Пры ўсім гэтым, няўжо ж добра будзе, калі народы-славяне страцяць глыбіннае радалюбства, пазбавяцца памяці пра агульны радавод, а таксама пра выратавальнае значэнне адзінства? Што ў такім выпадку можа чакаць іхнія душы?
Напэўна, дружа мой, табе даводзілася чуць выраз «душа славянская». Не ведаючы, як ты яго разумеў, які сэнс укладаў, паводле свайго досведу магу зазначыць, што звычайна ў такіх выпадках маецца на ўвазе спалучэнне тых душэўных якасцяў, якія заўжды вылучалі славян. Перш за ўсё гэта адкрытасць, шчырасць, дружалюбнасць, спагадлівасць, бескарыслівасць, схільнасць да летуценняў і прыгожых мар…
Таму, натуральна, душу з яе важнымі рысамі найлепш выяўляюць, як вядома, творы народнай славеснасці. І казкі ў тым ліку. Яны, відаць, дзеля такой задачы прыдатны больш за ўсе іншыя роды і віды славеснай творчасці. Без іх, казак, проста немагчыма ўявіць жыццё як асобных людзей, так і народаў. Ужо таму, што на казках засноўваецца выхаванне пачатковае, а гэта значыць – галоўнае. Бо, пэўна ж, і самы першы складальнік казкі стараўся, наколькі мог, данесці свой карысны вопыт і стваральны досвед да тых, каму тую казку складаў – найверагодней, дзецям альбо ўнукам; гэткая ж мэта была ва ўсіх, хто пераказваў яе іншым слухачам. І так, па ланцужку пакаленняў, з дапамогаю казак перадаюцца ўяўленні пра спаконвечныя законы быцця, пра нормы ўзаемаадносін паміж людзьмі.
На зямлі адвечна ідзе барацьба паміж дабром і злом. І адна з галоўных задач сапраўднага чалавека – не дапускаць, каб зло атрымала перамогу. Усё ліхое, шкоднае, разбуральнае мы павінны выяўляць, належным чынам ацэньваць і па меры сіл сваіх яму супрацьстаяць.
Як правіла, казкі з’яўляюцца свайго роду ілюстрацыямі да апрабаванага ўсім папярэднім вопытам маральнага кодэкса – зводу правілаў, як трэба сябе паводзіць кожнаму сумленнаму чалавеку, каб у свеце падтрымліваўся лад, панавала справядлівасць.
У сувязі з гэтым спынімся на двух важнейшых законах, якія часта вызначаюць асноўныя матывы казак славян, з’яўляючыся надзейнаю апораю для гэтага зводу. Першы з іх: як у звычайным спаборніцтве, так і ў жорсткім змаганні паміж сілаю і праўдай неадольнай аказваецца праўда. А другі: свет не можа ўтрымацца без любові; і чалавек не варты нічога, калі ён не любіць сваіх бацькоў, братоў і сясцёр, сваякоў і сяброў.
На прыкладах герояў казак, іх лёсаў, мы спасцігаем, што не проста бескарыснымі, але і шкоднымі застаюцца ілжывасць, ганарлівасць, самалюбства, абыякавасць да гора іншых людзей, сквапнасць і асабліва здрада… Нельга дапускаць, каб яны прадвызначалі нашы паводзіны, учынкі і намеры. Усё такое і падобнае, наадварот, неабходна заўжды асуджаць ды выкараняць і ў сабе, і ў іншых. Ухваляцца ж і ўсямерна падтрымлівацца павінны якасці супрацьлеглыя, у іх ліку і тыя, што вызначаюць адметнасць «душы славянскай».
Не лішне звярнуць увагу на тое, што пэўныя асаблівасці як ладу жыцця, так і характару – інакш кажучы, «апазнавальныя знакі» душы – народа залежаць ад ландшафту, клімату і іншых прыродных умоў, у якіх гэтыя народы канчаткова сфарміраваліся. Думаецца, няма патрэбы доўга тлумачыць, што не зусім аднолькавыя жыццёвыя абставіны ў людзей, якія жылі і жывуць на раўнінах і ў гарах, у сухіх стэпах і на берагах паўнаводных рэк альбо азёр. Адпаведна, хіба не ўздзейнічалі на ўмовы жыцця рэкі Волга, Днепр, Гарынь, Нёман, Дунай, Лаба, Вісла, Дрына, Марава і іншыя, у кожнай з якіх свой нораў? А няўжо малаістотна тое, што адным наканавана жыць каля мора халоднага – Балтыйскага ці Белага, другім каля мора цёплага – Адрыятычнага ці Чорнага, а трэцім увогуле марскіх прастораў не бачыць? Зноў жа, як на акалічнасці жыцця можа не ўплываць тое, што ў паўднёвых краях сонечных дзён за год бывае больш, а ў паўночных менш, што дзесьці дажджы ідуць часцей, а дзесьці радзей?.. Як-ніяк, ад усяго гэтага залежыць урадлівасць зямлі-карміцелькі і ўраджайнасць таго, што земляроб садзіць-сее, а гэта значыць – і асаблівасці ладу гаспадарання, а ў пэўнай меры таксама і адносіны да розных відаў працы, і многае іншае… Карацей кажучы, ад рэальнага свету, які непасрэдна акружае, залежыць светаўспрыманне, светаадчуванне і светаадлюстраванне як кожнага чалавека, так і кожнага народа. І пэўныя асаблівасці светаадлюстравання кожнага са славянскіх народаў ты зможаш заўважыць у казках.
Дык што, адрозненні набываюць перавагу? Зусім не. Скажу больш таго: многія вучоныя свету здаўна адзначалі шмат агульнага ў поглядах славян на ўладкаванне свету, на прыроду, на прызначэнне чалавека і яго ідэалы. І ты зможаш гэта пацвердзіць, калі азнаёмішся з прапанаванай кнігай.
Читать дальше