Спрачаліся яны, спрачаліся, ды ўрэшце пагадзіліся ехаць на суд да пана.
Прыехалі, а пана дома няма.
– Рассудзі хоць ты нас, – папрасілі дзядзькі прыёмную панаву дачку.
Высветліла дзяўчынка, што ў іх за справа, і прыняла рашэнне:
– Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе з калёс і вядзе ў адзін бок, а той, чые калёсы, няхай цягне іх на сабе ў іншы бок. За кім жарабя пабяжыць, той і гаспадар яго.
Мужыкі так і зрабілі. Жарабя за кабылаю пабегла – на гэтым і спрэчка скончылася.
Вярнуўся пан з-за мяжы і пачуў, што разумная дзяўчынка без яго суд праводзіла. Разгневаўся ён, пачаў крычаць:
– Чаму не паслухалася мяне?! Ты мне больш не дачка! Бяры, што пажадаеш, сабе з маёнтка і вяртайся туды, адкуль прыйшла, каб я цябе тут ужо не бачыў!
– Добра, – згадзілася дзяўчынка. – Але мне хочацца на адыход цябе віном пачаставаць.
– Частуй, – буркнуў пан, – толькі хутчэй.
Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў без памяці. Загадала яна тады слугам запрэгчы каня, пакласці пана ў карэту, і павезла яго ў бацькоўскую хату. А там яго знялі з карэты і перанеслі ў сенцы на салому:
– Вось табе пасцель замест пярын. Ачухвайся тут!
Прачнуўся назаўтра пан, агледзеўся: дзе ж гэта ён? Потым убачыў прыёмную дачку, якую прагнаў, і пытаецца:
– Чаму я ляжу тут, у бруднай мужыцкай хаце?
– Сам так захацеў, – смяецца дзяўчынка. – Ты ж мне сказаў: «Бяры, што пажадаеш, сабе з маёнтка і вяртайся туды, адкуль прыйшла». Вось я і ўзяла цябе. Так што ўставай, ідзі замест майго бацькі паншчыну адбываць. Ты мужчына дужы, работнік з цябе можа атрымацца нядрэнны.
Пачуўшы гэта, пан усхапіўся і так драпануў назад у свой маёнтак, што толькі яго і бачылі. Нават ад коней з карэтаю адрокся.
Стары салдат ішоў на пабыўку. Стаміўся ў дарозе, есці хочацца. Дайшоў ён да вёскі, пастукаўся ў першую хату:
– Пусціце адпачыць падарожнага чалавека!
Дзверы адчыніла старая.
– Заходзь, салдат.
– А ці няма ў цябе, гаспадынька, паесці чаго?
У старой усяго ўдосталь, а салдату пашкадавала, прыкінулася ўбогаю.
– Вой, добры чалавек, і сама сёння нічога не ела: няма.
– Ну, няма дык няма, – кажа салдат.
Ды тут ён заўважае сякеру пад лаваю.
– Калі няма нічога іншага, то можна зварыць кашу і з сякеры.
Гаспадыня ажно рот разявіла.
– Як гэта з сякеры кашу зварыць?
– А вось так, давай чыгунок.
Старая прынесла чыгунок, салдат сякеру памыў, паклаў у чыгунок, наліў вады і паставіў на агонь.
Баба на салдата глядзіць, вачэй не зводзіць.
Узяў салдат лыжку, памешвае варыва, каштуе.
– Ну, як? – цікавіцца старая.
– Хутка будзе гатова, – адказвае салдат, – шкада толькі, няма чым пасаліць.
– Дык соль у мяне ёсць, пасалі.
Салдат пасаліў, зноў пакаштаваў.
– Смаката! Каб сюды яшчэ жменьку крупаў! Баба замітусілася, прынесла аднекуль мяшэчак крупаў.
– Бяры, насыпай колькі трэба.
Паклаў салдат у варыва крупы і далей варыць, памешвае, каштуе. Глядзіць старая на салдата на ўсе вочы, адарвацца не можа.
А салдат аблізваецца:
– Ну і смачная каша! Вось каб сюды яшчэ трошкі масла, дык увогуле цудоўна было б.
Знайшлося ў бабы і масла, якім кашу засмажылі.
– Ну, старая, цяпер нясі хлеб ды бярыся за лыжку: будзем кашу есці!
– Вось жа не думала, што гэткую добрую кашу можна з сякеры зварыць, – здзіўлялася баба, калі яны ўдваіх кашу елі.
А потым яна запыталася:
– Салдат! Калі ж сякеру будзем есці?
– Ды, бачыш, яна не ўварылася, – адказаў салдат, – дзе-небудзь па дарозе давару і паснедаю!
Прыхаваў ён сякеру ў свой ранец, развітаўся з гаспадыняй і пайшоў у іншую вёску.
Вось так салдат і кашу з’еў, і сякеру займеў.
Пра маладзільныя яблыкі ды жывую ваду
У некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве жыў-быў цар. І было ў яго тры сыны: старэйшага звалі Фёдарам, сярэдняга Васілём, а малодшага Іванам.
Цар вельмі пастарэў і на вочы слабы стаў. А чуў ён, што за трыдзевяць зямель, у трыдзясятым царстве ёсць сад з маладзільнымі яблыкамі ды калодзеж з жывой вадой. Калі з’есці старому гэты яблык – памаладзее, а вадою гэтаю памыць вочы сляпому – будзе бачыць.
Цар збірае вялікую бяседу, кліча на пачастунак князёў ды баяраў і кажа ім:
– Хто б, шаноўныя, знайшоўся з ахвотнікаў паехаць за трыдзевяць зямель, у трыдзясятае царства, прывезці мне маладзільных яблыкаў ды жывой вады гарлач на дванаццаць гарлавін? Я б таму ганцу паўцарства адпісаў.
Читать дальше