Выправіўся Іван-царэвіч у дарогу. Бачылі, што ён сядаў, а не бачылі, у які бок паскакаў… Даехаў ён да ростані і падумаў:
«Направа ехаць – каня загубіць, куды мне без каня? Наперад ехаць – жанатым быць – не дзеля таго я ў шлях выправіўся. Налева ехаць – каня выратаваць – гэтая дарога самая лепшая для мяне».
І збочыў Іван на тую дарогу, дзе каня выратаваць – сябе загубіць. Ехаў ён ці доўга, ці каротка, ці нізка, ці высока, па зялёных паплавах, па каменных гарах, ехаў дзень да вечара – да сонейка захаду, – і прыехаў да нейкай хаткі.
Стаіць хатка на курынай ножцы, з адным акенцам.
– Хатка, хатка, павярніся да лесу задам, да мяне перадам! Як мне ў цябе зайсці, так і выйсці.
Хатка павярнулася да лесу задам, да Івана-царэвіча перадам! Зайшоў той у яе, а там сядзіць Баба Яга, старая. Шаўковую кудзелю прадзе, а ніткі праз грады кідае.
– Цьфу, цьфу! – кажа. – То рускага духу не чуваць, не відаць, а сёння рускі дух сам прыйшоў.
А Іван-царэвіч ёй:
– Ах ты, Баба Яга, касцяная нага, не злавіўшы птушку – скубеш, не пазнаўшы малайца – няславіш. Ты б цяпер выбегла да мяне, добрага малайца, падарожнага чалавека, накарміла, напаіла і на ноч пасцель падрыхтавала. Я б лёг, ты б села ў галавах, пачала б распытваць, а я б распавёў – чый ды адкуль.
Вось Баба Яга гэта ўсё зрабіла – Івана-царэвіча накарміла, напаіла і да ложка падвяла. Села ў галавах і пачала распытваць:
– Чый ты, падарожны чалавек, добры малойца, ды адкуль? Якіх ты земляў? Якіх бацькі, маці сын?
– Я, бабуля, з такога царства, з такога гаспадарства. Я цароў сын – Іван-царэвіч. Еду за трыдзевяць зямель, за трыдзевяць азёр, у трыдзясятае царства па жывую ваду і маладзільныя яблыкі.
– Ну, дзіцятка маё мілае, далёка ж табе ехаць: жывая вада і маладзільныя яблыкі – у магутнай волаткі, дзяўчынкі Сінявочкі, яна мне родная пляменніца. Не ведаю, ці атрымаеш ты згоду…
– А ты, бабуля, дай сваю галаву маім магутным плячам, падзяліся розумам.
– Шмат малойцаў праязджала, ды не шмат ветліва размаўляла. Вазьмі, дзіцятка, майго каня. Мой конь будзе жвавейшы, давязе ён цябе да маёй сярэдняй сястры, яна цябе навучыць.
Іван-царэвіч устаў на досвітку раненька, памыўся беленька. Падзякаваў Бабе Язе за начлег і паехаў на яе кані.
Раптам ён і кажа каню:
– Стой! Пальчатку згубіў.
А конь адказвае:
– Калі ж ты сказаў, я ўжо дзвесце вёрст праскакаў…
Едзе Іван-царэвіч ці блізка, ці далёка. Дзень на ноч паварочваецца. І пабачыў ён наперадзе хатку на курынай ножцы, з адным акенцам.
– Хатка, хатка, павярніся да лесу задам, да мяне перадам! Як мне ў цябе зайсці, так і выйсці.
Хатка павярнулася да лесу задам, да яго перадам. Раптам пачулася – конь заіржаў, і конь пад Іванам-царэвічам адгукнуўся.
Коні ж былі з аднаго табуна. Пачула гэта Баба Яга – яшчэ старэйшая за тую – і кажа:
– Прыехала да мяне, відаць, сястрыца ў госці.
І выходзіць на ганак:
– Цьфу, цьфу, то рускага духу не чуваць, не відаць, а сёння рускі дух сам прыйшоў.
А Іван-царэвіч ёй:
– Ах ты, Баба Яга, сустракай госця па вопратцы, праводзь па розуме. Ты б майго каня ўзяла, мяне б, добрага малайца, падарожнага чалавека, накарміла, напаіла ды спаць паклала…
Баба Яга гэта ўсё зрабіла – каня ўзяла, а Івана-царэвіча накарміла, напаіла, у ложак паклала і пачала распытваць, хто ён і куды накіроўваецца.
– Я, бабуля, з такога царства, з такога гаспадарства, цароў сын Іван-царэвіч. Еду па жывую ваду і маладзільныя яблыкі да магутнай волаткі, дзяўчыны Сінявочкі…
– Ну, дзіцятка мілае, не ведаю, ці атрымаеш ты згоду. Няпроста, няпроста дабрацца да дзяўчыны Сінявочкі!
– А ты, бабуля, дай сваю галаву маім магутным плячам, падзяліся розумам.
– Шмат малойцоў праязджала, ды не шмат ветліва размаўляла. Вазьмі, дзіцятка, майго каня, едзь да маёй старэйшай сястры. Яна лепей за мяне навучыць, што рабіць.
Вось Іван-царэвіч пераначаваў у гэтай старой, устаў на досвітку раненька, памыўся беленька. Падзякаваў Бабе Язе за начлег і паехаў на яе кані.
А гэты конь яшчэ спраўнейшы за таго.
Раптам Іван-царэвіч кажа:
– Стой! Пальчатку згубіў.
А конь адказвае:
– Калі ж ты сказаў, я ўжо трыста вёрст праскакаў…
Не хутка справа робіцца, хутка казка расказваецца. Едзе Іван-царэвіч дзень да вечара – да сонейка захаду. Выязджае – да хаткі на курынай ножцы, з адным акенцам.
– Хатка, хатка, павярніся да лесу задам, да мяне перадам! Мне не век векаваць, адну ночку пераначаваць.
Раптам заіржаў конь, і пад Іванам-царэвічам конь адгукнуўся. Выходзіць на ганак Баба Яга, вялікага веку, яшчэ старэйшая за тую. Паглядзела – конь яе сястры, а вершнік чужаземны, малойца прыгожы…
Читать дальше