Уладзімер Глыбінны
НА СЬВЯТОЙ ЗЯМЛІ
З княжага Полацку ў сьвяты град
«...Пріими дух мой от мене во святем граде Твоем Іерусаліме, пресели мя в Вышній град Твой Іерусалим. Покой мя на лоне
Патриарха Авраама со всеми угождшими те, аминь».
З малітвы Сьв. Еўфрасіні Полацкай
Калі дванаццацігадовую полацкую князёўну Прадславу ахінула раскоша Сьвятога Духа і падказала ёй ісьці ў манастыр, ніякія спакусы дабротаў сьвецкага жыцьця ня спынілі навагі прыняць пастрыжэньне. Колькі ні галасіла ейная маці і як ні стараўся пераканаць яе ў перавазе людзкога жыцьця ейны бацька - князь Юры Сьвятаслаў Усяславіч, як ні спакушалі яе багатыя, знаныя жаніхі з князёўскіх родаў, і як, нарэшце ні стараліся ўзьдзеіць на яе родныя дзядзькі, не скарылася маладая князёўна. Голас Божы ў ёй выявіўся мацнейшым і непераадольным перад абліччам абы якіх спакусаў. І вось унучка славутага Полацкага князя-волата Ўсяслава становіцца манахіняй Еўфрасініяй, каб служыць Божай справе, будаваць манастыры, шырыць духовае слова, перапісваючы кнігі, малюючы абразы, вышываючы рызы, упрыгожваючы мастацкімі каштоўнасьцямі крыжы, выхоўваючы манашак у пашане і любові да Бога, дапамагаючы бедным. Пад ейным кіраўніцтвам прынялі пастрыжэньне родная сястра Гардыслава (Аўдакія), стрыечная сястра Звеніслава (Еўпраксія), пасьля дзьве пляменьніцы, Агафія і Еўфімія. А на схіле свайго жыцьця Сьв. Еўфрасінія знайшла ў сабе досыць сілы, каб разам з сястрою Еўпраксіяй і братам Давідам паехаць у сьвятыя месцы Палестынскія. Наведала Канстантынопаль, Сабор Сьв. Сафіі і іншыя цэрквы, прыняла багаславеньне патрыярха. На Сьвятой Зямлі колькі разоў пакланілася Гробу Гасподняму, паставіла там залатую кадзільніцу і прасіла Госпада Бога ў маліцьве, каб спадобіў яе адыйсьці ў лепшы сьвет у Сьвятым горадзе. Праз 24 дні пасьля занядужаньня аддала дух Богу 23 траўня 1167 г. і была пахована ў Палестынскім манастыры Феадосія. У 1186 г. мошчы Сьв. Еўфрасініі былі перавезены ў Кіеў, адкуль у 1910 г. былі пераненесеныя ў родны горад Полацак.
Летапісцы княжага града Полацка адзначаюць асаблівую славу тога места, што ўзгадаваў такую слаўную дачку, «нявесту Хрыстову», прападобную Сьв. Еўфрасінію Полацкую. Ейны шлях з княжага Полацку ў далёкую Сьвятую Зямлю і Сьвяты град Ерусалім заўсёды быў і будзе на векі вечныя пуцяводнай зоркай для ўсіх тых, хто прагне адведаць пакутную радзіму Хрыста. Э гэтай думкай не разлучаўся і наш беларускі паломнік, які пасьля 799 гадоў пасьля Сьв. Еўфрасініі прайшоўся ейнымі шляхамі па гарачай Палестынскай зямлі ў пошуках тае-ж духовае і жыватворчае вады, што вадзіла і водзіць ці аднаго паломніка з усяго сьвету да Хрыстовае крыніцы.
І.
У дарозе праз ярдань...
«Дожджык, дожджык, перастань!
Я паеду на Ярдань...»
(З песьні)
Усевалад Ціхановіч усю ночную дарогу праз акіян, Францыю, Італію ды Сяродземнае мора ніяк ня мог дайсьці да спакою. На ўсходзе далягляд заружавеў нечакана рана, і вочы мімавольна цягнуліся пасалавелым позіркам да самалётнага вакна, пад вузенькай проламкай якога пераліваліся на ўсе лады й адценьні нязвычна зыркія, да болю ў зрэнках праменьні раньняга, яшчэ поўнага белаты, сонца. А яно раптам пачало ўсё больш настырліва і рашуча наступаць з усходу. Тае начы нібыта й ня было. У дрыготкім гуле неяк неўзаважна прабеглі гадзіны ночнае рупнасьці. Неўспадзеўкі морак пачаў таяць і каля Ўсевалада. Адылі, нат прыпаўшы да празрыстае шыбіны і любуючыся то бялявымі хмарынкамі, якія суцэльнай коўдраю ўсьцілалі акіян унізе і тварылі ўражаньне нябеснага скляпеньня пад самалётам, то жмурачыся ад сьвітальнага заранку, ён ня мог вызваліцца ад глыбокага ўтрапеньня, якое ім уладала скрозь. Ніякая пярэстасьць і нязвыкласьць уражаньняў не магла адцягнуць яго ад тае галоўнае думкі, што сьвідравала голаў і будзіла трапятаньне ўсхваляванае душы. Мроі пераносілі яго з прасьцягаў акіяну, пазьней з прастораў францускіх палёў, што набягалі зелянінай дуброваў і жаўцізною пшанічных палетак, а далей ад італьянскіх дбайна высаджаных садоў і панатыканых уздоўж узьбярэжжа каменных глыбаў-гарадоў, туды... куды ён цяпер ляцеў пасьля столькіх год мараў, плянаў, меркаваньняў, трызьненьняў. У думках і ўявах ён ужо даўно, ад пачатку рыхтаваньняў быў там, куды цяпер высака ў паднябесьсі нёс яго гэты ракетны лятун.
Сьвятая Зямля!.
Читать дальше