Дзеля таго, што Камень цяпер быў самотным, пазбаўленым упрыгожаньня балдахінавага і незгасальных лампадкаў, ён яшчэ больш адцяняў і рабіў уразьлівым напамін аб тым, што тут адбылося бадай-што дзьве тысячы гадоў таму назад. Паломнікі надоўга застывалі сьхіленымі над камнем Памазаньня, як бы не ўстане адарвацца губамі ад вялікшае рэліквіі пакутаў за кажнага з нас паасобку і за ўсе нязьлічаныя пакаленьні ў вякох.
Усевалад Ціхановіч як укленчыў і прыпаў тварам да халоднага мармуру, то гэтак і застаўся праз доўгі час, раз-за-разам хрысьцячыся і абліваючыся непадробленымі сьлязьмі. Каля яго з абодвых бакоў увесь час мяняліся людзі, зьгіналіся, цалавалі камень і разьгіналіся, а ён усё ніяк ня мог адарваць мокры твар ад Пліты Пакутаў. У ягоным уяўленьні паўставалі абразы таго, чыё зраненае і ўкрываўленае цела сьвяцілася тут пад Плашчаніцай адвечнай тайнай нясьцерпных Жарсьцяў і чые пакуты сталіся Збавеньнем усяго людзтва на векі вечныя.
«Божа, мой Божа, Госпадзь Ісус, як-жа мала мы зрабілі яшчэ ў жыцьці дабра, добрых справаў, калі параўнаеш іх з тваім Вялікім Чынам!» - думаў Усевалад, усё такжа ўкленчыўшы і плачучы ўсім сваім страсянутым нутром. - Ты дзеля нас аддаў усё жыцьцё і не збаяўся самое сьмерці, хаця ж і мог ухіліць яе. А мы, сьмертныя і вінаватыя на гэтай грэшнай зямлі, што мы зрабілі, каб іншым, блізкім і далёкім, сталася лепш у гэтым жыцьці і каб зямля змыла з сябе больш грахоў? Ці ж мы рабілі заўсёды паводле твайго запавету - любі бліжняга свайго, як сябе самога? Хіба ж мы заўсёды плацім чыстай любоўю за зьдзейсьненае нам і іншым зло? Твае чыны былі, ёсьць і вечна будуць для нас пуцяводнаю зоркаю, якую блізу што дзьве тысячы гадоў таму назад запаліў Вялікі Ўладар Сьвету і паслаў нам за настаўніка свайго Сына. А твае пакуты паказалі нам шлях да ачышчэньня і збаўленьня. О, ніхто ніколі яшчэ не зазнаў такіх выпрабаваньняў, гэткіх кпінаў і пакутаў з боку грэшнага чалавека, дзеля выратаваньня і збаўленьня якога Ты быў пасланы ў гэты сьвет. Воіны цябе аплёўвалі, акідвалі брыдкімі словамі, калолі цернямі, крывавілі цябе пікамі, ўганялі цьвікі ў тваё жыватворчае цела. Ты паміраў, сьцякаючы крывёю пад выгукі зброду, які сам ня ведаў, што за злачынства ён чыніць. Але цаною сьмерці і пазьнейшага Ўваскрошаньня Ты выратаваў нас, у тым ліку і тваіх катаў, ад пагрозы духовае сьмерці. Ты сваёй сьмерцяй перамог сьмерць. І толькі дзякуючы твайму Божаму дзеяньню мы цяпер усе нясём у сабе надзею на Збаўленьне і магчымасьць Праведнага жыцьця і ў гэтым і ў іншым сьвеце. Даруй, Божа, нашыя недасканалыя справы, каб мы сталіся лепшымі паводле твайго Сьвятога Ўзору. Пашлі нам тваю ласку, дазволь тваёй духовай раскошы адведаць нас і збагаціць нас няўміручымі каштоўнасьцямі любові, даравальнасьці і дабрыні», - шапталі Ўсеваладавы вусны. - «І чаму ж ня мне, грэшнаму, Бог паслаў такія выпрабаваньні? Але мусіць так трэ' было, бо толькі з тваёй духовай сілай адно і магчыма было ператварыць іх на дабро ўсім людзям. Адно ты мог сьмерцяй сьмерць пераадолець. Слава табе, Слава! Клянуся быць лепшым, каб спадобіцца табе. Амін!»
Раптам Усевалад адчуў у сабе нейкую надзвычную палёгку. Быццам цяжкі камень адпаў з ягоных грудзей і ён пачуваў сябе нібыта вызваленым ад немачы. «Значыцца, Ісус Хрыстос пачуў мае словы», - з радасьцяй прамовіў сам сабе ён і пачаў зноў горача дзякаваць Збаўцу. За момант ён ужо быў у стане спыніць свае лемантаваньні і крыху асушыць твар ад гарачых сьлёзаў. Ён узьняўся, перажагнаўся яшчэ раз, пацалаваў наапошку Камень Мірапамазаньня і акрылёны адыйшоў убок. І ўжо тую рэшту часу ў Храме Гасподнім ён пераканаўча адчуваў, што анёл-захавальнік распасьцер свае крылы над ім і ўжо не пакідаў яго ні на момант самотным.
ІV.
Сьведкі крыжовых жарсьцяў
«Аще веруеши, узриши славу Божію».
Надпіс на абразе Хрыста ў цярновым вянку на месцы ўзьняцьця крыжа
Усьлед за іншымі паломнікамі Ўсевалад Ціхановіч падаўся ўперад. Удзячлівым паглядам ён зацеміў зьлева ад Камня Мірапамазаньня мармуровую плітку, акратаваную каўпаком. Там некалі стаялі засмучаная Богамаці і сьв. Марыя Магдалена, іншыя жанчыны ды апостал Іван Багаслоў, калі Збавіцеля здымалі з крыжа. Над ёю заўсёды гарыць лямпада.
Пачалі падымацца справа па сходах у змроку, адно пры сьвятле ледзь тлеючых лампадаў, на скалу - месца ўкрыжаваньня Госпада. Наверсе невялікая царква з купалападобнай стольлю скрозь у абразах Хрыстовых пакутаў. Месца ўзьняцьця крыжа належыць да грэкаў, а месца прыбіваньня да крыжа да каталікоў. Абодвы маюць прастолы для Божай Літургіі. У лацінскім аўтары багатая мазаіка: над распасьцертым і прыбіваным да крыжа Божым Сынам стаіць жалобная Божая Маці. Справа ад аўтара ў сьцяне вакно ў каталіцкую царкву Засмучанай Божай Маці. Некалі тут былі дзьверы, праз якія ўвайшоў імпэратар Іраклі, босы, у вопратцы ціхмянага і з Жыватворным Дрэвам Крыжа Гасподняга пасьля таго, як апошні быў адабраны ад Пэрсаў.
Читать дальше