы здаралася. Аднак вызваленчыя намаганні аб’яднаных славян заўсёды прыводзілі да перамог. Таму лепшыя славянскія паэты і мысляры ў высокіх палётах думак сваіх як ідэал бачылі агульную краіну Славію, Усяславію.
Між тым, перашкоды і небяспекі, звязаныя з расселенасцю па вельмі вялікай прасторы, істотна ўплывалі на гістарычныя лёсы народаў-славян, што абумоўлівала адасабленні, у выніку якіх з’яўляліся адрозненні, а то і пэўныя адчужэнні.
Каб уявіць лёс усяго славянства абагулена-вобразна, часта выкарыстоўваецца параўнанне з дрэвам: агульныя карані і адзін ствол, на якім з’явіліся шматлікія адгалінаванні… Праўда, гэты вобраз, маючы ўніверсальны сэнс, адлюстроўвае не толькі агульны радавод, але і тое, што ў выніку розных падзей старажытнае дрэва роду нашага моцна разгалінавалася. Цяпер галіны яго ўяўляюць даволі вялікі шэраг асобных славянскіх народаў, большасць якіх мае самастойную дзяржаўнасць. Істотна адрозніваюцца між сабою і сучасныя славянскія мовы.
Читать дальше