Тут большы пачаў за сярэдняга хавацца, а сярэдні за меншага. Ад меншага ж адказу няма.
Выходзіць царэвіч Фёдар і кажа:
– Не хочацца нам у людзі царства аддаваць. Я паеду ў гэтае падарожжа. Прывязу я табе, цар-бацюхна, маладзільных яблыкаў ды жывой вады гарлач на дванаццаць гарлавін.
Пайшоў Фёдар-царэвіч на стайню. Выбірае ён сабе каня няезджанага, цугляе аброць няцугленую, бярэ бізун нехвастаны, кладзе дванаццаць папруг з папругаю – не дзеля прыгажосці, а дзеля трываласці… І адправіўся Фёдар-царэвіч у дарогу. Бачылі, што ён сядаў, ды не бачылі, у які бок паскакаў…
Ехаў ён ці блізка, ці далёка, ці нізка, ці высока, ехаў дзень да вечара – да сонейка захаду. І даязджае да ростані, да трох дарог. Ляжыць на ростані пліта-камень, на ёй надпіс высечаны:
«Направа паедзеш – сябе ратаваць, каня загубіць. Налева паедзеш – каня ратаваць, сябе загубіць. Наперад паедзеш – жанатым быць».
Падумаў Фёдар-царэвіч: «Паеду туды, дзе жанатым быць».
І паехаў па той дарозе, дзе жанатым быць. Ехаў, ехаў і даязджае да палаца пад залатой страхой. Тут выбягае прыгожая дзяўчына і кажа яму:
– Царскі сын, я цябе з сядла здыму, хадзем са мною хлеб-соль есці ды спаць-адпачываць.
– Не, дзяўчына, хлеба-солі я не хачу, а сном мне шлях не скараціць. Мне трэба далей ехаць.
– Царскі сын, не спяшайся ехаць, а спяшайся рабіць, што табе люба.
Тут прыгожая дзяўчына яго з сядла зняла ды ў палац павяла. Накарміла яго, напаіла і спаць на ложак паклала.
Толькі лёг Фёдар-царэвіч да сцяны, гэтая дзяўчына хуценька ложак павярнула, ён і паляцеў у склеп, у яму глыбокую.
Ці доўга, ці коратка – цар зноў збірае бяседу, кліча князёў ды баяраў і кажа ім:
– Вось, шаноўныя, хто б знайшоўся з ахвотнікаў – прывезці мне маладзільных яблыкаў ды жывой вады гарлач на дванаццаць гарлавін? Я б таму ганцу паўцарства адпісаў.
Тут зноў большы хаваецца за сярэдняга, сярэдні за меншага. Ад меншага ж адказу няма.
Выходзіць другі сын, Васіль-царэвіч:
– Бацюхна, не хочацца мне царства ў чужыя рукі аддаваць. Я выпраўлюся ў шлях, прывязу гэтыя рэчы для цябе.
Ідзе Васіль-царэвіч на стайню, выбірае сабе каня няезджанага, цугляе аброць няцугленую, бярэ бізун нехвастаны, кладзе дванаццаць папруг з папругаю.
Паехаў Васіль-царэвіч. Бачылі, як ён сядаў, а не бачылі ў які бок паскакаў… Вось і ён даязджае да ростані, дзе ляжыць пліта-камень, і бачыць:
«Направа паедзеш – сябе ратаваць, каня загубіць.
Налева паедзеш – каня ратаваць, сябе загубіць. Наперад паедзеш – жанатым быць».
Думаў, думаў Васіль-царэвіч і паехаў па дарозе, дзе жанатым быць. Даехаў да палаца з залатой страхой. Выбягае да яго прыгожая дзяўчына і просіць яго з’есці хлеба-солі ды легчы адпачываць.
– Царскі сын, не спяшайся ехаць, а спяшайся рабіць, што табе люба…
Тут яна яго з сядла зняла, у палац павяла, накарміла, напаіла і спаць паклала.
Толькі Васіль-царэвіч лёг да сцяны, яна зноў ложак павярнула, і той паляцеў у склеп.
А там пытаюцца:
– Хто ляціць?
– Васіль-царэвіч. А хто сядзіць?
– Фёдар-царэвіч.
– Вось, браце, трапілі!
Ці доўга, ці коратка – трэці раз збірае цар бяседу, кліча князёў ды баяраў:
– Хто б знайшоўся з ахвотнікаў прывезці маладзільных яблыкаў ды жывой вады гарлач на дванаццаць гарлавін? Я б таму ганцу паўцарства адпісаў.
Тут зноў большы хаваецца за сярэдняга, а сярэдні за меншага. Ад меншага ж адказу няма.
Выходзіць Іван-царэвіч ды й кажа:
– Дай мне, бацюхна, блаславенне, ад буянай галавы да шпаркіх ног, ехаць у трыдзясятае царства – прывезці табе маладзільных яблыкаў і жывой вады, ды пашукаць яшчэ маіх братоў.
Даў яму цар блаславенне. Пайшоў Іван-царэвіч на стайню – выбраць сабе каня па розуме. На якога ні зірне, той дрыжыць; на якога руку ні пакладзе – той з ног валіцца…
Не мог выбраць Іван-царэвіч каня па розуме. Ідзе павесіўшы буяную галаву. Насустрач яму бабулька, што на падворку царскім жыве.
– Дзень добры, дзіцятка, Іван-царэвіч! Чаго ходзіш журботны-засмучаны?
– Як жа ж мне, бабулька, не журыцца – не магу знайсці каня па розуме.
– А ты б у мяне папытаў. Добры конь даўно стаіць закаваны ў склепе, на ланцугу жалезным. Зможаш яго ўзяць – будзе табе конь па розуме.
Прыходзіць Іван-царэвіч да склепа, пхнуў пліту жалезную, звярнулася пліта са склепа. Заскочыў ён да добрага каня, стаў яму конь сваімі пярэднімі нагамі на плечы.
Стаіць Іван-царэвіч – не зварухнецца. Парваў конь жалезны ланцуг, выскачыў са склепа і Івана-царэвіча выцягнуў. І тут яго Іван-царэвіч зацугляў аброццю няцугленаю, асядлаў сядзельцам няезджаным, паклаў дванаццаць папруг з папругаю – не дзеля прыгажосці, дзеля славы маладзецкай.
Читать дальше