- І хіба-ж ужо ні цуда, што адно называнае ў дзяцінсцьве стаецца яваю на склоне жыцьця? - думаў і дзівіўся ўпотай Усевалад, адно адчуваючы, што нешта падобнае думаюць і адчуваюць іншыя, што панурыліся цяпер у свае ўспаміны і баяцца адно, каб нехта не скрануў іх з таго одуму.
Так незаўважна мінулі ў цемені колькі высокіх горных насыпаў. Ужо апоўначы раптам засьвяціліся ў далячыні агні вялікага места. Неўзабаве начны незнаёмы горад вітаў падарожных гулам машыннага руху, варухлівым натоўпам начных гулякаў. Неўзабаве гатэльныя службоўцы ў эўрапэйскіх гарнітурах, але з арабскімі аліўкавымі ад загару тварамі прымалі і разьмяркоўвалі прыбылых. Чулася нязвычайная, незнаёмая гаворка, шмат было беганіны і гармідару. Нарэшце ўсё ўспакоілася. Кажнага чакала ў пакоях стомлівая кароткая, адылі горача-ўдушлівая паўднёвая ноч. Ад узрушэньня вочы доўга не зьліпаліся. Аднак стома даканала свайго. Ніхто гэтак і не пабачыў, як золак прышоў на зьмену кароткай начы, а ўсьлед за ім пачулася звыклая для ўсходу муэдзінавая перад-ранішняя песьня-заклік да магамэтанаў, каб дбалі пра Бога. Кажны засынаў, трызьнячы пра прышлы дзень.
«Светися, светися, Новый Іерусалиме...»
З Вялікоднага Канону
І вось нечакана рана пакоі паломнікаў былі залітыя сьвятлом паўдзённага сьвяцілы і пачалося жыцьцё ў самым асяродку зямлі, да якой зьвярталіся і якой дыхалі заўсёды нашы сэрцы, калі згадваліся ў малітве боскія чыны нашага Збаўцы. Перш-наперш нашыя душы цягнуцца да Храму Жываноснага Гробу Гасподняга ў Ерусаліме. Гэта якраз самае запаветнае месца на Сьвятой Зямлі, дзе кажны камень апавяшчае бязьмежную любоў да нас Боскага Сына.
Мы ледзь ні подбегам мінаем Дамаскую Браму, што адлучае Стары Ерусалім ад Новага, праціскаемся сілком праз пярэсты натоўп гаманлівых арабаў, што суцэльным патокам запаўняюць вузенькія вулкі са сваім скарбам на осьліках, не зьвяртаем увагі на гандляроў, што чуць ні сілком стараюцца зацягнуць нас у свае крамы, паразьвешваўшы на вуліцах свае тканіны, кумпякі забітых бараноў, павыстаўляўшы тысячы мяшэчкаў крупаў, мукі, сушанае і сьвежае гародніны і садавіны. У нашай галаве адна думка, адзін намер - хутчэй дапяць тога запаветнага сэрца, дзе дзеля любові да нас грэшных адбылася тая тайная ахвяра Збавеньня.
І вось, пасьля здавалася-б бясконцага змаганьня і пераадоленьня гандлярскіх спакусаў меркантыльнага сьвету па дарозе, нарэшце мы каля Храму Жываноснае Дамавіны. Ён увесь у абыймах іншых царкоўных пабудоваў: Грэцкай Патрыярхіі, Лацінскага, Армянскага і Коптскага манастыроў. Дзеля таго яго ня відно здалёку. Пасьля землятрусу 1827 г. ангельскія інжынеры ўмацавалі яго жалезнымі і драўлянымі контрфорсамі. Ужо каторы год Храм у рыштаваньнях дзеля таго, што адбываецца рамонт. Дзень і ноч чуецца стук малаткоў: выпрабоўваецца кажны камень, каб уся пабудова не абвалілася ў крытычныя часіны землятрусаў, якія часам наведваюць гэты край. Усімі працамі кіруюць тры архітэктары: француз, грэк і армянін. Разам з тым праводзяцца раскопкі. Ужо дакапаліся аж да пластоў з часоў крыжаносцаў. А не так даўно ўжо дайшлі нават да фундаманту з часоў Царыцы Алены, г.зн. ІV стагодзьдзя.
Тут, дарэчы, будзе на часе прыгадаць крыху з гісторыі гэтага найвызначнейшага Храму ў сьвеце.
Пасьля разбурэньня Ерусаліму ў 70 годзе нашае эры аж 180 гадоў цягнулася зьнявага і ганьбаваньне з боку паганскіх рымлянаў. Язычнікі зьдзекваліся над помнікам Бесьсьмяротнасьці. Каб схаваць ад чалавечых вачэй Выратавальную Пячору Ўваскрошаньня, яны навезьлі адусюль зямлі і каменьняў, рознага сьмяцьця і засыпалі імі ўсю тэрыторыю Жарсьцяў Хрыстовых, пазьней забрукавалі каменьнямі. А Імпэратар Адрыян пабудаваў на Галгофе Храм Вэнэры, а на месцы Ўваскрошаньня Хрыстовага - Храм Юпітэру. З тых часоў Галгофа і ўвайшла ў межы гораду. І адно ўжо ў чацьвёртым стагодзьдзі тое месца было ачышчанае ад сьмяцьця аж да зямлі, паганскія пабудовы былі зруйнаваныя, і перад вачыма зноў адчынілася Выратавальная Пячора, сьведчаньне сьвятога ўваскрошаньня. На царскі загад быў пабудаваны варты яе Храм. Царыца Алена, дарма, што мела ўжо 80 гадоў веку, сама прыехала ў 326 годзе ў Ерусалім, каб кіраваць пошукамі крыжа Гасподняга. Па ейных плянах і будаваліся Хрысьціянскія Храмы па ўсёй Сьвятой Зямлі. Рэшты ейных Храмаў і на сяньня служаць маякамі і паказьнікамі дакладных месцаў Эвангельскіх падзеяў. Паводле ейных храмаў пазьней будавалі імпэратар Юстыніян, і крыжаносцы, і ўсе хрысьціянскія дойліды пазьнейшых стагодзьдзяў.
Читать дальше